У Мінску завяршыла работу XVІ міжнародная спецыялізаваная выстаўка “Лесдрэўтэх-2015”, якая праходзіла ў Нацыянальным выставачным цэнтры “Белэкспа”. Удзел у ёй прымалі больш як 50 арганізацый і кампаній, якія спецыялізуюцца на вырошчванні і нарыхтоўцы лесу, зборы і перапрацоўцы адходаў драўніны, вытворчасці і пастаўцы абсталявання і тэхнікі для прадпрыемстваў ляснога комплексу.
Выстаўку наведалі афіцыйныя дэлегацыі, якія ўзначалілі кіраўнікі лясных ведамстваў Расіі, прадстаўнікі навукова-даследчых інстытутаў, якія займаюцца пытаннямі лясной гаспадаркі, і розных лясных кампаній з Эстоніі, Літвы, Латвіі і іншых краін.
Удзел у рабоце выстаўкі прымала і дэлегацыя ДЛГУ “Клічаўскі лясгас”, у склад якой уваходзілі галоўныя спецыялісты і работнікі прадпрыемства.
У ходзе дзелавой праграмы выстаўкі прайшла і міжнародная канферэнцыя “Інвестыцыі і інавацыі ў лясную галіну Беларусі”.
На выстаўцы былі прадстаўлены тэхналогіі і абсталяванне для лесапасадак, абсталяванне і інструменты для лесанарыхтовак, лесанарыхтоўчая і транспарціровачная тэхніка, дарожна-будаўнічая тэхніка, спецінструмент, вопратка, экіпіроўка для работнікаў лясной гаспадаркі, абсталяванне для драўніннага гранулявання, вытворчасці паліўных брыкетаў, пелет; катлы, газагенератары, сістэмы ацяплення, станкі і інструменты для пярвічнай і паглыбленай апрацоўкі драўніны, сушыльнае абсталяванне.
Праграма выстаўкі была разнастайнай і насычанай. Напрыклад, нямала гледачоў сабраў конкурс прафесійнага майстэрства вальшчыкаў лесу і машыністаў-аператараў фарвардэраў на відовішчных праграмах “Тимбер-шоу” і “Форвардер-шоу”. У конкурсе прафесійнага майстэрства вальшчыкаў лесу выступіў і вальшчык Віркаўскага лясніцтва Канстанцін Аляксандравіч Бяржанін. А галоўны ляснічы лясгаса Алег Валер’евіч Селіх быў запрошаны ў члены журы гэтага конкурсу.
У конкурсе “Лепшы аператар гідраманіпулятара-2015” выступіў Уладзімір Віктаравіч Мазін, вадзіцель аўтамабіля па вывазцы лесу Доўгаўскага вопытна-вытворчага лясніцтва.
У рамках правядзення выстаўкі ААТ “Мінскі аўтамабільны завод” арганізавала для механікаў лясгасаў і ДВЛГА наведванне завода з паказам вытворчасці і новых узораў лесавозаў.
Традыцыйна ў рамках выстаўкі працаваў кірмаш-продаж лясной прадукцыі. На сваіх пляцоўках арганізацыі-экспаненты дэманстравалі зрубы дамоў, лазняў, альтанкі, садовую мэблю, дэкаратыўную агароджу з драўніны, а таксама вялікі асартымент пасадачнага матэрыялу з лясных гадавальнікаў, тавары народнага спажывання з драўніны і многае іншае. ДЛГУ “Клічаўскі лясгас” прадставіла на сваёй пляцоўцы струганы паганаж, блокі машчэння, макеты млыноў.
Аляксандр СЭКА,
інжынер ДЛГУ “Клічаўскі лясгас”,
удзельнік выстаўкі “Лесдрэўтэх–2015”.
На здымку: прадукцыя ДЛГУ «Клічаўскі лясгас», прадстаўленая ў час выстаўкі.