ЗАЛАТЫ КАСТРЫЧНІК, СПЕЛЫЯ ЯБЛЫКІ І НАШЫ МАРЫ
Кастрычнік сёлета выдаўся надзвычай цёплы, сонечны і яркі.
У садах яшчэ сям-там вісяць наліўныя яблыкі, а наваколле па-ранейшаму запоўнена птушынымі пералівамі. Ад бяздоннага блакіту неба, буйнасці фарбаў, апранутых у пазалоту дрэў нельга адарваць позірк, і толькі гарэза ветрык, наляцеўшы знянацку, лёгкімі павевамі зрывае расфарбаванае лісце, застаўляе павольна кружыцца ў паветры і мякка ападаць на зямлю, засцілаючы яе лёгкім, нібы вэлюм, покрывам. Лісце шапаціць пад нагамі. Дворнікі не паспяваюць зграбаць яго. Затое дзеці, нібы тыя качаняты ў лужыне, купаюцца ў ім, абсыпаюць адно аднаго і звонка смяюцца. У прахожых гэтыя забавы выклікаюць усмешку і наталяюць душу пачуццём непадробнага шчасця.
Крочу ў апякунскую сям’ю. Крыху хвалююся, стараюся выстраіць у ла-гічны ланцужок пытанні, а перад вачыма — не па-дзіцячы сумныя вочкі Арцёмкі, яго цяжкі ўздых і з болем вымаўленае: «Эх, мама, мама…» З моманту нашага першага знаёмства ў дзіцячым сацыяльным прытулку мінула ўжо паўгода. У жыцці Арцёмкі і яго сястрычкі Дашы адбылося шмат па-зітыўных перамен. Цяпер яны жывуць на другім паверсе трохпавярхоўкі ў маладой сям’і Захара і Юлі Кундзікавых.
ДЗЕЦІ
Пакой справа ў двухпакаёвай кватэры – дзіцячы. Яркія шпалеры, двух,ярусны ложак, шафа, на падлозе – дыванок. Сціпла, чыста, утульна. Арцёмка і Даша занятыя гульнёй. Дзеці ветліва вітаюцца, дзякуюць за пачастунак і ахвотна расказваюць пра маму і тату, пра школу і дзіцячы садок, пра свае захапленні і сяброў, пра абавязкі і ката Сёмку.
На маё пытанне да Арцёмкі, кім ён хоча стаць, калі вырасце, сямігадовы хлопчык не задумваючыся адказвае: «Будаўніком». І вось ужо мы будуем дом яго мары, дзе шмат пакояў, ёсць пакоі для мамы і таты, для яго і дзетак, якія народзяцца ў свой час, для сястрычкі і гасцей. А ў двары мноства прыгожых кветак і фруктовых дрэў, ёсць пляцоўка для дзіцячых гульняў і домік для сабакі…
Трохгадовая Даша марыць стаць каралевай. І не важна, што пакуль “яе вялікасць” не ўсе гукі вымаўляе правільна. Галоўнае не ў гэтым. На даным этапе важна адагрэць дзіцячую душу, засвоіць правілы паводзін і культуру мовы, авалодаць шэрагам санітарна-гігіенічных уменняў і навыкаў. А манеры, маральна-этычныя і духоўныя навыкі і каштоўнасці выхаваюцца гадамі карпатлівай і планамернай працы сям’і, школы, грамадства.
Пасля фатаграфіі на памяць дзеці застаюцца ў пакоі, а мы ўладкоўваемся на кухні. Юля падае духмяны чай. Захар, як старэйшы ў іх пары, прызнаецца, што даўно марыў мець такую ж вялікую сям’ю, як і ў бацькоў. Адчуваецца, што маці для маладога чалавека — неаспрэчны аўтарытэт і вялікі сябар. Яна заўсёды падтрымлівае сына і яго сям’ю, і яе слова, па ўсім відаць, для маладога чалавека вельмі і вельмі важкае.
СЭРЦА ПАДКАЗАЛА…
Маладыя Кундзікавы жывуць на адной пляцоўцы з бабуляй, мамай Рыты. Паколькі Юля вучылася на дзённым аддзяленні сталічнага педагагічнага ўніверсітэта, то бабуля брала на сябе клопат аб унуку і старалася пасля цяжкага працоўнага дня падаць яму цёплую ежу. Так было і ў той дзень. Разам з вячэрай бабуля прынесла свежую прэсу.
– На развароце “раёнкі” ў вочы кінуўся фотаздымак дзетак. А калі стаў чытаць тэкст і прыглядацца да мілых тварыкаў, зразумеў, што не магу чакаць больш, а гэтыя бялявыя галоўкі і ёсць мой шанц. Не паспеў дачытаць, як раздаўся тэлефонны званок. На другім канцы провада была мама. Я ўжо ведаў, пра што яна хоча гаварыць. Мы абмяняліся думкамі, і я прыняў рашэнне заўтра ж ісці ў аддзел адукацыі і афармляць апеку над Арцёмкам і Дашкай, тым больш што жонка, мой аднадумца, не супраць.
Першае знаёмства адбылося даж-джлівым днём. Крыху прамок, пакуль дайшоў. Вельмі хваляваўся і перажываў, ці спадабаюся дзецям, ці прымуць яны мяне, ці пагодзяцца стаць нашымі. Калі ўбачыліся, то і словы патрэбныя знайшліся, і кантакт устанавілі неяк адразу. Праўда, пытанне Дашы: “А дзе ты так доўга быў, тата?“, збянтэжыла. Прыйшлося сказаць, што быў вельмі далёка ў камандзіроўцы. Пакуль ішла працэдура афармлення, дзеці жылі ў прыюце. Дашка трапіла ў бальніцу, я наведваўся да яе, як да дачушкі, браў Арцёмку на выхадныя, рыхтаваў дзіцячы пакой і не мог дачакацца таго дня, калі станем жыць адной сям’ёй.
Канечне, не ўсё і заўсёды адбываецца гладка. Паступова мы вучымся разумець, што такое дрэнна і што такое добра, выхоўваем манеры будучай каралевы і пазбаўляемся ад істэрык, вучым урокі, а яшчэ дзеці выконваюць пэўныя даручэнні і абавязкі па дому, вучацца складаць на месца цацкі і рэчы, клапоцяцца аб коціку. Жыццё наладжваецца..
А ХУТКА…
— На восеньскіх канікулах да нас прыедуць яшчэ двое дзетак, — з радасцю дзеліцца Юля. — Яны выхоўваюцца ў адным з інтэрнатаў вобласці. Дзяцей мы яшчэ не бачылі, але спадзяёмся, што зной-дзем агульную мову і нам будзе цікава разам.
У той час, як спакойны, ураўнаважаны, прыгожы і харызматычны Захар стараецца ўсю адказнасць за сям’ю браць на сябе, маленькая, мініяцюрная, чароўная Юля, фактычна сама яшчэ дзіця, у поўнай меры ўзяла на сябе цяжкую і вельмі адказную ношу мацярынства. Яна перавялася на завочную форму навучання, працуе выхавацелем у дзіцячым садку і выконвае адно з самых важных прызначэнняў жанчыны – быць маці, жонкай, захавальніцай дамашняга ачага.
Хочацца шчыра пажадаць поспеху і ўдачы Захару і Юліі, якія не на словах, а на справе дапамагаюць дзецям, зведаўшым з першых гадоў свайго жыцця горыч здрады з боку самых родных людзей. Няхай як мага хутчэй збудзецца іх мара займець вялікі і прасторны дом, напоўнены шчаслівымі дзіцячымі галасамі.
Аліна СУДНІК.
Фота аўтара.