СВК “КАЛГАС “НЯСЯТА” Ў ДАЖЫНАЧНЫМ КАРАГОДЗЕ
На палетках гаспадаркі ўраджай зерневых і зернебабовых культур паспеў на плошчы 922 гектары. Намалочана 4249 тон зерня, а гэта амаль на 2 тысячы тон больш, чым летась. З кожнага гектара сабралі па 46,1 цэнтнера.
На жніве шчыравалі 5 зернеўборачных экіпажаў. Лепшых вынікаў дабіўся экіпаж Івана Уладзіміравіча Канойкі і Ігара Уладзіміравіча Пінчука.
Старшы камбайнер Іван Канойка прызнаецца, што вельмі хваляваўся, калі даваў згоду на працу ў якасці старшага камбайнера. Асноўнае яго месца працы – спіртзавод. Некалькі сезонаў быў за памочніка і з даручанай справай спраўляўся, а тут адказнасць павялічваецца ў разы. Але, як кажуць, вочы баяцца, а рукі робяць.
– Нават і не спадзяваўся, што нашы намалоты будуць самыя вя-лікія па гаспадарцы – 1395 тон (а гэта чацвёртае месца ў раённым спаборніцтве). Асабліва не сачыў за ходам спаборніцтваў, не да таго было. Затое жонка вельмі перажывала і з нецярпеннем чакала чарговы нумар раённай газеты, каб зазірнуць у экран спаборніцтваў.
Жніво было няпростым. Гарачыня стаяла аж да цямна, выратоўваў кандыцыянер. Ды і ліпеньская непагадзь зрабіла сваю чорную справу, прыпляскаўшы налітае калоссе долу. На полі, што каля зернятоку, нібы асфальтавым катком хто прайшоўся. Нават не верылася, што ўдасца ўсё дачыста падняць і абмалаціць. Але мы зрабілі гэта! Я вельмі рады, што ўраджай сёлета багаты, мне цяжка перадаць словамі тыя эмоцыі, што перапаўняюць. Прыемна ўсведамляць, што ў агульнай справе хлебаробаў ёсць часцінка і нашай з напарнікам сціплай працы.
Стараліся не адставаць ад лідараў жніва і іншыя мясцовыя хлебаробы. Так, на рахунку Рамана Мікалаевіча Астапенкі і Віталя Уладзіміравіча Добрута намалот у 1109 тон. У ліку пераможцаў раённага спаборніцтва сярод маладых хлебаробаў – вадзіцель на адвозцы зерня ад камбайнаў Уладзімір Мікалаевіч Рыбак. Ён перавёз 1457 тон зерня новага ўраджаю, а яго старэйшы таварыш Васіль Васільевіч Нямыцька – 1542 тоны найкаштоўнейшай сыравіны.
На варце здаровага, рацыянальнага і смачнага харчавання ўжо які год стаіць калектыў калгаснай сталовай на чале з загадчыцай Тамарай Канстанцінаўнай Баркоўскай. Повар Ірына Анатольеўна Кавалёва і раздатчыца абедаў Валія Дарвінаўна Чарнякова на працягу многіх гадоў стараюцца трымаць марку і смачна карміць хлебаробаў, і тыя задаволены працай жанчын. Абеды заўсёды атрымліваюцца смачныя, нараканняў няма. Ацэньваюць высока іх прафесіяналізм і хлебаробы ААТ “Клічаўрайаграпрамтэхзабеспячэнне”, якія таксама сілкуюцца ў гэтай сталоўцы.
Дарэчы, па выніках раённага спаборніцтва калектыў калгаснай сталовай стабільна займае першае месца па ўсіх паказчыках.
Аліна СУДНІК.
На здымку (злева направа): І. У. Пінчук, В. А. Фальковіч, старшыня калгаса, І. У. Канойка.