
Злёт юных лесаводаў Магілёўскай вобласці прайшоў 20 мая на базе ДЛГУ “Магілёўскі лясгас”. Гэта традыцыйнае мера-прыемства, якое праводзіцца з мэтай прафесійнай арыентацыі школьнікаў, прыцягнення ўвагі дзяцей і падлеткаў да праблем захавання біяразнастайнасці лесу, развіцця навыкаў доследнай справы.
Сёлета яго ўдзельнікамі сталі 14 камандаў са школьных лясніцтваў вобласці і іх кіраўнікі, усяго 126 чалавек. Наш раён на злёце прадстаўляла каманда навучэнцаў ДУА “СШ № 2 імя Піліпа Кавалёва горада Клічава ” пад кіраўніцтвам настаўніка біялогіі Наталлі Аляксееўны Кніга.
Адкрыццё, падвядзенне вы-нікаў і ўзнагароджванне пераможцаў злёту праходзіла ў Магілёўскім дзяржаўным прафесійным агралесатэхнічным каледжы імя К.П. Арлоўскага.
У час мерапрыемства прайшлі сустрэчы са спецыялістамі лясной гаспадаркі, адбыўся абмен вопытам работы школьных лясніцтваў, выстаўка інфармацыйных матэрыялаў аб іх рабоце і іншае.
Асноўным жа быў конкурс юных лесаводаў, які праходзіў у лясных кварталах Чамяранскага лясніцтва. Ён патрабаваў ад удзельнікаў кампетэнтнасці ў самых розных пытаннях, бо праду-гледжваў шэсць этапаў: батанічны і дэндралагічны, лесаводаў і таксатараў, заолагаў, лесапатолагаў, юных рабінзонаў (выжыванне ў лесе), экалогія лесу. Заданні былі даволі складаныя. Напрыклад, патрэбна было вызначыць віды дрэў, кустоўя, траў па марфалагічных прыметах, па насенні, звяроў – па малюнках іх слядоў, птушак – па іх галасах у запісе; назначыць дрэвы ў рубку пры рубках догляду, вызначыць накірункі з дапамогай компасу і бусолі; ведаць лекавыя расліны лесу і іх прымяненне, шкоднікаў і хваробы дрэў і кустоўя, як іх лячыць і многае іншае.
Юныя лесаводы з Клічава практычна з кожным тэарэтычным і практычным заданнем справіліся бліскуча! Амаль на кожнай станцыі набіралі максімальную колькасць балаў. Вынік – 1-е агульнакаманднае месца.
У складзе каманды выступалі: Сяргей Сэка (8 клас), Крысціна Сазанавец (9 “Б”), Дар’я Сукора і Дзмітрый Пазняк, вучні 10 класа. Узнагарода пераможцам – дыпломы 1-й ступені ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і Магілёўскага ДВЛГА, а яшчэ каштоўны падарунак – планшэтны камп’ютар, які каманда вырашыла ўручыць сваёй школе ў Дзень гонару школы.
Юныя лесаводы СШ №2, як пераможцы абласнога злёту, будуць адстойваць гонар Магілёўшчыны на рэспубліканскім злёце, які адбудзецца ў пачатку чэрвеня.
Віншуем з важкай перамогай і жадаем новых поспехаў!
Наталля Аляксеўна КНІГА:
– У папярэднім абласным злёце 2013 года каманда юных лесаводаў з нашай школы была ў ліку прызёраў, тады заняла прызавое, трэцяе месца. А зараз нашы вучні сталі пераможцамі. Радуе, што дзеці прадэманстравалі высокі ўзровень тэарэтычных і практычных ведаў. Хочацца выказаць шчырую ўдзячнасць кіраўніцтву ДЛГУ “Клічаўскі лясгас” за арганізацыю нашай паездкі на злёт, а таксама за дзейсную дапамогу ў падрыхтоўцы каманды спецыялістамі прадпрыемства. Практычныя заняткі ў лесе з вучнямі праводзілі памочнік ляснічага Клічаўскага лясніцтва Уладзімір Міхайлавіч Русецкі і інжынер-лесапатолаг Надзея Аляксандраўна Баркова. Яны навучылі дзяцей чытаць лес як кнігу, далі ім пэўныя прафесійныя веды і навыкі, падзяліліся сваёй любоўю да зялёнага сябра. Надзея Аляксандраўна суправаджала нас і на злёце.
Супрацоўніцтва школы і лясгаса — пастаяннае. Хутка на базе школы адкрыецца працоўны лагер і нашы дзеці будуць працаваць на пастаянным лясным гадавальніку, у дэндрапарку лясгаса. Магчыма, прафесія лесавода для некаторых з іх стане прызваннем.
Ніна ІЗОХ.