ПРЫЦЯГНЕННЕ ЗЯМЛІ. ПРЫЦЯГНЕННЕ ПАЛЁЎ
Зачырванелі гронкі рабіны – сустракай восень-багатуху!
Сёлета яна сапраўды шчодрая: людзі кошыкамі носяць з лесу крамяные баравікі і маладзенькія чырвонагаловікі, падбярозавікі, маслякі, голле яблынь аж гнецца пад цяжарам наліўных пладоў, бульбы людзі накопваюць пад 300 мяхоў з невялікіх участкаў, на балотах нашых журавіны спеюць. А хлебны каравай які ладны! У КСВК “Калгас імя Тэльмана” ён заважыў больш за 4700 тон збожжавых і зернебабовых.
Лёгкі хлеб бывае хіба што ў казках. А так, хто дбае, той і мае. Гэту жыццёвую мудрасць добра засвоіў і Сяргей КОЗЫР са Старога Вострава. На ўсё ў яго сучаснае бачанне. Лічыць, што ў жыцці ўсяму можна навучыцца (праз кнігі таксама), было б жаданне. У свае 33 гады ён трактарыст 1 класа, трактары розных марак, камбайны – усё па плячы. Працаваць жа ўмее так, што за летні месяц зарабляе нават больш за тых, хто за “доўгі рубель” кладзе здароўе за мяжой.
Цікаўлюся: адкуль такія карані?
– З зямлёй лёс усёй нашай сям’і звязаны, – расказвае Сяргей Мікалаевіч. – Бацька ў свой час на трактары на мясцовых палетках завіхаўся. Ад яго і пераняў гэту навуку, малы быў рады, калі дазваляў ён якую гайку закруціць. Далей – болей. У арміі адслужыў у ваенна-паветраных сілах, і зноў вярнуўся ў калгас. І вось ужо дзесяць гадоў хлебароб.
– А вольны час, захапленні ёсць?
– Адпачываем, калі ўжо завершаны асноўныя сельгасработы. Люблю рыбачыць, як і большасць у Востраве. Летась на жыўца спінінгам вылавіў сома каля 6,5 кілаграма.
– А сёлетняе жніво якое па ліку?
– Першае! Але не комам! (жартуе). Бу-дзем працягваць у тым жа духу!
Вось так, ведай нашых! Першае жніво камбайнерам – і трэцяе месца ў раённым спаборніцтве сярод маладзёжных экіпажаў! Добры старт працоўнай доблесці.
Старшыня калгаса Васіль Васільевіч Шварц задаволена канстатуе: “На такую моладзь, як Сяргей Козыр, робім стаўку. Любую справу можам яму даручыць. На жніве на камбайне працаваў, гэта асноўны занятак. А так на трактары з навясным абсталяваннем яшчэ паспяваў падкормкі накасіць для калгаснай жывёлы, падгарнуць збожжа на збожжаскладах, сена ў рулонах у бурты паскладваць і гэтак далей. Актыўны, ініцыятыўны, увішны. Так што маладосць не загана – перавага!”
Ніна ІЗОХ. Фота аўтара.