БАЦЬКОЎСКІ ДАР
Гордымі шумлівымі барамі, шчодрымі на брусніцы, чарніцы, грыбы ды іншыя розныя дары лесу, сталі
церабольскія лясы, што садзіла яна ў дзявоцтве.
Там, ва Усакінскім майстарскім участку Бабруйскага леспрамгаса, была тады і памочнікам майстра, маркіравала на дзялянках нарыхтаваную драўніну. Там і сваё каханне сустрэла – пры-гажуна Аляксандра Бародзіча, які быў возчыкам лесу, лесарубам. А ў 50-я гады на ўзбраенне леспрамгасаўцаў паступіла бензапіла “Дружба”, і ён з ёю шчыраваў на дзялянках, выконваў і перавыконваў планавыя заданні.
Усё сталася, як марылася: і светлае каханне на ўсё жыццё, і шырокае вяселле з дружкамі, сваякамі. Малады не мог адарваць вачэй ад сваёй Ніначкі, якая была для яго самай прыгожай нарачонай: у паркалёвай светлай сукенцы, у вянку з пяшчотных парафінавых кветачак і бялюткім марлевым вэлюмам. У вачах яе пераліваўся акіян кахання…
Якраз 60 гадоў мінула з той пары. Брыльянтавае вяселле Аляксандра Мікалаевіча і Ніны Пятроўны Бародзічаў – падзея для ўсёй іх вялікай сям’і.
— У чым жа сакрэт вашага шчасця? – цікаўлюся ў гаспадыні.
– Шчасце простае, зямное. Дзякуем Усявышняму, што жывём, за тое, што маем. А было ўсяго. І вайна ў нашым з мужам лёсе, якую малымі перажылі. Мне ў памяць урэзалася: аднойчы наляцелі нямецкія самалёты на нашу Каўбчанскую Слабодку, скідваюць запаленчыя снарады- тэрміткі, бамбяць, выбухі такія, што стогне, устае на дыбы зямля. Мне гадкоў 10, спужалася, дык не хавацца кінулася, а выскачыла на вуліцу і імчуся пасярод яе куды вочы гля-дзяць. А нямецкі лётчык палівае з кулямёта, толькі кулі наўкол мяне “ціў-ціў”. Але наканавана было жыць…
Дзякуем Богу, што падараваў нам добрых дзяцей: сыноў Аляксандра і Мікалая і дачку Галіну, захаваў іх. За тое, што ёсць працяг нашага роду: 5 унукаў і адна ўнучка, а яшчэ два праўнукі і 6 праўнучак! Што і сёння ёсць каго лашчыць, калыхаць, купаць, праважаць і сустракаць…
У народзе кажуць: жыццё пражыць – не каробачку сшыць. Яшчэ іх дзяды вучылі, а яны сваім дзецям перадалі: жыві годна, працуй, у працы не астуджай душы сваёй. Да лю-дзей стаўся так, як хацеў бы, каб да цябе ставіліся. Вось такая бацькоў-ская навука.
Дыхтоўны дом Бародзічаў у Клічаве па Першамайскай, прасторны, толькі вышыня столі пад тры метры. Яшчэ ў маладосці гаспадар сам яго ставіў у Цераболі, у Клічаў перавезлі ў канцы 60-х. Тут на падвор’і заўсёды трымалі вялізную гаспадарку, у якой і конь, і карова былі, у хлеўчуках вішчала, кудахтала. У полі апрацоўвалі дзясяткі сотак буракоў, бульбы, сенажаць была.
– Працавалі заўсёды разам, усёй сям’ёй, – распавядае Ніна Пятроўна. – Ніколі нічога дзецям мы не загадвалі. Бацьку ўсе разумелі без слоў, калі што рабіць – абавязкова гуртам, уласныя справы – убок. Ён усяму навучыў дзяцей з маленства. Напрыклад, калі сена касіць – то ўтрох, хлопцы спачатку малымі косамі практыкаваліся, а пасля стаялі ўровень з бацькам.
Як што значнае рабіць, сена сушыць або бульбу капаць, – на нашым полі больш за дзясятак уласных работнікаў: дачка з зяцем, сыны з нявесткамі, унукі. Аляксандр Мікалаевіч парадак вядзе, а я толькі паспявала сумкі з абедам збіраць сваім любым. І ўсё мы гуртам, весела. Суседзі толькі па-добраму зайздросцілі, што такая дружная ў нас сям’я… І зараз у майго гаспадара, хоць яму 83 гады, дровы так роўненька ў дрывотніку складзены, як пад лінейку. У двары таксама парадак…
Абодва гаспадары даўно на за-служаным адпачынку. Ніна Пятроўна ў Клічаве працавала прыбіральшчыцай у інфекцыйным аддзяленні райбальніцы, раённай аптэцы, аграрна-тэхнічным каледжы, адтуль і на пенсію выйшла. Дарэчы, вельмі ўдзячная кіраўніцтву гэтай установы, што не абыходзіць увагай сваіх ветэранаў працы. Аляксандр Пятровіч доўгі час быў конюхам-возчыкам у гарадскім дзіцячым садку №1 Клічава, а на пенсію выйшаў вальшчыкам лесу Бабруйскага леспрамгаса. Так што на карысць грамадства аддадзена цэлае працоўнае жыццё.
… Вось і зноў прыйшла вясна. Сонейка з нябёс усміхаецца, шпакі, чорныя, што сажа, ужо засяліліся ў шпакоўні, шчоўкаюць з самай раніцы на ўсе лады. Не сядзіцца ўжо ў хаце гаспадарам, усё тупалі б па справах на двары, ды здароўе апошнім часам падводзіць. Хутка і Вялікдзень. На яго абавязкова “злятаюцца” ў родны кут усе нашчадкі Баро-дзічаў. Бо свята гэта для іх двайное. У гэты дзень адзначае сям’я і дзень нараджэння матулі, бабулі, прабабулі Ніны Пятроўны. Бо нарадзілася яна якраз у гэта свята, а якая дата дакладна тады была, невядома. І зноў будзе вясёлай іх хата, дапазна ярка будуць свяціцца ўсе яе вокны. Няхай будзе так яшчэ доўга!