Темы

МАЗАІКА ПРАЦОЎНЫХ БУДНЯЎ, СКЛАДЗЕНАЯ З БОЛЮ, КРЫВІ, ВЫПРАБАВАННЯЎ, – У ІМЯ ЗДАРОЎЯ І ЖЫЦЦЯ

Шмат  розных  дарог  выпадае  нам  на жыццёвым  шляху.  Імгненна,  з  хуткасцю  ветру  праносімся  мы  па  імклівых  сцежках  бесклапотнага  дзяцінства,  па  раздольных  трактах  летуценнага  юнацтва,  і  толькі  на  пакручастых,  часам  з  хібамі  і  перападамі,  пуцявінах  сталага  жыцця  крыху  запавольваемся.
Сярод  мноства  жыццёвых  дарог, дадзеных    нам  на  выбар,  кожны  чалавек сам  выбірае свой шлях  і  ў прафесіі,  і  ў асабістым  жыцці.
Па  якіх  дарогах  крочыць    Валерый  Пятровіч  БУСЕЛ?   Ды  па  самых  звычайных.  Ён  нарадзіўся  і  вырас  у  нашым  раёне.  Да  гэтага  часу  лічыць  за  шчасце  пракаціцца  на  сваім  аўтамабілі  па  ціхіх,  амаль  бязлюдных  вуліцах  роднай  Нясяты,  спыніцца  ў  зацішку  і  палюбавацца  мілым  сэрцу  наваколлем,  надыхацца  водарам  гаючага  вясковага  паветра  і  наталіць  душу  прыемнымі,  толькі  яму  вядомымі  ўспамінамі  каля  дома  на  вуліцы  Камсамольскай,  назапасіцца  непараўнальнай  энергетыкай  малой  радзімы,  а  потым  з  новымі  сіламі  аддацца  любімай  справе.  А  справа,  якой  прысвяціў  жыццё,  не  толькі  корміць  і  сілкуе,  але  і  дае  натхненне,  без  якога  немагчыма  адчуваць  сябе  па-сапраўднаму  шчаслівым  чалавекам.
На  выбар  прафесіі  аказала  ўплыў  дзядзькава  жонка,  Ангеліна  Іванаўна.  Яна   заўважыла  ў  юнака  здольнасці  да  аналітычнага  мыслення,  а  кінуўшы  позірк  на  рукі,  адразу  зразумела,  што  ў  далейшым  іх  назавуць  “залатымі”  і  параіла  паступаць  у  медыцынскі  інстытут.  Валерый  Пятровіч  удзячны  ёй  і  за  тую  падказку,  і  за  веру  ў  яго  магчымасці.
Калі  яшчэ  студэнтам  упершыню  пераступіў  парог  аперацыйнай,  адразу  зразумеў,  што  менавіта  хірургія  стане  сэнсам  жыцця.  Ён  не  проста  выдатны  хірург,  загадчык  аддзялення  экстранай  хірургіі  Бабруйскай  цэнтральнай  бальніцы,  ён –  выдатнік  аховы  здароўя  Рэспублікі  Беларусь,  “Чалавек  года – 2007  Магілёўскай  вобласці”.  Аперыруе  хворых  ужо  больш  за 40  гадоў.
Пацыенты  лічаць  за  шчасце  трапіць  “пад  нож”  самаго  доктара  Бусла. Калегі  цэняць  і  паважаюць  за  высокі  прафесіяналізм,  сумленнасць,  стрыманасць  і  паважлівыя  адносіны.  А    яшчэ  наш    зямляк  валодае такімі  цудоўнымі якасцямі, як інтэлігентнасць, глыбокая ўнутраная  культура і прыстойнасць.
Цікава,  колькі  аперацый  выканана  яго  гаючымі  і  ўмелымі  рукамі?  Аказваецца,  спецыяльнага  падліку  ніхто  не  вядзе.
– У  сярэднім  за  год  400,  а  то  і  450  аперацый  праводжу, – дзеліцца  Валерый  Пятровіч, –   памножце  на  40  гадоў  і  атрымаецца  прыкладная  колькасць  аперацыйных  умяшальніцтваў  у  чалавечы  арганізм.
Лёгка  сказаць,  але  нават  цяжка  падлічыць,  а  тым  больш  уявіць,  колькі  гадзін  праведзена  ў  строгай,  стэрыльнай  аперацыйнай,  дзе  ўсё,  ад  начышчанай  да  бляску  кафельнай  пліткі,  халоднага  ззяння  нікелірованага  хірургічнага  століка  з  мноствам  самых  розных  інструментаў,  белізны  прасцінаў,  прыбораў  кантролю  і  нават  спецыяльнай  безценевай  лямпы, мае  сваё  месца,  сэнс  і  значэнне.
“…Скальпель,  зажым,  тампон,  ранарасшыральнік…” – ціха,  без  лішніх  эмоцый  гучыць  мяккі,  прыемнага  тэмбру  голас  Валерыя  Пятро-віча,  а  ў  галаве  ўжо  складзены  план  аперацыі,  і  рукі  ўпэўнена,  крок  за  крокам,  выконваюць  каманды  мозгу.
– Кожны  раз,  калі  ўрач  ускрывае  плоць  ці  з  дапамогай  найноўшых  электронных  прыбораў  пранікае  ў  глыб  арганізма,  ён,  канешне ж,  рызыкуе,  – прызнаецца  наш  герой  і  пераканаўча  сцвярджае,  што  без  рызыкі  немагчымы  поспех  у  выратаванні  самай  найвялікшай  на  зямлі  каштоўнасці – жыцця  чалавека.
– Якімі  рысамі  павінен  валодаць  сучасны  хірург?
– Як  і  ў  любой  справе,  неабходна  быць  высокакваліфікаваным  прафесіяналам.  Мець  трывалыя  веды,  умець  стрымліваць  эмоцыі,  умець  думаць,  рызыкаваць  і  прымаць  рашэнні. Не  менш  важна,  хутка  і  дакладна  дзейнічаць  у  кожным  канкрэтным  выпадку.   Яшчэ  вельмі  важная  рыса – схільнасць  да  самаадукацыі  і  фактычна  бесперапынная практыка,  бо  хірург  як  толькі  перастае  аперыраваць,  адразу  губляе  кваліфікацыю.
– А  спачуванне,  суперажыванне,  эмпатыя?
— Чалавеку   на  аперацыйным  стале  пасля  ранення  ці  траўмы  не  пяшчотныя  словы,  якія  ён  часцей  за  ўсё  не  чуе,  патрэбны,  а  канкрэтная  дапамога.  А  вось  у  пасляаперацыйны  перыяд  усё  вышэй  сказанае  мае  месца  быць.
Сапраўды,  урачам    некалі  пускаць  слязу,  бачачы,  як  чалавек  стаіць  на  самым  краёчку  пропасці. І  нават  сутыкнуўшыся  са  смерцю,  доктар  перажывае  тыя ж  эмоцыі  і  пачуцці,  што  і  ўсе  людзі.  Герой  публікацыі  толькі  з  гадамі  зразумеў,  што  так  адносіцца  да  сітуацыі  нельга.  Ёсць  выпадкі,  калі  медыцына    і  доктар  проста  бяссільныя.  Напэўна  таму  прынцыпова  не  нясуць  гэтыя  мужныя  людзі  ў  аперацыйную  аніякіх  эмоцый  і  ні  пры  якіх  абставінах  не  аперыруюць  родных  і  вельмі  блізкіх  людзей,  у  хірургаў  на  гэта  прафе-сійнае  табу.
Са  сваёй  другой  “палавінкай”,  Таццянай  Фёдараўнай, якая таксама прызнаны  ў  медыцынскіх  кругах  урач-нефролаг,  сустрэўся  яшчэ ў студэнцкія  гады. Тады ж  і аб’ядналіся  два  лёсы  ў  адзін.  І  ў  гэтым выбары ён не памыліўся. Таццяна  стала для яго надзейнай і вернай спадарожніцай па жыцці, клапатлівай і любячай жонкай і  выдатнай маці  і  гаспадыняй, сапраўднай  захавальніцай  сямейнага ачага, які ўжо звыш за 40  гадоў асвятляе іх сямейны саюз. Разам  яны  нарадзілі  і  выхавалі двух дастойных сыноў. Далі ім добрую адукацыю. Старэйшы,  Аляксандр,  ужо  даволі  вядомы  ў  Бабруйску  ўрач-стаматолаг,  малодшы,  Дзяніс,    з  кагорты  тых,  пра  каго  кажуць:  «Камп’ютарны  геній». Адным словам,  дружная,  гасцінная,  працавітая  сям’я, у аснове  якой адвечныя  каштоўнасці: узаемапавага, шчырасць адносінаў, клопат адзін аб адным і, канечне ж, моц і глыбіня пачуццяў.
– Усе мы шукаем сакрэт шчасця ў жыцці, марым аб ім. А яго разгадка, магчыма, зусім простая: трэба сумець аднойчы выбраць і назаўсёды застацца верным гэтаму выбару, – сцвярджае  Валерый  Пятровіч,  і  з  ім  нельга  не  пагадзіцца.
Кожны  дзень  наш  зямляк  дае  кансультацыі,  таму  яго добра ведаюць многія  жыхары  і  нашага раёна, бо неаднойчы звярталіся  як да выдатнага  спецыяліста  і  высокакваліфікаванага  доктара,  і  як да  загадчыка  аддзялення, ды і  проста  як  да спагадлівага, чулага чалавека, які ўмее падтрымаць добрым словам,  разважыць,  супакоіць,  даць неабходную параду,  а  яшчэ  незаўважна  і  ненавязліва  падзяліцца сваёй моцнай станоўчай  энергетыкай.

Аліна  СУДНІК.
Фота  аўтара.

Последние новости

ВНС-2024

День информирования. Обратная связь

19 апреля 2024
НОВОСТЬ ДНЯ

Озеленение детского парка

19 апреля 2024
Призыв-2024

Будущие солдаты получили повестки

16 апреля 2024
Охрана природы

Беречь природу – задача каждого!

16 апреля 2024
В Беларуси

Беларусь реализует совместно с Россией новый космический проект

16 апреля 2024
Официально

В Беларуси учрежден нагрудный знак делегата ВНС

16 апреля 2024
ОБРАЗОВАНИЕ

Навык плюс креативность – гарантия успеха

16 апреля 2024
100-летие Кличевского района

Сто лет – сто деревьев

16 апреля 2024
Безопасность

За безопасность вместе

16 апреля 2024
80-ЛЕТИЕ ОСВОБОЖДЕНИЯ БЕЛАРУСИ

«Разам з мастацтвам» – открытый диалог

12 апреля 2024

Рекомендуем

Сельское хозяйство

Сезон посевных: кличевские аграрии используют современные технологии и технику для богатого урожая

9 апреля 2024
Праздники

Праздник истинных патриотов

9 апреля 2024
Общество

От качества кадровой политики зависит будущее организации

9 апреля 2024
Духовное

ПРАЗДНИК БЛАГОВЕЩЕНИЯ ПРЕСВЯТОЙ БОГОРОДИЦЫ В ОДНОИМЕННОМ ХРАМЕ Г. КЛИЧЕВА

8 апреля 2024
80-ЛЕТИЕ ОСВОБОЖДЕНИЯ БЕЛАРУСИ

«Разам з мастацтвам» – открытый диалог

12 апреля 2024
Кличевщина

У раёне

9 апреля 2024
80-ЛЕТИЕ ОСВОБОЖДЕНИЯ БЕЛАРУСИ

Дань уважения мужеству

10 апреля 2024
Безопасность

За безопасность вместе

16 апреля 2024