ДАРОГУ МАЛАДЫМ

У  савецкія  часы  на  адказныя  пасады  назначалі  правераныя  кадры, якія  прайшлі  добрую  жыццёвую  школу.  Зараз  назіраецца  і  такі  працэс –  начальнікамі  становяцца  маладыя  людзі  да 40  гадоў, нават  да  30-ці.
У  раённай  вертыкалі  таксама знайшлося   нямала  такіх, па чыноўніцкіх  мерках,  даволі  юных  кіраўнікоў,  якія  займаюць  адказныя  пасады.  Усе  яны  скончылі   вядучыя   ВНУ  краіны,  з’яўляюцца  кіраўнікамі  структурных  падраздзяленняў  органаў  улады  або  кіраўнікамі  прадпрыемстваў,  арганізацый,  устаноў.
Сучасныя  кіраўнікі – дынамічныя,  амбіцыёзныя  маладыя людзі. Яны  імкнуцца  ва  ўсіх  адносінах  ісці  ў  нагу  з  часам  і  нават  быць  крыху  наперадзе.  Добра   адукаваныя,  мабільныя,  хочуць  вучыцца  і  развівацца  ў  сваёй  прафесіянальнай  вобласці,  паспяховыя.
Па  словах  начальніка  аддзела  арганізацыйна-кадравай  работы  райвыканкама  Галіны  Валер’еўны  Ерашэнкі,  у  раёне,  як  і  вобласці,   створаны  перспектыўны  кадравы  рэзерв.  Дзяржава  прыкмячае  і  ўключае  ў  гэты  рэзерв  тых,  хто  здольны  быць  упраўленцам.  Рэзерв  фарміруецца  з  маладых спецыялістаў  арганізацый,  прад-прыемстваў,  устаноў  раёна  ва ўзросце  да  31  года,  студэнтаў  ВНУ,  выпускнікоў  сярэдніх  спецыяльных  навучальных  уста-           ноў – ураджэнцаў   Клічаўшчыны,  якія  валодаюць  арганізатарскімі  здольнасцямі.  Бо  кіраўнік – гэта  не  толькі  чалавек  з вышэйшай адукацыяй, прафесіянал. Ён  павінен  валодаць  здольнасцямі  ўстанаўліваць  кантакты  з  людзьмі,  арганізоўваць,  матываваць,  каардынаваць  работу.
Кадры  ўпраўленцаў  рыхтуюцца  планамерна  і   мэтанакіравана.  На  такія  пасады  прыходзяць  толькі  падрыхтаваныя  людзі,  а  гэта – залог  якасці  і  кампетэнтнасці  кіраўнікоў.
Рэдакцыя  “Сцяга  Саветаў”  у сваім  новым  праекце   “Дарогу  маладым”  вырашыла  больш  блізка  пазнаёміць   чытачоў  з  маладымі  і  перспектыўнымі   ўпраўленцамі  раёна – прадстаўнікамі  новага  пакалення. Лічым,  што  ў  сілу  асаблівасцей  успрымання,  у  прыватнасці,  не  зашоранасці  свядомасці  і  адкрытасці  інавацыям,   яны  здольныя  ўдыхнуць  у  справу  новае  жыццё,  знайсці  іншыя  шляхі  развіцця.

АБРАНЫ  НАРОДАМ

Дзмітрый  Міхайлавіч  РАМАНОВІЧ,  1981  года  нараджэння,  старшыня  Каўбчанскага  сельвыканкама.
У  2003  годзе  скончыў  фізічны  факультэт Беларускага  дзяржаўнага  педагагічнага  ўніверсітэта  імя  М. Танка.  Па  дзяржаўным  размеркаванні  вярнуўся  на  малую радзіму – Клічаўшчыну.  Выкладаў  у  Востраўскай   СШ  фізіку  і  матэматыку,   з  2012  па  2014 гады – дырэктар  гэтай  школы.   Яго  энергічнасць,  ініцыятыўнасць,  працаздольнасць,  уменне  прымаць  правільныя  рашэнні  былі  заўважаны,  ацэнены  кіраўніцтвам,  калегамі,  землякамі.  Як   сведчанне  даверу  і  павагі – абранне  Дзмітрыя  Міхайлавіча   дэпутатам   Клічаўскага  раённага   і  Каўбчанскага  сельскага  Саветаў  дэпутатаў  27  склікання.   З  17  красавіка  2014  года  ён – старшыня  Каўбчанскага  сельвыканкама.
У  33  гады – мясцовая  ўлада.  На  тэрыторыі  ж  Каўбчанскага  сельскага  Савета  зараз   23  населеныя  пункты,  у  якіх  пражываюць  1623  чалавекі.  Як  спраўляецца  з  безліччу  клопатаў  і  грузам  адказнасці?  Ці  не  ўзялі  верх  амбіцыі  і  “зоркавая  хвароба”  з  прычыны  маладосці?  Што лічыць  галоўным  і  якія  бачыць  перспектывы  росту  дабрабыту  мясцовага  насельніцтва?
Дзмітрый  Міхайлавіч  на  гэтыя  і  мноства  іншых  маіх  пытанняў  адказвае  надзвычай  шчыра.  І  адразу  ж   уражвае  гэта  яго  шчырасць  і  незвычайная  адкрытасць  характару,  уменне   вызваць  прыхільнасць  суразмоўцы,  знайсці  агульную  мову.  І  я  разумею,  чаму  яму  давяраюць  людзі.
–  Мяне  абралі  аднавяскоўцы,  землякі.   Сёння   я   прадстаўнік  мясцовай  улады,  а  галоўнае  для  мяне – чалавек  з  усімі   яго  праблемамі  і  клопатамі.  Я  ж  такі,  як  і  яны,   родам  з  вёскі,  ад  зямлі.   Гадаваўся   больш  у  сям’і  бабулі  Марыі  Мікалаеўны  Кнігі  ў  Старых  Максімавічах.    Рана  стаў  за  гаспадара.  Мо  з  дванаццаці  гадоў  і  дровы  калоў,  і  за  плугам   хадзіў.  Мая  баразна (усміхаецца)  роўная,  як  і  належыць  добраму  гаспадару.  Умею  цяслярыць,  зруб  па-ставіць, печ скласці,  любую  работу  па гаспадарцы  рабіць.  Захапленне – вырошчванне  памідораў,  да  гэтага  працэсу  і  жонку  не  дапускаю.  А  яшчэ  люблю  коней – самых  прыгожых  і  разумных  істот,  першых  памочнікаў  гаспадароў…  Таму  ўсе  клопаты  вяскоўцаў  мне  блізкія  і  зразумелыя.
Як  іх  вырашае  Дзмітрый  Рамановіч?  Узяць  хоць  бы  продаж  лішкаў  малака  з  падворкаў.  Сёлета    яго   закупам   у  насельніцтва  мясцовыя  гаспадаркі   займаліся  толькі  на  пачатку  сезона.  Далей  патрэбна  было  арганізоўваць  гэту  справу  сельвыканкаму  праз  прыватных  прадпрымаль-нікаў.  Было   напачатку  шмат  праблем.  Людзі  новаўвядзенні  не  хацелі  прымаць,  ніяк  не жадалі дагаварыцца   з  прыватнікам-малаказборшчыкам,  які   малако  ў  іх  закупляе  і  здае   на  Асіповіцкі   малочны  камбінат, а  грошы  за  прададзеную  прадукцыю – на  банкаўскія  картачкі  гаспадароў.   Былі  гарачыя  спрэчкі  па  тлустасці,  шчыльнасці  малака.  Каб  расставіць  усе  кропкі  над  “і”,  Дзмітрый  Міхайлавіч  на  зорцы  ўставаў  летам,  ехаў   з  Коўбчы  ў  Максімавічы.   Там  на  мясцовай   ферме  ў  яго  прысутнасці  колькі  разоў  запар  калгасныя  спецыялісты  рабілі  неабходныя  лабараторныя  аналізы  сырадою,  закупленага  ў  людзей.  Такія  ж  даследаванні  праводзілі  адначасова  і  на  малочным  камбінаце.  Так  і  знайшлі  правільнае  рашэнне.  Было,  што  адну  гаспадыню  нават  адхілілі  ад  здачы  малака  за  нядобрасумленнасць.  Цяпер ніякіх  пытанняў  з  боку  насельніцтва  Максімавіч  і  Коўбчы  не  ўзнікае.
Што  для  людзей  важна?  Каўбчанцы  мараць  правесці  ў  свае  дамы  і  кватэры  прыродны  газ.  Рамановіч першым  паставіў  сваё  прозвішча  ў  калектыўным  пісьме-звароце  ў  адпаведныя  інстанцыі.
Далёка  дабірацца  да  Каўбчанскага  сельвыканкама  жыхарам  Старога  Вострава,  а  розныя  даведкі  час  ад  часу  ўсім  патрэбныя.  Праблему  вырашылі  так:  па  графіку  раз  у  тыдзень  у  гэтым  населеным  пункце  працуе  галоўны  спецыяліст  сельсавета  Вольга  Міхайлаўна  Перуноўская,  вядзе  прыём  і  сам  старшыня.  Вяскоўцы  могуць  заказаць  даведку  ў  сельсавеце  і  па  тэлефоне,  яе  аформяць  і  самі  пры  першым  выпадку  прывязуць.
Ушанаванне  памяці  родных – праблема,  якая  кранае  кожнага  асабіста,  а  добраўпарадкаванне  грамадзянскіх  могілак – задача  сельвыканкама.  Адразу  ж  узяўся   старшыня  за  навядзенне  парадку  на  Закуцкіх    могілках,  што  якраз  побач  з  рэспубліканскай  аўтатрасай.  Па  словах  старшыні  раённага  Савета  дэпутатаў  Уладзіміра  Валянцінавіча  Кнігі,  работы  тут  былі  выкананы  ў  кароткі  тэрмін  і  ў  чатыры  разы  танней,  чым   маглі  б  каштаваць.   Якім  чынам?  Дзмітрый  Рамановіч   не  звяртаўся  ў  дзяржаўныя  прадпрыемствы  за  аказаннем  паслуг,  а  непасрэдна  сам  ўзяўся  за  рэалізацыю  запланаванага.   Наняў  людзей  па  працоўным  пагадненні.  Сам  працаваў, браўся  і  за  малаток,  і за  сякеру,   уласны  транспарт  выкарыстоўваў.  Адсюль  і  рэзультат.
Уласная  зацікаўленасць   у   праблемах  насельніцтва – крэда  работы  маладога  старшыні.  Усе  яны  для  яго  аднолькава  важныя:  ці  дрэва  спіліць  на  падворку,  ці  калодзеж   гаспадарскі  пачысціць.  Хоць  не  ў  яго  сферы  адказнасці,  а  выйсце  падкажа  і  работ-нікаў  адпаведных  знайсці  дапаможа.  Лічыць,  што  на  тое  яго  народ  і  абраў.   Напрыклад,  летам   “прагуляўся”  ўраган  па  Закуцці,  а  там  адны  пенсіянеры  жывуць, трэба  дапамагаць.   Дзмітрый  Міхайлавіч  не  толькі  знайшоў  рабочых, каб  ухіліць  наступствы  стыхіі,  але  і сам  бензапілой  распілаваў паваленыя  дрэвы,  яшчэ  і   шыферны  дах  дома  людзям  дапамог  адрамантаваць…
… Шмат  планаў  у  маладога  старшыні  сельвыканкама.  Хочацца  яму,   каб  прыгажэлі  аграгарадкі  і  невялікія  вёскі,  дзеля  чаго  трэба  ў  належны  выгляд  прывесці  вуліцы,  адрамантаваць  дарогі,  пазносіць  пустуючыя  дамы.  Многае  патрабуе  значных фінансавых  затрат,  але  шмат  і  таго,  што   павінен  зрабіць  паасобку   кожны  гаспадар   і  агульнымі   намаганнямі  –  усё  насельніцтва.  Ім  жа  ўсім  разам  працаваць  і   жыць  на  гэтай  зямлі,  нараджаць  і  выхоўваць  дзяцей,  крочыць  у  будучае.

Ніна  ІЗОХ.
Фота  аўтара.

Добавить комментарий