ФРУКТОВЫ САД ІМЯ ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ
У гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі і 95-гадовага юбілею з дня нараджэння Паўла Ананьевіча Крываноса выпускнікамі нашай школы на чале з дырэктарам Васілём Васільевічам Сазанаўцом і класным кіраўніком Галінай Пятроўнай Колесавай на тэрыторыі школы закладзены фруктовы сад.
Першыя 20 штамбавых яблынак позніх гатункаў з любоўю і стараннем высадзілі юнакі і дзяўчаты 11 класа. Моладзь творча пады-шла да гэтага мерапрыемства. Усе дома напісалі свае самыя запаветныя жаданні і мары, а кантэйнеры з запіскамі паклалі ў лункі. Разам з яблынкамі, якія, як нам паабяцалі працаўнікі пітомніка, павінны зацвісці ўжо на наступны год, няхай растуць і множацца дзіцячыя мары і здзяйсняюцца іх надзеі.
Патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення з’яўляецца адной з найважнейшых задач сучаснага грамадства і сістэматычнай, мэтанакіраванай штодзённай працай калектыву СШ № 1 імя Героя Савецкага Саюза Паўла Крываноса. Нашы выпускнікі на справе прадэманстравалі сваю любоў да Радзімы, далучанасць да роднай зямлі, мовы, культуры, традыцый. Дзеці не нараджаюцца дрэннымі ці добрымі, духоўнымі ці бездухоўнымі. Тое, якія маральныя якасці дамінуюць у нашых вучняў, залежыць, у першую чаргу, ад сям’і, школы і грамадства. Мы яшчэ раз пераканаліся, што патрыятызмам і любоўю напоўнены сэрцы падрастаючага пакалення, а гэта не можа не радаваць.
Ірына АЛЕКСАНДРОВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.