Для вас – “Цімур і яго каманда”
Заўтра, 11 лютага, у раённым Доме культуры арганізуецца спецыяльны паказ фільма для дзяцей “Цімур і яго каманда” – лаўрэата міжнародных фестываляў. Мерапрыемства праходзіць у рамках абласной кінаакцыі «Кіно маёй краіны».
Папярэднічаць яму будзе перадсеансавае мерапрыемства, арганізаванае сумесна з Цэнтрам дзіцячай творчасці. Лідзія Ачыновіч, метадыст ЦДТ, раскажа дзецям аб самых важных і карысных справах з жыцця і дзейнасці раённай піянерскай арганізацыі. Для юных гледачоў будзе прапанавана прэзентацыя завочнай інтэлектуальна-творчай гульні “Цімураўцы.by”. Як вядома, па выніках гэтай гульні, якая праходзіла на працягу навучальнага 2012-2013 года, група піянераў-актывістаў Цэнтра заняла 1-е месца ў вобласці і ўвайшла ў лік пераможцаў рэспубліканскага этапа. Прэзентацыя і раскажа аб найцікавейшых момантах гэтай гульні.
Некалькі слоў аб фільме “Цімур і яго каманда”. Зняты ён рэжысёрам Наталляй Галуза і маладой беларускай кінакампаніяй “Ілюзіён”. Кінастужка расказвае захапляльную гісторыю дзесяцігадовага Цімура, які на летніх канікулах прыязджае ў вёску да дзядулі Карнея. Абследваючы наваколле, хлопчык знаходзіць кнігу Аркадзя Гайдара “Цімур і яго каманда”. Прачытаўшы аповесць, ён вырашае стварыць сваю каманду для дапамогі тым, каму яна неабходная…
Лічу, што гэта кінастужка надзвычай актуальная, бо сёння ў дзіцячым кінематографе пераважае фантастыка, містыка і прыгоды. Кіно павінна вучыць дзіця маральным каштоўнасцям, дапамагаць знайсці сябе ў жыцці. Вось гэты фільм і ёсць рэальны крок да такой мэты.
Дадам, што кінастужка “Цімур і яго каманда” не толькі для дзяцей, а і для сямейнага прагляду. Фільм будзе дэманстравацца з лютага па чэрвень у школах раёна, сельскіх і гарадскіх кінаўстаноўках, школьных лагерах адпачынку і г.д.
Людміла Ясюкевіч,
метадыст аддзела
па кінавідэаабслугоўванні ЦКС.