ПАКІНУЦЬ СЛЕД НА ЗЯМЛІ …
Адкуль пачынаецца Радзіма? “Адсюль. З роднай зямліцы, ад мазалёвых рук хлебаробаў”, – ціха шэпчуць каласы паспяваючай пшаніцы, якія ўжо важка хіляцца долу. І плыве над бяскрайнім хвалістым морам збажыны непаўторны водар хлеба, які ні з чым не параўнаць, не зблытаць…
Вось ужо 13 гадоў, як узяла на сябе абавязак аб развіцці КСВК “Калгас імя Леніна”, жыцці калгаснікаў ды і ўсяго мясцовага насельніцтва Раіса Міхайлаўна БАРЫСЁНАК, адзіная жанчына-старшыня праўлення калгаса на Клічаўшчыне. Тады, у пачатку 80-х, яе ўласны лёс зрабіў круты віраж. Муж працаваў вадзіцелем у калгасе імя Леніна, тут жа маладая сям’я атрымала жыллё. Вось і яна, учарашняя медыцынская сястра, змяніла “белы халат” на абавязкі падлікоўцы машынна-трактарнага парка. Трагедыі з таго не рабіла, родам жа з вёскі, разважыла , “што ні робіцца – да лепшага”. Атрымалася так, як і павінна было быць. Вядома, без уласных намаганняў, актыўнай пазіцыі, нават у самай выйгрышнай сітуацыі нічога не атрымаецца. Яна праявіла характар, настойлівасць, даказала, у першую чаргу сабе, што выбар правільны: яна на сваім месцы. Другую, ужо вышэйшую адукацыю, атрымала ў прэстыжнай ВНУ – Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі імя В. В. Куйбышава. Аддавала ўсю сябе працы. Прызнаецца, што ніколі не думала аб сабе, доме. Вялізнае дзякуй мужу, Мікалаю Андрэевічу, які цягнуў на сабе і малых дзяцей, і добрую частку сямейных спраў.
Яна прайшла ў калгасе ўсе ступенькі кар’ернай лесвіцы, “вырасла” да старшага бухгалтара, эканаміста, намесніка старшыні праўлення. На практыцы прайшла школу гаспадарання, унікала ў працэсы і праблемы, дасканала ведае, у чым соль працы і жыцця земляроба.
… Перабудова, ліхія 90-я, час агульнага заняпаду. Для гаспадаркі прыйшлі, мякка кажучы, не лепшыя часы, з лідзіруючых пазіцый у раёне яна апусцілася на апошнія месцы. Якраз тады і прапанавалі ёй узначаліць гаспадарку, выручыць хоць часова. Яна пагадзілася: хто ж, калі не я? Патрэбна было ўзяць на сябе адказнасць за лёс калгаса і людзей. Гэта было смелае рашэнне, і яна, жанчына, змагла.
Аб тым часе нават узгадваць цяжка, бо праблема была не толькі ў заняпадзе прадпрыемства – востра не хапала надзейных кадраў. У сваю першую вясну старшынёўства ёй прыходзі-лася туга. Яна сама павінна была вырашаць, як і чым лячыць карову або рамантаваць трактар да пасяўной. Але яе выручалі, накіроўвалі людзі, якія з душой ставіліся да справы, яна адчувала іх дзейсную падтрымку. Людзі для Раісы Міхайлаўны і раней, і цяпер – галоўная каштоўнасць, аснова ўсяго. Ужо створаны надзейны падмурак вытворчасці, дасягнута стабільнасць развіцця. У яе ёсць талковыя, сумленныя спецыялісты ўсіх сельскагаспадарчых спецыяльнасцей, згуртаваная каманда аднадумцаў. Ёсць кадры механізатараў, сталыя – вопытам бяруць, маладыя – адукаванасцю, азартам, дзёрзкасцю, горы звернуць, ад цямна да цямна шчыруюць, умеюць і рабіць, і зарабляць. Так, на старшыню калгаснікі не ў крыўдзе. Напрыклад, даяркі на новай МТФ за май гэтага года па 9 мільёнаў рублёў зарабілі. Сярэдняя ж зарплата па гаспадарцы за 5 месяцаў склала крыху больш як 4,6 мільёна рублёў. Сёння ўжо ёсць чарга на працу ў калгас, напрыклад жывёлаводаў. Тут ужо могуць сабе дазволіць кадры выбіраць. А была некалі праблема, якая раз’ядала, нібы ржа, дэстабі-лізавала калектыў – п’янства. Колькі прыйшлося старшыні з ёй змагацца, каб пераламаць сітуацыю. Было, што і кадзіравалі людзей, рабочых жа рук не хапала.
Няма таго больш – гэтай перамозе над свядомасцю людзей старшыня рада, мо больш чым якой. Іншы ўжо менталітэт у тутэйшых жыхароў, узровень жыцця, вобраз мыслення. Па Дзяржаўнай праграме развіцця сяла ўзведзена сучаснае жыллё – дзясяткі добраўпарадкаваных, рознакаляровых дамоў. Ёсць сярэдняя школа-сад, установы культуры, гандлю, медыцыны, сувязі і іншых сфер. Радуе, што большае малышоў, першакласнікаў. Значыць, жыве вёска! Умовы створаны: працуй, займайся любімай справай, выхоўвай дзяцей, унукаў, радуйся жыццю.
– Доўгі час у мяне ў душы жыла адна патрэба, я проста была павінна яе рэалізаваць, – шчыра дзеліцца Раіса Міхайлаўна. – Некалі ў лепшыя часы ў кабінеце старшыні праўлення калгаса з года ў год стаяў Ганаровы пераходны сцяг райвыканкама. І мне проста неабходна было яго сюды вярнуць, як сімвал поспеху, заможнасці мясцовага краю і яго людзей, як пацвяр-джэнне, што мы таго вартыя. Удалося. Двойчы, па выніках 2013, 2014 гадоў, КСВК “Калгас імя Леніна” – лідар у раёне па вытворчасці малака. Гэта агульны поспех і заслуга ўсяго нашага калектыву. Будзем рухацца наперад.
Я ўсё планамерна пралічваю, думаю аб “плюсіках”, каб раслі надоі, прывагі, важкім быў намалот, каб рос дабрабыт калгаснікаў. А ўвогуле, мне проста пашанцавала, бо ў нас, у Бацэвічах, добрыя людзі жывуць. Данясі да іх усё правільна, яны павераць. Важней за лю-дзей нічога няма.
І сапраўды, благаславёна бацэвіцкая зямля. Зусім хутка над прасторамі разальецца малінавы спеў званоў царквы святых апосталаў Пятра і Паўла. Будуюць яе ўсім мірам, на ахвяраванні мясцовага насельніцтва, прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці. Значны ўклад у гэту справу і калектыву КСВК “Калгас імя Леніна”, асабіста Раісы Міхайлаўны, і як старшыні праўлення, і як хрысціянкі.
Так, за трыццаць гадоў сталі роднымі і само паселішча, і людзі, якія тут жывуць, працуюць. Бо тут уласная сям’я, раслі, вучыліся дзеці, цяпер меншы ў сям’і Барысёнкаў, унучык Мацвейка, падрастае.
У вёсцы кожны як на далоні. Раіса Міхайлаўна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у землякоў, жыхароў раёна. Не аднаразова яна выбіралася дэпутатам сельскага, раённага Саветаў дэпутатаў, была дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў 26 склікання. Вось і зараз яна – дэпутат раённага Савета дэпутатаў 27 склікання. Гэта пацвяр-джэнне даверу людзей.
Нядаўна ў яе жыцці адбылася яшчэ надзвычай важная і хвалюючая па-дзея. Раісе Міхайлаўне Барысёнак, старшыні праўлення КСВК “Калгас імя Леніна”, за шматгадовую добрасумленную працу ў сельскагаспадарчай галіне, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, вялікі асабісты ўклад у развіццё раёна прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Клічаўскага раёна”.
… Ліпень. Макушка лета. Яшчэ пройдзе крыху часу і пальецца ў бункер камбайнаў, у кузавы машын залаты паток збожжа. А пакуль самы час па-гаспадарску ўсё ўзважыць. Абыходзіць свае хлебныя ўладанні старшыня і радуецца сэрца: “Будзем з хлебам! Будзе дабрабыт гаспадаркі, людзей, нашай суверэннай Беларусі”. Мудра ж сказана: “Чым паўней жытнёвы колас, тым мацнейшы наш голас”.
Ніна ІЗОХ.
Фота аўтара.