Раённы цэнтр сацыяльнага абслугоў-вання насельніцтва на мінулым тыдні прымаў гасцей: маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі з горада Бабруйска, Асіповіцкага і Кіраўскага раёнаў.
З самага ранку супрацоўнікі цэнтра рыхтаваліся да прыёму гасцей, упрыгожвалі тэрыторыю і будынак паветранымі шарамі, заварвалі травяную гарбату, ладзілі чайную гасцёўню. На мерапрыемства “Людзям памяць патрэбна, каб зямлю уратаваць ад бяды”, прысвечанае 70-годдзю Вялікай Перамогі, запрасілі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Я. Г. Гурбо і М. С. Ступеня.
Сустрэліся з удзельнікамі свята і прывіталі іх Г. П. Данілкіна, намеснік старшыні райвыканкама, Н. У. Грашылава, начальнік упраўлення па працы, занятасці, сацыяльнай абароне райвыканкама, протаіерэй Сергій, настаяцель Свята-Дабравешчанскай царквы, М. С. Крок, галоўны спецыяліст камітэта па працы, занятасці, сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама, А.П. Ярошка, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, А. У. Заблоцкі, дырэктар РЦСАН.
Гаспадары і госці да сустрэчы падрыхтаваліся грунтоўна. Яны выдатна адказвалі на пытанні па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, пранікнёна і ўдумліва чыталі вершы, задорна спявалі песні, цікава расказвалі аб сваіх родных, якія былі ўдзельнікамі вайны, пра помнікі і мемарыялы свайго рэгіёна. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць усіх, хто загінуў і памёр ад ран на вайне.
Нашы госці атрымалі шмат эмоцый і былі ў захапленні ад наведвання раённага краязнаўчага музея і мемарыяльнага комплексу “Усакіна”. Да помнікаў на месцы спаленых вёсак Вязень і Сялец, да мемарыяла ўсклалі кветкі і вянок. Супрацоўнікі ўстаноў культуры прапанавалі ўвазе гасцей рэканструкцыю падзей і падарылі магчымасць дакрануцца розумам і сэрцам да той эпохі.
Уражаннямі падзяліліся
Алена Курганава:
– Для мяне жыццё спынілася ў 25. Я вучуся жыць у новых умовах. Гэта вельмі не проста. Вось і яшчэ адзін дзень у маім жыцці выдаўся яркім і насычаным. У мяне не хапае слоў, каб перадаць тыя эмоцыі, што перапаўняюць маю душу пасля сустрэчы з сябрамі, наведвання музея і мемарыяльнага комплексу “Усакіна”. Вялікі дзякуй усім.
Марыя Сцяпанаўна Крок:
– Мне вельмі спадабалася сёняшняе мерапрыемства. З самага ранку, не гледзячы на пахмурны дзень, я адчуваю мора сонечнага святла, якое “выпраменьваюць” гэтыя людзі і ўсе, хто апынуўся побач з імі. Людзі, якія сёння з’ехаліся ў ваш раён, па тых або іншых прычынах маюць абмежаваныя магчымасці, але неабмежаваную волю, любоў да жыцця і да людзей, імкненне да ведаў.
Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў нашым грамадстве вельмі важная. Мне падабаецца, як у вашым раёне арганізавана работа па героіка-патрыятычным выхаванні. Вам удалося ненавязліва і вельмі тонка закрануць самыя патаемныя струны душы і абудзіць гонар за нашу Радзіму, пранікнуцца ўдзячнай памяццю да ўсіх, хто не дажыў да светлага Дня Перамогі, і хто ўзняў з руін і попелу нашы гарады і вёскі.
Валянціна Макараўна Русецкая, спецыяліст па гуртковай рабоце, Кіраўскі раён:
– Вельмі прыгожае і змястоўнае свята атрымалася сёння. На высокім узроўні арганізацыйныя моманты, вельмі карыснае і пазнавальнае мерапрыемства. Мне і ўсім нашым падапечным вельмі прыемна было пабываць у вашым раёне, а атрыманыя за дзень эмоцыі будуць спрыяць і натхняць нас на плённую працу і сяброўства. Для нашых выхаванцаў вельмі важна бываць на такіх сустрэчах, у іх ужо склаліся сяброўскія ўзаемаадносіны. Мы даведаліся шмат новага аб вайне, і на свае вочы пабачылі вашы знакамітыя партызанскія лясы, надыхаліся гаючым водарам яго паветра.
– Нашу ўстанову наведваюць людзі з рознымі захворваннямі, з розным інтэлектуальным узроўнем і рознай адаптаванасцю ў грамадстве, – далучылася да размовы Святлана Ліхачова, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў. – І мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто падтрымаў нас не толькі словам, але і справай. Разам мы дапамагаем людзям з абмежаванымі магчымасцямі пераадолець псіхалагічны бар’ер, пазбавіцца ад негатыўных стэрэатыпаў. Сацыяльнай рэабілітацыі ў значнай ступені спрыяюць сустрэчы, якія даюць магчымасць людзям з асаблівасцямі ў развіцці адчуць сябе духоўна багатымі асобамі і знайсці новых сяброў.
Арганізатары мерапрыемства і ўсе прысутныя вельмі ўдзячныя ўдзельнікам тэатральнай групы “Расінка”Цэнтра дадатковай адукацыі Аліне Радзюкевіч, Насці Прасняк, Антону Сэку і іх педагогу Алене Акуліч за істотную дапамогу ў арганізацыі і правядзенні інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”; Веры Кушнер за музычнае суправа-джэнне, Вользе Завадскай за выкананыя песні, Аляксею Няволіну за мультымедыйнае суправаджэнне. Вялікі дзякуй за фундатарскую і аказаную матэрыяльную дапамогу ў правядзенні рэгіянальнай сустрэчы людзей з абмежаванымі магчымасцямі праўленню КСВК “Калгас імя Леніна” (старшыня Р. М. Барысёнак), індывідуальным прадпрымальнікам Уладзіміру Жукаву, Але Сямёнавай, братам Паддубскім.
Аліна Суднік.