“…ВЕЧАР СІНЯЮ СВЕЧКАЙ ЗОРКУ НАД ДАРОГАЙ МАЁЙ ЗАСВЯЦІЎ…”
Менавіта гэтыя радкі Сяргея Ясеніна, любімага паэта майго суразмоўцы, мне захацелася вынесці ў загаловак першага нарысу, з якога мы пачынаем цыкл публікацый аб людзях, якія атрымалі пуцёўку ў жыццё на Клічаўшчыне.
Калі ласка, знаёмцеся:
Вячаслаў Антонавіч БАРШЧЭЎСКІ, супрацоўнік КДБ Рэспублікі Беларусь у адстаўцы, удзельнік ліквідацыі аварыі на ЧАЭС, бізнесмен.
Месца нараджэння – Клічаўскі раён, вёска Турчылоў.
Адукацыя – вышэйшая. Скончыў вышэйшае Рыжскае камандна-інжынернае вучы-лішча.
Захапленні – спорт, кандыдат у майстры спорту па бегу і па лыжах; шахматы, «ціхае паляванне», літаратура.
Любімы пісьменнік – М. В. Гогаль, а яго мастацкі твор “Тарас Бульба” – настольная кніга.
Любімы паэт – Сяргей Ясенін.
Памяць трэніруе завучваннем паэтычных радкоў Лермантава, Шчыпачова, Ваншэнкіна, Еўтушэнкі, Крылова і іншых класікаў.
Жанаты. Разам з жонкай Таццянай Уладзіміраўнай выхавалі дачку і сына, маюць дваіх унукаў.
Па гараскопу – Вадалей.
Па псіхатыпу – халерык.
Па натуры – абавязковы, адкрыты, шчодры, шчыры, рамантычны.
Жыве і працуе ў Мінску.
– Вячаслаў Антонавіч, раскажыце, калі ласка, аб сабе, аб пасадзе, якую займаеце.
– Па статусе я — пенсіянер, супрацоўнік КДБ Рэспублікі Беларусь у адстаўцы. Зараз займаюся бізнесам. Сфера нашых інтарэсаў – складанае тэхналагічнае абсталяванне. Я ўзначальваю фірму, займаюся грамадскай работай, у прыватнасці, з’яўляюся членам Савета ветэранаў ваеннай контрразведкі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. У нас на ўліку больш за 300 чалавек, якія патрабуюць увагі і клопату.
– З чаго пачалася Ваша працоўная біяграфія?
– Напэўна, нічога новага я вам не раскажу. Як і ва ўсіх, працоўны шлях пачынаўся з выбару прафесіі. У 1970 сабраў рэчы ў чамаданчык і са станцыі Асіповічы, да якой мяне праводзіў бацька, на цягніку Сімферопаль-Рыга ўзяў курс на Рыгу, дзе паспяхова паступіў, а потым і скончыў інжынерна-каманднае вучылішча імя Бірузова. Атрымаў накіраванне на службу ў ракетныя войскі стратэгічнага назначэння Савецкай Арміі ў горад Казельск Калужскай вобласці.
У 1980 годзе перайшоў на службу ў Камітэт дзяржбяспекі. Служыў у Сібірскім, потым Уральскім (Удмурцкая АССР) ваенных акругах. З 1987 па 1990 гады – у Львове, а затым у Беларускай асобай ваеннай акрузе. Служба на радзіме была плённай і вельмі цікавай. Мне прыемна, што і па сённяшні дзень распрацоўкі майго падраздзялення маюць развіццё. Дарэчы, пра дзве праве-дзеныя намі контрразведвальныя аперацыі беларускім тэлебачаннем былі зняты дзве дакументальныя кінастужкі.
– Паколькі Вы служылі ў Львове, то ў сувязі з сітуацыяй, што склалася ў брацкай нам Украіне, не магу не спытаць: ці адчувалі Вы ў той час нейкі негатыў з боку насельніцтва і што, на Вашу думку, прывяло да такой крывавай развязкі?
– У той час у гэтым рэгіёне Украіны таксама было не проста. Але тое, што адбываецца сёння, не ўкладваецца ў галаве. Ступень нацыяналістычных і, прама скажам, фашысцкіх настрояў проста зашкальвае. Патуранне з боку ўлады і адсутнасць дзяржаўнай ідэалогіі, непрыкрыты нацыяналізм, умяшальніцтва замежных “інвестараў” да-зволілі разгуляцца бандэраўшчыне і справакавалі грамадзянскую вайну. Мне вельмі балюча ўспрымаць рэаліі, што адбываюцца ва Украіне. У Харкаве, Хмяльніцку, Мукачаве жывуць мае сябры і саслужыўцы, якія ў апошнія месяцы не выходзяць на сувязь, і гэта вельмі трывожыць.
– Народная мудрасць сцвярджае: сапраўдны мужчына павінен пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, выхаваць сына. Выканалі план?
– Выканаў. Дрэва пасадзіў, і не адно, а цэлы сад, і дом пабудаваў, і нават лазню.
Лічу, што годнымі людзьмі выхавалі дачку Вольгу і сына Алега, ёсць двое ўнукаў. Адзінаццацігадовая гімназістка Юлька сур’ёзна займаецца мастацкай гімнастыкай, васьмігадовы Арцём захапляецца матэматыкай, зараз рыхтуемся з ім да алімпіяды “Кенгуру-2015”, гуляем разам у шахматы, завучваем басні, вершы, катаемся на лыжах.
– Ваенная контрразведка — справа для сапраўдных мужчын. Ці здольная моладзь пакалення нэкст браць на сябе такую адказнасць?
– З упэўненасцю скажу, што здольная. Мне пашанцавала не толькі сустрэць такіх юнакоў у нашым раёне, а і паўплываць на далейшы лёс Аляксандра Шыбко з СШ №1 і Уладзіміра Маркава з Нясяцкай СШ. Яны дастойна служаць Айчыне ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і займаюць вельмі адказныя пасады.
– Вячаслаў Антонавіч, ці захаваліся ў Вас зносіны з сябрамі юнацтва?
– Так, захаваліся, і даволі трывалыя. Усё жыццё сябруем з Валерыем Буслам, Міхаілам Арцімовічам, Віктарам Сырамалотам, Кацярынай Харлап. Пра кожнага магу расказваць бясконца. У нашым выпуску было больш за 50 чалавек. Мае аднакласнікі Валянціна Салановіч, Зоя Сілівончык, Галіна Кушнер, Валянціна Шамаль, Іван Галацэвіч, Валерый Мацюшонак, Валянціна Грашчанка, Тамара Казела і многія іншыя па-ранейшаму застаюцца надзейнымі і добрымі сябрамі, з якімі заўсёды хочацца сустракацца, якім прыемна аказваць увагу, а калі трэба, то і дапамогу. Усіх я помню, да ўсіх стаўлюся з вялікай павагай, а сустрэча з імі заўсёды дае ні з чым не параўнальную энергетычную падпітку і наталяе душу станоўчымі эмоцыямі.
– Вас жыццё “паматала” па свеце. Напэўна, дзесьці ёсць больш прыгожыя мясціны?
– Напэўна, і ёсць, але дзе б я ні жыў, у душы на поўны голас гучалі словы класіка: ”Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы”… Для мяне самыя прыгожыя і мілыя сэрцу – гэта нашы клічаўскія лясы і дубровы, палі і пералескі, ціхая плынь Ольсы. Усё жыццё грыбная родная старонка вабіць і прыцягвае, як магніт. Тут у мяне свае грыбныя сцежкі. Вельмі люблю за-ехаць у вёску дзяцінства, у Турчылоў, пастаяць каля бярозак, якія мы пасадзілі разам з мамай, якая на той час была настаўніцай пачатковых класаў, і аднакласнікамі. Тут успамінаецца цёплая печ, на якой мы з Кацяй Харлап гулялі ў даміно, якое яе тата выразаў з фанеры. А яшчэ толькі ў гэтым месцы ўсплывае ў памяці і нават адчуваецца смак і водар заваранага з галінак маліны, вішні ці парэчак чаю, які мы пілі з кавалкам чорнага хлеба пасля другога ўрока. Паверце, за жыццё пакаштаваў нямала разнастайных далікатэсаў, але той узвар, смачнейшы за ўсё, нельга ні з чым параўнаць….
Помню, як у пачатку 60-х у вёску правялі электрычнасць. Некалькі ліхтароў павесілі на вуліцы. Колькі радасці было! Моладзі і дзяцей у вёсцы ў той час было вельмі шмат, весела жылі, дружна.
– Вы па-ранейшаму ў цудоўнай спартыўнай форме. Гэта ўплыў вайсковага ўкладу жыцця, дысцыпліны і падпарадкаванасці статуту ці сістэматычныя заняткі спортам?
– З дзяцінства сябрую са спортам. Шахматы, лыжы, штанга, валейбол, баскетбол, канькі, більярд… Нарматывы кандыдата ў майстры спорту па лыжах выканаў яшчэ ў час службы ва Удмурціі, зімы там доўгія, снежныя, амаль да мая каталіся на лыжах.
Цяпер жыву ў Бараўлянах, і тут ідэальныя ўмовы для заняткаў спортам. Абавязкова 3-4 разы на тыдні раблю прабежку на 5 — 6 км, а на лыжах за ўнукам ужо ледзь паспяваю.
– Хто Вашы куміры?
– Марыў стаць лётчыкам, як Валерый Чкалаў, але не было разнарадкі, таму атрымаў іншую спецыяльнасць. У спорце мой кумір Валерый Брумель, лёгкаатлет, чэмпіён свету і алімпійскі чэмпіён па скачках у вышыню.
– Мне здаецца, што паміж Вамі і кумірамі ёсць падабенства. А ці лёгка Вас вывесці з раўнавагі?
– Вельмі нават лёгка (смяецца). Я часам успыхваю, як запалка, але так жа хутка і тухну. Не выношу несправядлівасці не толькі ў адносінах да сябе, але і ўвогуле да лю-дзей, якія побач са мной, ці да абставін.
– Вы спартыўны балельшчык?
– Канешне. Вельмі зачараваны Дар’яй Домрачавай, паважаю тэнісістку Вікторыю Азаранка і іншыя спартыўныя таленты Беларусі. Яны заслугоўваюць увагі і выклікаюць інтарэс і жаданне сачыць за спаборніцтвамі.
– Ці часта Вам даводзіцца адстойваць свой пункт гледжання?
– Часта, але не заўсёды паспяхова, асабліва ў маладосці. (І з жартам дадае), як казалі ў нас, у лейтэнанта ёсць меркаванне, але няма выслугі, а ў палкоўніка ёсць вы-слуга, але няма ніякага меркавання. Або так: зайшоў да начальніка са сваім меркаваннем, а выйшаў – з правільным.
– Вы часта наведваецеся ў родныя мясціны? Якія ўспаміны бярэдзяць душу?
– Часта, бо ўсе мы дзеці, пакуль жывыя нашы матулі. Шкада, што не працуе на поўную моц, як гэта было ў маім дзяцінстве, маслазавод, што не дыміць труба харчовага цэха і не разносіцца па наваколлі водар яблычнага соку. А які смачны ліманад і дзюшэс выраблялі там! Раней чародкай ішлі міма бацькоўскай хаты людзі на працу на прамкамбінат, а цяпер – зацішша…
Успамінаецца, як у дзяцінстве каталіся на каньках па рацэ аж да Патоцкага маста і назад. Як з сябрамі ў час летніх канікулаў працавалі на будоўлі інтэрната тэхнікума, на ўкладцы тратуарнай пліткі. Як аднойчы наша свавольства ледзь не каштавала жыцця аднаму з нас. Шмат што ўспамінаецца, асабліва, калі збіраемся разам з аднакласнікамі.
– Як адзначае Ваша сяброўка Кацярына Сцяпанаўна, Вы належыце да лю-дзей з шырокай натурай, а яшчэ да саслоўя, якому ўласціва паўзабытае ў наш час паняцце – мецэнацтва. І, бадай, самае галоўнае тое, што Вы ўмееце гэта рабіць акуратна, незаўважна і дакладна. Раскажыце, калі ласка, як узнікла ідэя аказваць школе, у якой Вы вучыліся, матэрыяльную дапамогу і браць пад сваю апеку таленавітых і адораных вучняў?
– Дзякуй Кацярыне за добрыя словы, але гэта не толькі мая ідэя, гэта наша калектыўнае рашэнне, і сродкі таксама не толькі мае. Мы ўжо ў тым ўзросце, калі маем і вопыт, і мудрасць, і сродкі. Вельмі важна своечасова заўважыць і падтрымаць дзяцей, якія імкнуцца да навукі, даць ім магчымасць паверыць у свае сілы, пераканацца ў тым, што інтэлектуальная праца высока цэніцца ў грамадстве, што яны не адзінокія ў гэтым свеце і што веды, добрая адукацыя — у ліку галоўных каштоўнасцей у жыцці. Мы ўсе ведаем, як небагата жыве школа, ды і бюджэт час ад часу па розных прычынах “трашчыць” па швах, і таму ніколі не бывае лішнім камп’ютар, прынтар, фота- ці відэакамера, іншая аргтэхніка.
– Па якім прынцыпе выбіраеце намінантаў на залатыя і сярэбраныя зліткі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь?
– Канешне ж, мы прыслухоўваемся да меркаванняў педагагічнага калектыву. Настаўнікі лепш ведаюць, каму гэта ўзнагарода пойдзе на карысць. Сёлета мы вырашылі ўзнагародзіць не толькі лепшых вучняў, а і выказаць падзяку іх бацькам за добрае выхаванне сваіх дзяцей. Мы ў захапленні ад таго, як Раіса Уладзіміраўна Ціха-мірава развівае талент сваёй унучкі Крыс-ціны. Лічым за гонар падтрымаць юнае дараванне і яе бабулю.
– У аповесці “Маленькі прынц” французскі лётчык і пісьменнік Антуан дэ Сент-Экзюперы словамі Ліса, адрасаванымі Маленькаму прынцу, сказаў крылатую фразу: “Мы ў адказе за тых, каго прыручылі”. А Вы ў адказе за тых, каго ўзнагародзілі?
– У адказе. Я цікаўлюся лёсам маладых людзей, стараюся быць з імі на сувязі, па меры неабходнасці падтрымліваю і словам, і, калі трэба, справай. Нашы першыя намінанты ўжо на 5-х курсах ВНУ. Напрыклад, Аляксей Цыкуноў — будучы інжынер у галіне зваркі і зварачных работ, Насця Грыгор’ева вучыцца на юрыдычным факультэце, Ула-дзіслаў Міхнёнак — будучы энергетык, Карына Мацюшонак вывучае лазеры і лазерныя тэхналогіі; Ганна Іванова на 3-м курсе лінгвістычнага ўніверсітэта. Ды і ўсе іншыя паступілі ў разнастайныя ВНУ і набываюць патрэбныя грамадству прафесіі. Калі дазволяць абставіны, то надалей таксама пастараюся дапамагаць маладым людзям прабіц-ца ў жыцці.
Мне вельмі спадабаліся і нашы сёлетнія намінанты Арцём Рыжковіч, Аліна Альхоў-ская, Крысціна Шэх. Сёлета мы выканалі “работу над памылкамі” і ўзнагародзілі залатым зліткам выпускніцу 2010 года Алесю Голуб, якая вучыцца завочна і працуе бухгалтарам у саўгасе “Ольса”. Дарэчы, яе сястру Марыю мы таксама ўзнагародзілі сярэбранай манетай. Вельмі старанныя і працавітыя дзяўчаты, як і ўся наша цудоўная моладзь.
Карыстаючыся магчымасцю, хочу пажадаць чытачам “раёнкі” і ўсім клічаўлянам здароўя моцнага на доўгія гады, а нашай малой радзіме — росквіту і дабрабыту.
– Дзякуй за добрыя пажаданні і шчырыя адказы на пытанні. З Вамі цікава гутарыць, Вы шмат ведаеце, у тым ліку і вершаваных радкоў, Вы маеце на ўсё ўласны пункт гледжання, шчыра любіце нашу Бацькаўшчыну. А таму, як Вы цэніце людзей, і асабліва сяброў, як ста-віцеся да моладзі, у Вас, Вячаслаў Антонавіч, трэба павучыцца.
Гутарыла Аліна СУДНІК.