АПОШНІЯ ПРЫГАТАВАННІ ДА СВЯТА
На мінулым тыдні адбылося выязное пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні раённага свята «Дажынкі» ў аграгарадку Новыя Максімавічы.
Аграгарадок прыхарошваецца да свята. Ужо заззяў свежымі фарбамі сельскі Дом культуры, хутка набудзе новы выгляд фельдшарска-акушэрскі пункт. Работнікі камунальнай службы папрацавалі на добраўпарадкаванні вуліц, прыведзены ў парадак помнік ахвярам Вялікай Айчыннай вайны і прылягаючы да яго парк. Ва ўзорным стане тэрыторыі школы і дзіцячага садка. І усё ж старшыня райвыканкама Ф. В. Ва-шчыла зрабіў шэраг заўваг, даў даручэнні адпаведным службам і вызначыў тэрмін на ўхіленне недахопаў і агрэхаў.
Святочныя мерапрыемствы адбудуцца ў суботу, 13 верасня. Герояў жніва і хлебаробаў, гасцей і ўдзельнікаў свята чакае цікавая і разнастайная культурна-забаўляльная і спартыўная праграма. Мерапрыемствы вясковых «Дажынак» і канцэртная праграма спланаваны такім чынам, каб усім знайшлося месца і забава па душы. А паглядзець будзе што, ды і паўдзельнічаць у конкурсах і віктарынах, пачаставацца адмысловымі напоямі на травах, набыць слоік максімавіцкага мядку і іншую смакату, што прапануюць спажывецкае таварыства і прыватныя гандляры, зможа кожны, хто не палянуецца і прыме ўдзел у раённым кірмашы “Дажынкі – 2014”.
Падворкі ў старанных гаспадароў і гаспадынь упрыгожваюць рознакаляровыя вясёлкі з кветак, у садах наліваюцца сокам яблыкі, а яшчэ тут вырас багаты ўраджай бульбы, гарбузоў, капусты, буракоў, морквы, памідораў, цыбулі. Дбайныя, гаспадарлівыя максімаўцы стараюцца назапасіць на зіму дары лесу і за парой убраць вырашчаны ўраджай.
Аліна СУДНІК.
Фота аўтара.