На мяжы між жыццём і нябытам. У нашых сэрцах ніхто не забыты

За  шматвекавую  гісторыю  Беларусь  неаднаразова  станавілася  арэнай  страшэнных  войнаў.  Кожная  з  іх  пакінула  цяжкія, незагойныя  раны, смерць  і  разбурэнне.  Самай кровапралітнай  у  гісторыі  чалавецтва  стала  Вялікая  Айчынная  вайна.
Пра фашызм чалавецтва ведае, здаецца, усё. Попел мільёнаў ахвяр стукае ў сэрцы людзей.
I ўсё ж сям-там зноў  і зноў  людзі,  якія самі не перажылі  ўсіх жахаў Другой сусветнай  вайны,  спрабуюць перапісаць  гісторыю, абяліць  і апраўдаць  фашызм  у вачах новых пакаленняў.  Дзясяткі  «навуковых прац»  пра Гітлера  і яго зграю друкуюцца  на Захадзе.  А   колькі кніг і артыкулаў, аўтары якіх на  ўсе  лады стараюцца надаць чалавечыя  рысы нацызму,  выцягнуць  з  таго  свету  сумніўных  “герояў”.
Аднак ёсць яшчэ сведкі,  у памяці  якіх  жыве  непадкупная  памяць пра фашызм гестапаўскі, канцлагерны, хатынскі. Суд народаў не закончыўся ў Нюрнберзе. Ён працягваецца ў памяці народнай. Суд гэты ідзе не толькі дзеля гістарычнай справяд-лівасці. Ён жывым патрэбен дзеля жыцця. Бо нездарма  кажуць, што той, хто не памятае свайго мінулага, асуджаны зноў яго перажыць.
I таму так важна,  жыццёва  неабходна, каб на ўвесь свет гучала праўда пра фашызм,  а  ў  сэрцах  людзей  жыла  памяць.
Хатынямі  называюць спаленыя  вёскі.  Вогненныя  вёскі — гарачая, балючая, гнеўная праўда і памяць Беларусі. Выратаваныя  жыхары нашых разбураных у вайну гарадоў і спаленых вёсак, многія сотні якіх знішчаны разам з жыхарамі, маюць што расказаць свету. Не толькі пра той фашызм, які бачылі і іншыя краіны, але і пра той, які яны ўбачылі б, калі б нацыстам удалося прыступіць да «канчатковага ўрэгулявання ў Еўропе».
Дваццаць мільёнаў чалавечых жыццяў.  Такую цану заплаціў  савецкі  народ,  каб паламаць той «канчатковы план»  і  заставіць  ворага  падпісаць  акт  аб  капітуляцыі.  У гэтым усенародным змаганні велізарную ролю адыгралі адданасць Радзіме, чалавечая  годнасць, мужнасць  воінаў, партызанаў і падпольшчыкаў, усіх нашых людзей, якіх фашысты  бязлітасна знішчалі, забівалі, палілі, але не здолелі  перамагчы  і ператварыць у нявольнікаў. Гэта  яны  перашкодзілі гітлераўцам ажыццявіць на ўвесь размах генеральны план «Ост», згодна  з  якім  мільёны  славян  былі асуджаныя на знішчэнне.
Аднак частка  гэтага «плана»  была  імі  рэалізавана.  Уся  жорсткасць нечуваным у гісторыі чалавецтва цяжарам абрынулася не  толькі  на  ваенных,  а  і  на дзяцей, жанчын, нямоглых  старых.
Агульнавядома лічбавая характарыстыка “новага парадку”, якім  гітлераўцы сіліліся “ашчаслівіць” наш родны край: амаль 10 тысяч беларускіх вёсак пайшлі дымам. З іх 5295 спалены разам з людзьмі. 628 вёсак падзялілі лёс Хатыні. 186 згінулых у полымі разам з жыхарамі вёсак так і не былі адноўлены пасля вайны.  У  тым  ліку  нашы Вязень  і  Сялец.  Ёсць і яшчэ адзін вельмі важны аспект-напамінак усім  нам:  каб — крый Божа! — нацысцкі генеральны план “Ост” здзейсніўся, дык ён бы пад новай назвай павярнуў ход  гісторыі  ў іншы бок. І лёс беларускай Хатыні, Дальвы і сотняў іншых беларускіх вёсак спасціг бы шмат якія селішчы і ў іншых краінах  свету. І не вельмі далёкія падзеі на зямлі Югаславіі, а цяпер  і  Украіны — грунтоўны і  неабвержны  доказ  таму.
«Я з вогненнай вёскі…»  Гэтыя  словы  па  праве  могуць  сказаць ураджэнцы болей  60  населеных пунктаў  нашага  раёна.  Разам  з  захавальніцай  фондаў  раённага  музея  Таццянай  Касцюкевіч  дастаём  з  папкі  пажоўклыя  ад  часу, спісаныя  чар-нільнай  самапіскай  аркушы  паперы,  архіў-ныя  даведкі,  на  якіх   пячаткі, подпісы.  Афі-цыйныя, скупыя  звесткі:  назва вёскі, колькасць  двароў  і колькасць  жыхароў  да  вайны, колькасць  спаленых  або пашкоджаных  хат, колькасць  загінуўшых  жыхароў.
Самыя  вялікія  чалавечыя  ахвяры  панеслі  вёскі  Дубно,  дзе  было  забіта 120  чалавек,  Люціна (80), Сялец (60), Вязень (80), Бацэвічы (71),  Доўгае (97),  Закупленне (64), Развадава (60),  Усакіна (80), Суша (53),  Ваевічы (31),  Бёрда (37), Вялікая Старына (26), Жэрдзішча (25), Даўжанка (15), Залічынка (17). Усяго ў 64  населеных пунктах знішчаны  сотні  людзей.  Дзеткі,  жанчыны,  старыя, якія , як і мы, хацелі жыць,  слухаць спевы салаўёў, бегаць басанож па расе, кахаць…
У другой папцы знаходзім вельмі каштоўныя паперы, на якіх   прыгожым почыркам  маладзенькай настаўніцы Зоі  Емяльянаўны  Самуйлёнак  запісаны ўспаміны  старажылаў  з  Арэхаўкі.
З  успамінаў  Зайца  Лявонція  Дзям’янавіча,  жыхара  вёскі  Альхоўка,  запіс  зроблены  ўласнаручна:
“У  жніўні  1942  года  немцамі  былі   расстраляныя  жыхары  вёсак  Вязень  і  Сялец.  У  тым  ліку  і  мая  сям’я:  45-гадовыя  бацькі  Дзям’ян  Лявонцьевіч  і  Агапа  Іванаўна,  браты —12-гадовы  Міхаіл  і  8-гадовы  Віктар,  4-гадовая  сястра  Галя.  Яшчэ  адзін  брат,  Аляксей,  у  1944  годзе  загінуў  на  фронце  ў  баях  пад  Беластокам.
Я  ў  гэты  час  знаходзіўся  ў  партызанскім  атрадзе  №  61.  Яго  камандзір — Рыгор  Кузьміч  Паўлаў,  якога  яшчэ  ўсе  звалі  “Барада”.
27-29  ліпеня  1942  года  я  разам  з  партызанамі  Васілём  Пятровічам  Зайцам,  які  пасля  вайны  жыў  у  Замікітцы,  Сідарковым  і  Пятром  Лескаўцом ( загінулі  на  вайне )  наведаліся  да  сваіх  землякоў,  якія  жылі  ў  лесе.  Яны  нам  расказалі,  што  ў  вёсцы  немцы.  Мы  выйшлі  на  ўзлесак  і  сапраўды  ўбачылі  немцаў,  якія  ехалі  па  вёсцы  на  конях.  Мы  іх  абстралялі,  аднаго  немца  я  застрэліў.  Напэўна,  гэта  і  паслужыла  прычынай,  па  якой  расстралялі  жыхароў  дзвюх  вёсак,  а  самі  вёскі  поўнасцю  спалілі…”
* * *
Ад  аўтара.  У  жывых  засталіся 12  жыхароў  вёскі  Вязень:  Драка  Цімафей  Міронавіч,  Лескавец  Рыгор  Цімафеевіч,  Крыванос  Фёдар  Арцёмавіч,  Ачыновіч  Яфім  Кандратавіч, Цмыг  Марыя  Яфімаўна, Бандарчык  Пётр  Іванавіч,  Заяц  Лявонцій  Дзям’янавіч,  Мароз  Фама,  Цмыг  Павел,  Бухава  Ірына,  Драка  Лук’ян,  Хамічонак  Анастасія — і  4  жыхары  вёс-        кі  Сялец:  Крыванос  Павел  Дзмітрыевіч,  Буцанец  Наталля,  Крыванос  Аляксей  Іванавіч,  Крыванос  Анастасія  Сілкаў-           на.
* * *
Запіс  успамінаў  Алены  Максімаўны  Міхнёнак,  1905  года  нараджэння,  ура-джэнкі  вёскі  Арэхаўка,  зроблены  настаўніцай  Зояй  Емяльянаўнай  Самуйлёнак  14  красавіка  1990  года:
“Мой  муж  Фёдар  Гаўрылавіч  Міхнёнак,  1905  года  нараджэння,  пайшоў  на  фронт  у  першыя  дні  вайны  і  прапаў  без  вестак.  Засталася  я  і  пяцёра  дзетак.  На  пачатак  вайны  сыну  Аляксею было 13  гадоў,  дочцэ  Ніне –10,  Галі –5,  Паліне –3,  Валі – 1  годзік.  Федзька  нарадзіўся  ў  1942  годзе,  бацька  яго  так  і  не  ўбачыў  і  не  патрымаў  на  руках.
Калі  ўсе  мужчыны  пайшлі  на  фронт,  то  старшынёй  выбралі  Якава  Сазонавіча  Шатуху,  старэйшага  і  вельмі  паважанага  ўсімі  чалавека.
Ён  усё  калгаснае  дабро  падзяліў  паміж  людзьмі  па  колькасці  едакоў.
А  праз  некалькі  дзён  прыйшлі  немцы.  Сталі  адбіраць  кароў.  Людзі,  хто  як  мог,  хавалі  скаціну  ў  паграбах,  у  лесе,  а  потым  сталі  рэзаць  на  мяса.  Да  наступлення  халадоў  кароў  у  вёсцы  не  засталося.
А  восенню  1943  года  здарылася  страшная  бяда. У  той  дзень  мы  капалі  на  полі  бульбу.  Знянацку  наляцелі  нямецкія  самалёты  і  пачалі  бамбіць  вёску.  Усе  людзі  кінуліся  ў  лес,  а  я  –  у  вёску.  Там  жа  дзеці!
Ускочыла  ў  хату –  пуста,  няма  дзяцей.  Вокны  павыляталі,  усё  кругом  гарыць.  Я  разгубілася  і  бегаю  вакол  хаты.  Чую,  з  алешніку,  які  рос  побач,  людзі  крычаць:  “Ратуйся,  дзяцей  тваіх  вывелі!”.  Я  пабегла  на  крык,  а  ў  гэты  момант  запалалі  амаль  усе  нашы  хаты.  Уцалела  іх  усяго  11.    (Да  вайны  было  117. –  Заўв. аўтара).  Дзетак  суседка  Саўчыха  вывела  ў  лес.  Як  мы  выжылі  ў  тым  пеклі?  А  потым  яшчэ  тры  гады  ў  зямлянцы?”
* * *
20  красавіка  1990  года  Зоя  Емяльянаўна  запісала  ўспаміны  Еўдакіі  Лявонць-еўны  Рамнёнак,  1919  года  нараджэння.  Гэта  жанчына  стала  сведкай  расстрэлу  і  закапвання  жывымі  яўрэяў  ў  мястэчку  Свіслач  Асіповіцкага  раёна.  А  яшчэ  яна  апісвае,  як  у  1942  годзе  немцы  праводзілі  карную  аперацыю  супраць  партызанаў.  Яны  разам  са  свіслацкімі  паліцаямі                 акружылі  Арэхаўку.  Людзі  сталі  ўцякаць  у  арэшнік,  16  арэхаўцаў  тады  дагналі  кулі  карнікаў.  Прозвішчы  12  з  іх  Еўдакія  Лявонцьеўна  ўспомніла:  Рыгор  Юстынавіч  Рамнёнак, Якаў  Міхайлавіч  Яскевіч,  Уладзімір  Рыгоравіч  Дубіна,  Фёдар  Ва-сільевіч  Рамнёнак,  Палуйка,  Мікалай  Паўлавіч  Навумчык,  Ганна  Нікіфараўна  Паўлоўская,  Рыгор  Міхайлавіч  Міхнёнак,  Рыгор  Трафімавіч  Завадскі,  Давыд  Сяргеевіч  Рамнёнак,  Рыгор  Дубіна….
* * *
З  хваляваннем  чытаем  лісты,  напісаныя  рукой  Івана  Ягоравіча  Самуйлёнка,  жыхара  вёскі  Ядраная  Слабада.  Былы  партызанскі  разведчык,  а   з  чэрвеня  1944  года — разведчык  1023  стралковага  палка  307  стралковай  дывізіі  II  Беларускага  фронту,  апісвае  свой  баявы  шлях.  На  адным  з  лістоў  пакінуў  вось  такі  запіс:
«У  лютым  1943  года  вёску  Ядраная  Слабада  ноччу  акружылі  немцы.  Жыхароў  выгналі  з  хат  і  расстралялі  15  чалавек:  Іосіфа  Паўлавіча  Гаварунова,  Уладзіміра  Васільевіча  Кушнярова,  Гурыя  Малахавіча  Кавалёва,  Максіма  Нікіфаравіча  Гусакова,  Лукаша  Баранчука,  Ягора  Якаўлевіча  Палазкова,  Івана  Лебедзева,  Івана  Аўрамавіча  Кушнярова,  Андрэя  Шухнова,  Сцяпана  Есіпёнка,  Андрэя  Дзям’янавіча  Данілёнка,  Ганну  Сцяпанаўну  Палазкову, Ганну  Ільінічну  Рыбакову,  Ніканора  Яфімавіча  Кушнярова.
Астатніх  жыхароў  пагналі  на  станцыю,  пагрузілі  ў  эшалоны  і  адправілі  ў  канцлагеры  Крычава  і  Магілёва.  Там  расстралялі  або  жывымі  закапалі яшчэ  некалькі  чалавек.  У  тым  ліку  жонку  Марыю  і  двое  дзетак  партызана  Фёдара  Іванавіча  Гадунова (Іван  Ягоравіч  нават  указвае  прозвішча  жанчыны,  якая  выдала  немцам  партызанскую  сям,ю. –  Заўв. аўтара), маю  бабулю  Фядосію  Мартынаўну  Самуйлёнак  і  Аляксея  Сямёнавіча  Купрыянава.
Маю  маці  аднавяскоўцы  не  выдалі,  таму  яна  засталася  жывой…»

Аліна  Суднік.

Добавить комментарий