Тысячны намалот – не мяжа
Ужо дзве ўборачныя запар не зыходзяць з Дошак гонару імёны Дзмітрыя і Таццяны Лапыравых з аграгарадка Заполле.
Экіпаж камбайнераў у лідарах на ўборцы не толькі ў роднай гаспадарцы СВК «Калгас імя Будзённага», а і ў раёне сярод працаўнікоў-тысячнікаў па намалотах збожжа. У час мінулагодняга жніва давялося пазнаёміцца з гэтай сямейнай парай і ўпэўніцца, што яны ўдала дапаўняюць і разумеюць адзін аднаго. Абодва маладыя і прыгожыя, мэтанакіраваныя, працаздольныя і нават знешне падобныя. Ці не таму ладзяцца ў іх справы і на хлебнай ніве? Згадзіцеся, не кожная жанчына адважыцца пайсці ў памочнікі на камбайн у час уборачнай. Нялёгкая справа, як кажуць, не жаночая. Жніво патрабуе максімальнай аддачы, неверагоднай вынослівасці і сіл. Гэта на самой справе праца да сёмага поту. Калі ўзгадаць сёлетняе, то і да сто сёмага, бо ўбіраць вырашчаны ўраджай давялося ў вельмі спякотныя дні. Слупок тэрмометра штодзень узнімаўся да плюс 35 градусаў С і часам нават крыху вышэй. На адкрытым полі не схаваешся ў цянёк, ды і няма часу. Але калі на ўзбраенні – аптымізм і жаданне працаваць на рэзультат, то і спёка не надта замінае. Галоўнае, каб не падвяла тэхніка.
Дзмітрый Лапыраў хаця і малады, але ўжо вопытны мезанізатар. Не адзін год шчыруе на калгасных палетках, і падуладна яму любая, нават навейшая тэхніка. Працы на зямлі не цураецца, як многія маладыя людзі, а зусім наадварот. Адным словам, свой чалавек сярод вяскоўцаў, хаця і з прыезжых, родам з Бабруйскага раёна. Яно і зразумела: працавітых усюды паважаюць.
Парадаваў сёлета ўраджай зерневых і не толькі на палях калгаса імя Будзённага. Амаль у кожнай гаспадарцы раёна ён нашмат большы за мінулагодні, а ў цэлым і рэкордны за апошнія дзесяцігоддзі. Гэта шчодры дар нашай зямлі за клопат і штодзённую працу мазолістых рук усіх тых, хто так або інакш звязаны з сельскай гаспадаркай, галіной, якая забяспечвае харчовую бяспеку краіны і на су-светным рынку даўно заваявала станоўчыя пазіцыі.
Алена ГАНЧАРОВА.
Фота аўтара.