ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЗДЫМКА
Летапіс Клічаўшчыны пішацца лёсамі і справамі соцень тысяч людзей. Кожнае пакаленне пакідае ў гісторыі непаўторны след.
Гэты здымак наш тагачасны фотакар Васіль Варакса зрабіў вясной 1997 года ў раённай бібліятэцы. На здымку – 30 жанчын-маці, жанчын-салдатак, чый лёс апаліла вайна і якія нароўні з мужчынамі набліжалі доўгачаканы Дзень Перамогі. Спрацаваныя за жыццё рукі іх ніколі не ведалі суму, яны пя-шчотна лашчылі спачатку сваіх дзетак, а потым і ўнукаў. А колькі разнастайнай смакаты прыгатавалі яны за жыццё, колькі зямелькі перамацалі-перапалолі, перакапалі, колькі дабра здабылі. І вось на нейкі момант ад-клалі ўсе справы, дасталі з куфэркаў і шафаў самыя лепшыя ўборы і прыйшлі на сустрэчу жанчын-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Спадзяёмся, што іх мілыя твары ў год 70-годдзя Вялікай Перамогі даставяць радасць родным і знаёмым, бо пераважнай большасці з іх ужо няма сярод нас, а тыя, хто жыве, пагля-дзяць на сябе маладзейшых. На вялікі жаль, імёны ўсіх 30 не назаву, таму разлічваю на вашу, паважаныя чытачы, дапамогу.
У першым радзе справа – Аляксандра Васільеўна Салановіч, медыцынская сястра, у гады ваеннага ліхалецця працавала ў эвакашпіталі, а пасля вайны – акушэркай у мясцовай бальніцы. Высакароднай медыцынскай справе прысвяцілі жыццё К. Л. Бяржаніна, Л.Р. Булачкіна, П. І. Альховік, М.Н. Манёнак, сярод россыпу гэтых брыльянтаў – настаўніцы М. Д. Шалай, М. Р. Атрашонак, Г. С. Храпко, М. М. Кандраценка, працаўніцы сельскай гаспадаркі Е. С. Шамаль, Н. Л. Саўко, В.Я. Гайкевіч-Панцялеева, Н. Н. Вяршук, М.Ф. Харыонаўская, С. А. Заяц, А.В. Клепча, у сферы абслугоўвання працавалі А. І. Пірожнік, А.В. Рэва, А. І. Вітоль, З.А. Трыгубенка, у будаўнічай галіне – Н.В. Патачыц, А.А. Ціхамірава, амаль 30 гадоў дыспетчарам аўтапарка адпрацавала А.К. Лескавец.
Аліна СУДНІК.