АДНО ШЧАСЦЕ НА ДВАІХ
“Не патрэбен і клад, калі ў сям’і лад” – гэта прыказка якраз аб сям’і Уладзіміра і Людмілы АЛЯХНОВІЧ з вёскі Бёрда. А асноўная і самая вялікая каштоўнасць у ёй – “три сыночка и лапочка-дочка”!
Ну хто аспрэчыць, гледзячы на гэту дружную сям’ю, што шлюбы заключаюцца на нябёсах!? І калі не шанцуе, а знаёмыя кажуць, што ваш “цягнік ужо пайшоў”, не адчайвайцеся: ніколі не позна пачаць усё з “чыстага ліста”! Прыкладам таму – лёс нашых герояў.
Не ўсё адразу атрымалася і ў жыцці Уладзіміра. Былі горкія часы, калі не заладзіўся першы шлюб, пахаваў бацькоў, застаўся адзінокім. Мужчына ў росквіце сіл, а хата пустая, знямелая… Толькі, відаць, у кнізе лёсаў усё ж такі была напісана іх сустрэча. Людміла свая, вясковая, тады працавала паштальёнам і міма яго двара не раз праходзіла. Прыкмеціла мужчыну, запаў ён у душу, не пабаялася і значнай розніцы ва ўзросце. Зараз яны разам ужо 12 гадоў, і ў іх хаце і на двары шумна і весела, поўняцца яны тупатам дзіцячых ножак і вясёлым смехам, гоманам дзятвы.
– Сям’я Аляхновіч, – зазначае дырэктар мясцовай школы Ніна Юркавец, – адна з самых лепшых. Дзеці ў іх выхаваныя, дысцыплінаваныя, вучацца паспяхова. Бацькі заўсёды ў курсе ўсіх падзей жыцця малых, за ўсё ў адказе. Сапраўды дружная, здаровая сям’я. Болей бы такіх…
А наша сустрэча адбылася днямі, у час школьных канікулаў, таму ўся сям’я была дома. Хочацца сказаць, моцная сям’я. Чаму? Бо браты Саша, Міша, Паша (розніца ва ўзросце паміж кожным – у тры гады) адзін без другога ні на крок. Калі хтосьці на гадзіну да бабулі пайшоў, то двое другіх не могуць дачакацца, сумуюць, нават плачуць. І ўсе трое трымаюцца бацькі, для іх ён – галоўны аўтарытэт і прыклад. І ёсць у чым. Тата на ўсе рукі майстар, гаспадар, адным словам – галава сям’і.
Хоць сям’я Аляхновіч шмат-дзетная, але, як часам бывае, на дзяржаву не разлічвае, толькі на сябе. Уладзімір Міхайлавіч усё жыццё працуе ў Бёрдаўскім лясніцтве. Скончыў Полацкі лясны тэхнікум, быў рабочым, лесніком, майстрам. Калі ў іх нара-дзіўся трэці сынок, Павел, то на сямейным савеце пастанавілі, што ў водпуск па доглядзе за малым пойдзе ён, бацька. Немаўляці было тады ўсяго два месяцы! Маці пасля дэкрэтнага водпуску выйшла на працу, а ён не толькі гадаваў-галубіў сыночка, а за гэты час уласнымі рукамі зрабіў да бацькоўскай хаты ладную прыбудову. Цяпер там вя-лізная кухня і сталовая, ёсць дзе размясціцца ўсім.
Якраз тады, пяць гадоў таму, праходзіла аптымізацыя паштовай сеткі раёна, мясцовае ад-дзяленне сувязі было зачынена, а абслугоўваць насельніцтва Бёрда і навакольных вёсак стала перасоўнае паштовае аддзяленне сувязі №2 (начальнік Г. А. Кардымон). Людміла Аляхновіч па-ранейшаму засталася тут паштальёнам. З раніцы ёй усё неабходнае дастаўляе аўтамабіль паштовай сувязі. Гэта не толькі газеты, часопісы, пісьмы, пасылкі, а і прадукты харчавання. Так, Людміла Анатольеўна па заяўках вядзе і іх продаж.
Амаль год таму “бусел” зноў не абмінуў хату Аляхновічаў і зноў прынёс ім немаўлятка, на гэты раз доўгачаканую дачушку. Імя ёй далі сімвалічнае – Марыя, бо нарадзілася якраз у свята Успення Прасвятой Багародзіцы. Зараз ужо маці знахо-дзіцца ў водпуску па доглядзе за малой да трохгадовага ўзросту, а Уладзімір Міхайлавіч па дагаворы працуе паштальёнам. Аператыўна, у час свежую карэспандэнцыю, пенсіі землякам даставіць, правядзе разлік за тэлефонную сувязь (за мабільную таксама), спажытую электраэнергію, камунальныя паслугі, прадасць газеты, паштоўкі, маркі і г.д. Працуе, як і заўсёды, добрасумленна, інакш не ў яго правілах. Лясной гаспадарцы Уладзімір Міхайлавіч не здрадзіў, толькі цяпер асноўнае яго месца працы – вартаўнік Дома паляўнічага лясгаса.
А дома – надзейны тыл, тут чакаюць, разумеюць, падтрым-ліваюць. Ёсць добрыя памочні-кі – сыны, на іх і разлічвае! Так, так, нічога, што малыя. Напрыклад, радуюць бацькоў поспехі Мішы ў матэматыцы, ды і чытаць ён таксама любіць. Саша ўжо год адвучыўся ў клічаўскай школе, цяпер шасцікласнік, на яго таксама ніякіх нараканняў няма. А яшчэ цікавяцца хлопцы тэхнікай, любяць жывёлу. Растуць яны ўвішнымі, працавітымі. Старэйшыя сыны ўдвух летась па ўласным жаданні скасілі бульбянік на 15 сотках! Пустазелле і на двары павыкошваюць, і на вуліцы. Дровы на зіму нарыхтоўваюць: бацька распілоўвае, коле, яны – патрошку, патрошку – і перанясуць. Грады возьмуцца палоць – ні травінкі! Умеюць у лесе грыбы, ягады збіраць, няхай і невялікія, а свае грошы зарабіць. “Яны ж будучыя гаспадары, трэба ўсяму з маленства навучыць, бо бацькі не вечныя” , – разважае Уладзімір Міхайлавіч. І мае рацыю.
А ў “дзяўчат” свае клопаты. Маша пакуль гуліць ды пузыры пускае, забаўляецца, ёй да памочніцы расці і расці! У Людмілы Анатольеўны клопатаў штодня хоць адбаўляй. Чатыры мужыкі і немаўлятка-дачка – немалая сямейка. Толькі паспявай паварочвайся, гатуй, прыбірай, мый. “Нядаўна правялі сабе ў дом ва ду! – радуецца гаспадыня. – Цяпер іншая справа, усё стала намнога прасцей. Тая ж пральная машынка-аўтамат значна выручае”.
А яшчэ кожны ў сям’і – асоба, інтарэсы якой, характар неабходна ўлічыць, якую патрэбна зразумець, прыгалубіць, на тое ж яна і маці, жонка, захавальніца сямейнага ачага.
Вось такое шчасце Аляхновічаў, простае, зямное, адно на дваіх.
Ніна ІЗОХ. Фота аўтара.