КОЖНЫ ДЗЕНЬ ДОРАЦЬ РАДАСЦЬ ЛЮДЗЯМ
Учора ва ўсім свеце адзначаўся Дзень медыцынскіх сясцёр. Свята гэта мае глыбокія гістарычныя карані і дае магчымасць лішні раз выказаць словы ўдзячнасці, кажучы казённай мовай, сярэдняму медыцынскаму персаналу.
Кожны раз, калі выпадае нагода пісаць аб прадстаўніцах адной з самых гуманных прафесій на свеце, узгадваюцца творы Івана Шамякіна “Сэрца на далоні”, “Трывожнае шчасце”, дзе ў вобразах герояў, урача і фельчаркі, пісьменнік увасобіў лепшыя рысы медсясцёр, такія, як узнёсласць, адкрытасць людзям, пачуццё любові і спагады да іх, унутраная глыбіня і чысціня, глыбокая адказнасць за сваю справу. Праца прыносіць ім задавальненне, яны сумленна ставяцца да сваіх службовых абавязкаў, дапамагаюць пазбыцца хвароб не толькі лекамі, але і цёплым словам, дабрынёй, клопатам і ўвагай.
Усе гэтыя рысы ўласцівыя і нашым сучасніцам, загадчыцам ФАПаў Наталлі Аляксандраўне Белазор з вёскі Буднева, Таццяне Аляксееўне Макавецкай з аграгарадка Заполле, Ганне Віктараўне Тарасюк з Ядранай Слабады, Ірыне Уладзіміраўне Станчык з аграгарадка Нясята, Вікторыі Георгіеўне Казак з Дзмітраўкі (на здымку злева направа). У іх няма вялікіх дасягненняў і адкрыццяў, высокіх званняў. Для іх самае большае шчасце – ведаць, што яны патрэбныя пацыентам.
Аб тым, што фельчар заўсёды вельмі жаданы госць у кожным сельскім доме, яскрава сведчаць тэлефонныя званкі ў рэдакцыю ад жыхароў раёна. Шмат цёплых, шчырых, сардэчных слоў выказваюць яны ў адрас людзей у белых халатах! Такія званкі кранаюць сваёй шчырасцю і прастатой, наводзяць на роздум, што знакамітае “не нашкодзь” у Клятве Гіпакрата – гэта ўсё ж такі неабходны маральны мінімум, які патрабуе ад медыкаў любога ўзроўню – ад акадэмікаў да санітарак — кожны дзень шчодра дарыць хворым сваю ўвагу, неабыякавасць, добрыя словы. Толькі ў такім выпадку можна разлічваць на станоўчыя вынікі ад лячэння.
Аліна СУДНІК.