ПАТРЫЁТАМІ НЕ НАРАДЖАЮЦЦА – ІМІ СТАНОВЯЦЦА
У гэтым упэўнены вучні і настаўнікі Нясяцкай СШ. Адзін са сродкаў выхавання любові да Радзімы, павагі да яе гісторыі, по-дзвігу і працоўнай славы беларускага народа – турыстычная дзейнасць.
Толькі сёлета мясцовая дзятва ў святочны дзень Перамогі пабывала на экскурсіі на мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, на мемарыяле “Усакіна”, ля помніка ахвярам спаленых вёсак Вязень і Сялец, у клічаўскім краязнаўчым музеі, раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях і іншых. Адна з апошніх вандровак нясяцкіх школьнікаў, у тым ліку ўдзельнікаў гуртка “Юны турыст-краявед”, – у пасёлак Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна.
Асноўная мэта падарож-жа – наведванне мемарыяльнага комплексу “Дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны”, які размешчаны ў гэтым пасёлку. Цяжка перадаць словамі тыя пачуцці, якія апаноўваюць лю-дзей на гэтым месцы. Думаецца, гэта адчуванне чужога, далёкага гора. Нездарма гэты мемарыял яшчэ называюць “дзіцячай Хатынню”. Ён пры-свечаны дзецям на вайне, самым безабаронным істотам.
Вядома, што на тэрыторыі Беларусі было 14 канцлагераў, у якіх у дзяцей выкачвалі кроў для параненых салдат вермахта. Адзін з такіх канцлагераў быў у Чырвоным Беразе. Вайна ўкрала ў гэтых дзяцей усё: бацькоў, дзяцінства, школу, неба, будучае… і жыццё. Мемарыял расказвае аб жудаснай трагедыі маленькіх вязняў. І вучыць наведвальнікаў ненавідзець вайну, фашызм і неафашызм, цаніць мір, згоду і незалежнасць Радзімы.
У Чырвоным Беразе дзеці пазнаёміліся і са славутасцю Гомельшчыны – палаца-паркавым комплексам, сядзібай Гатоўскага, пабудаванай у ХІХ стагоддзі, якая спалучае ў сабе раманскі і неагатычны архітэктурныя стылі. Адметны тут і шыкоўны англійскі сад наўкол сядзібы з асаблівым багаццем фарбаў гэтай восеньскай парой.
А завяршылася падарожжа нясяцкіх школьнікаў на вясёлай ноце. На зваротнай дарозе яны ўдосталь нафатаграфаваліся каля забаўных маляўнічых саламяных скульптур, што былі падрыхтаваны да абласных “Дажынак” і ўпрыгожвалі аўтатрасу.
Ірына ГАЛАЦЭВІЧ,
кіраўнік гуртка
«Юны турыст-краявед» Нясяцкай СШ.