Темы

Графы Патоцкія: хто яны?

Багатай  і  найбольш  шматлікай  панскай  дынастыяй  на  Клічаўшчыне  быў  графскі  род  Патоцкіх,  які  больш  за  стагоддзе  валодаў  Клічавам  і  некаторай  часткай  клічаўскіх  зямель.
Дакументы  сведчаць,  што  шляхецкі  род  Потоцкіх  атрымаў  сваё  прозвішча  ад  вёскі  Паток,  якая  знаходзіцца  непадалёку  ад  Кракава  (Польшча).  Там,  дзе  былі  вотчыны  графскага  роду,  абавязкова  ўзвышаўся  прыгожы  палац.  Вось  толькі  на  Клічаўшчыне  Патоцкія  пакінулі  пасля  сябе  назву  вёскі  Патока,  дзе  раней  размяшчалася  невялікая  паляўнічая  сядзіба  графаў.  Больш  буйнае  памесце  знаходзілася  ў  Беразіно.  Дарэчы,  зараз  гэты  будынак  знаходзіцца  ў  стадыі  рэстаўрацыі.  Крыху  раней  у  нашым раёне  была  яшчэ  адна  вёска – Яўсташына.  Назваў  яе  так  пан  Яўстах  Патоцкі –  чацвёрты  па  ліку.
З  пачатку  XVI  стагоддзя  графскі  род  стаў  вельмі  багатым  і  знакамітым  у  Вялікім  Княстве  Літоўскім.  Але  толькі  ў  пачатку 19  стагоддзя  ва  ўладанні  Патоцкіх  увайшоў  Клічаў  і  некаторая  частка  зямельных  абшараў  з  лясамі,  лугамі,  палямі  і  некалькімі  вёскамі  Даўжанскай,  Брадзецкай  і  Якшыцкай  валасцей  былога  Ігуменскага  павета.  Раней  гэта  зямля  належыла  польскім  магнатам  Сапегам,  затым – польскаму  каралю  Аўгусту  III,  пазней – роду  Тышкевічаў,  які  ў 1801  годзе  парадніўся  з  родам  Патоцкіх.  З  таго  часу  і  амаль  да  1918  года  Клічавам  кіравалі  шэсць  прадстаўнікоў  роду  Патоцкіх.  Яны  былі  непадобныя  адзін  да  другога,  бо  ў  кожнага  быў  свой  нораў  і  палітычны  погляд,  свой  стыль  кіравання  і  адносіны  да  гаспадаркі,  а  таксама  да  людзей.  Агульнае,  што  аб’ядноўвала  гэты  род — высокая  адукаванасць,  культура  і  паляванне.  Амаль  усе  асобы  Патоцкіх  прыцягваюць  увагу  цікавымі  біяграфіямі.  Гэта  дазваляе  дасканала  пазнаёміцца  з  іх  светапоглядамі  і  грамадзянскай  адказнасцю  ў  цяжкі  час  народных  паўстанняў  і  вайны  1812  года,  а  таксама  руска-польскай  вайны,  якая  закранула  і  тэрыторыю  Беларусі.
Першым  прадстаўніком  роду  Патоцкіх  на  Клічаўшчыне  была  Ганна  Патоцкая   (з  роду  Тышкевічаў).  Пасля  яе былі:  Аўгуст  Аляксандравіч,  Маўрыкій  Аляксандравіч (Людвік  Яўстах),  Яўстах  (Маўрыкій  Аляксандэр)  Маўрыкіевіч,  Аўгуст  Адам  Маўрыкіевіч  і  Маўрыкій   Станіслаў (сын  Аўгуста  Адама).
Прародзічы  паноў  Патоцкіх  былі  вельмі  знакамітымі  людзьмі  свайго  часу,  таму  лічу,   чытачам   будзе  цікава  пазнаёміцца  з  некаторымі  з  іх.  Жыццё  гэтых  асоб  супала  з  гістарычнымі перыядамі  існавання  Вялікага  Княства  Літоўскага,  Рэчы  Паспалітай  і  Царства  Польскага.  Некаторыя  з  іх  жылі  і мелі  дачыненне  да  напалеонаўскага  нашэсця  і  паўстання  1863  года.  Аб  іх  дзейнасці  сведчаць  дакументы.  Захаваліся  партрэты,  намаляваныя  знакамітымі  мастакамі.  А  вось  пошукі  інфармацыі  аб  апошніх  графах  Патоцкіх,  на  жаль,  далі  не  вельмі  багаты  матэрыял,  ды  і  той  у  асноўным  на  польскай  мове.  Тым  не  менш,  уся  знойдзеная  інфармацыя   заслугоўвае  ўвагі.  Спадзяюся,  што  яна  стане  для  жыхароў  раёна  цікавай  і  каштоўнай.

Станіслаў Костка  Патоцкі

Станіслаў  Яўстахавіч  (1752—1821) — прадзед  апошняга  клічаўскага  пана  Маўрыкія  Станіслава.  Ён  быў  міністрам  народнай  адукацыі,  прэзідэнтам  Сената  Царства  Польскага  ў  гады  кіравання   імператара  Аляксандра  I.  Пасля  другога  падзелу  Польшчы (1793)  Станіслаў  Яўстахавіч  быў  арыштаваны  аўстрыйскім  урадам,  але  гэта  не  паўплывала  на  яго  далейшую  палітычную  дзейнасць.  Па  заключэнні  Тыльзіцкага  міру (гэты  мірны дагавор  паміж  Францыяй,  Прусіяй  і  Расіяй  быў  заключаны  ў  1807 годзе.  Беласток  і  навакольныя   тэрыторыі,  населеныя  пераважна  беларусамі,  увайшлі  ў  склад  Расіі)   ён  аддае  ўсе  сілы  на  развіццё  адукацыі.  Калі  ўтварылася  Царства  Польскае  (1815 г.),  якое  увайшло  ў  Расійскую  імперыю,  імператар  Аляксандр  I  прызначыў  графа  Патоцкага  міністрам  спавяданняў  і  народнай  адукацыі.  У  гэты  час  пад  кіраўніцтвам  Патоцкага  ў  Варшаве  адкрываецца  Аляксандраўскі  Універсітэт  і  Публічная  бібліятэка.
Станіслаў  Яўстахавіч  быў  знакамітым  пісьменнікам  таго  часу.  Яго  смелая  літаратурная  дзейнасць  выклікала  шмат  нараканняў  з  боку  палітыкаў,  і  ў  хуткім  часе  Патоцкага  абвінавацілі  ў  дэмагогіі  і  ўказам  імператара  Аляксандра І  графа  зволілі  з  пасады  міністра  народнай  адукацыі,  але  ва  ўсіх  іншых  пасадах  і  чынах  ён  застаўся.  Гэта  несправядлівае  звальненне  Станіслаў  Яўстахавіч  не  мог  перажыць.  Ён  з’ехаў  у  сваё  памесце   пад  Варшавай  і  там  14  верасня  1821  года  памёр.
Ад  шлюбу  з  Аляксандрай  Любамірскай  у  графа  быў  адзіны  сын  Аляксандр.

Аляксандр Станіслаў  Патоцкі

Дзед  апошняга  нашага  пана  нарадзіўся  ў  1776  годзе.  Граф  таксама  з’яўляўся  відным  польскім  дзяржаўным  дзеячам.  Ён  аб’ехаў  шмат  дзяржаў  Еўропы  і  ў  1802  годзе  ўступіў  нават  у  Мальтыйскі  рыцарскі  ордэн  рымска-каталіцкай  царквы.  У  1807  годзе  ў  Варшаве  атрымаў  ад  Напалеона  I  прыдворнае  званне,  а  ў  1812 г.  быў  вы-браны  членам  Часовага  Урада  ВКЛ.  Пасля  ўстанаўлення  ў  1815 г.   Царства  Польскага  паступіў  на  расійскую  ваенную  службу  карнетам  лейб-гвардыі  Коннага  палка,  а  з  1823 г. – ад’ютант  галоўнакамандуючага  2-й  арміі  графа  Вітгенштэйна.  У  1824 г. – сенатар-каштэлян  Царства  Польскага.  З  1826   года  служыць   палкоўнікам  у  Курляндскім  драгунскім  палку.  У  гэтым  жа  годзе  пайшоў  у  адстаўку  і  вярнуўся  ў  Варшаву.  З  1832  па  1838 гады – обер-шталмейстар  (прыдворны  чын  2  класа)  імператарскага  двара  Расіі,  затым – упраўляючы  Яноўскім  казённым  заводам.  Памёр  ва  ўзросце  66  гадоў.  Кавалер  ордэна  Святога  Станіслава  (1809 г.)  і  Белага  Арла (1829 г.).  Першы  шлюб  трымаў  з  Ганнай  Тышкевіч.  У  сям’і  нарадзілася  трое  дзяцей:  Аўгуст,  Наталля  і  Маўрыкій.  Ад  другога  шлюбу  з  Ізабэлай  Мастоўскай  нарадзіўся  сын  Ста-ніслаў (1824-1887).  З  1829  года  пражываў  грамадзянскім  шлюбам  з  удавой   Аляксандрай  Стакоўскай.

Ганна  Патоцкая-Вансовіч  (Тышкевіч)

Ганна-Марыя-Ева-Апалонія  Тышкевіч (1779—1867) — бабуля  Маўрыкія  Станіслава.  Гэта  першая  і  бадай  самая  найцікавейшая  ўладальніца  клічаўскіх  зямель  з  роду  Патоцкіх.  Менавіта  ёй  пасля  шлюбу  з  графам  Аляксандрам  Станіславам  Патоцкім  у  1801  годзе бацька  Людвік  Тышкевіч  у  якасці  пасагу  дараваў  свае  землі  ў  Любашанскім  старостве.  У  склад  гэтага  староства  ўваходзіў  і  Клічаў.   Род  Тышкевічаў  паходзіў  з  вельмі  багатага  і  знакамітага  руска-літоўскага  роду.  Прадстаўнікі  яго  займалі  высокія  дзяржаўныя  і  вайсковыя  пасады  ў Вялікім  Княстве  Літоўскім  і  ў  Царстве  Польскім.  Бацька  Ганны  стаў  апошнім  з  Тышкевічаў  уладаром   клічаўскіх  зямель.  Вядома,  што  пасля  шлюбу  з  сястрой  караля  польскага  і  вялікага  князя  літоўскага  Станіслава  Панятоўскага  Людвік  узяў  сабе  дадатковае  прозвішча  Скумін  і  ўжо  хутка  стаў  актыўным  прыхільнікам  палітычнай  партыі  Станіслава  Панятоўскага,   чым  забяспечыў  сабе  кар’ерны  ўзлёт.
У 1795 годзе  ён  узначаліў  пасольства  ВКЛ  і  прысягнуў  на  вернасць  Кацярыне II.  Пасля  трэцяга  падзелу  Рэчы  Паспалітай  стаў  першым  віленскім  губернскім  маршалкам (1798—1801).  Яго  дачка  Ганна  атрымала  добрую  адукацыю,  валодала  некалькімі  мовамі.  Жыццё  яе  было  досыць  насычаным,  бо  супала  з  шэрагам  паўстанняў  на  Беларусі,  а  таксама  вайной  1812  года.  Дарэчы,  імператара  Францыі  Напалеона I  Ганна  багатварыла.  Яна  мела  магчымасць  нават  сустракацца  з  ім.  Бачыла  яна  і  Тадэвуша  Касцюшку,  Аляксандра I,  маршала  Мюрата,  Талейрана,  вялікага князя  Канстанціна,  які  ў  той  час  кіраваў  Царствам  Польскім.  Ганна  была  знаёма  з  князем  Юзэфам  Панятоўскім  і  гра-фіняй  Валеўскай  (каханкай  Напалеона)  і  інш.  гістарычнымі  асобамі.
Ад  прыроды  надзеленая  незвычайнай  прыгажосцю  і  талентам,  Ганна  прыцягвала  да  сябе  сэрцы  знакамітых  асоб.  У  яе  жыцці  былі  перыяды  таямнічага  рамантычнага  флёру.  У  сваіх  успамінах  яна  пісала,  што  з  мужам  Аляксандрам  Патоцкім  у  іх  сумесным  жыцці  не  было  амаль  нічога  агульнага.  Ён  быў  занадта  маўклівым  і  службе  аддаваў  увесь  час.  Таму  яна  заводзіла  знаёмствы  з  іншымі  мужчынамі,  з  якімі  ёй  было  цікава.  Магчыма  таму  ў  1821  годзе  Ганна  скасавала шлюб  з  Патоцкім  і  выйшла  замуж  за  ад’ютанта  Напалеона І  графа  Станіслава  Дунін-Вансовіча.  Граф  Вансовіч  суправаджаў  Напалеона  на  працягу  ўсёй  руска-французскай  вайны  1812 года.  Ад  гэтага  шлюбу  нарадзілася  дачка  Матыльда.  Нягледзячы  на  другі  шлюб,  у  хуткім  часе  ў  жаночым  сэрцы  ўспыхнулі  пачуцці  яшчэ  да  аднаго  графа.  Але  яны  так  і  засталіся  платанічнымі.  Сцвярджаюць,  што  ў  апошнія  хвіліны  яе  жыцця  (а  пражыла  графіня  каля  90  гадоў)  менавіта  гэты  невядомы граф  закрыў  вочы  сваёй  каханай  з  пяшчотнымі  словамі:  «Бывай,  ці  хутчэй — да  сустрэчы,  дарагі  сябар».  Графіня  Вансовіч  трымала  ў  Парыжы  самы  бліскучы  салон.  У  1897  годзе  ў  Францыі  былі  надрукаваны  яе  мемуары,  якія,  дарэчы,  зараз перакладзены  нават  на  беларускую  мову.
Ганна  Патоцкая-Вансовіч  большую  частку  жыцця  праводзіла  ў  Варшаве,  а  затым – у  Парыжы,  таму  з  1840  года  яе  ўладаннямі  ў  межах  сучаснай  Польшчы  ў  Ігуменскім  павеце  часцей  кіруе  старэйшы  сын  Аўгуст  Аляксандравіч.  Ганна  таксама  бывае  ў  сваіх  уладаннях  Ігуменскага  павета.  У  1822  годзе  яна  ўкладае  сродкі  ў  поўнае  абнаўленне  летняй  рэзідэнцыі  ў  Беразіно,  адкрывае  прадпрыемства  па  вытворчасці  дываноў  і  іншыя  прамысловыя  аб’екты.  У  1851-52  гадах  перабудоўвае  летнюю  рэзідэнцыю,  дапамагае  будаўніцтвам  і  рэстаўрацыяй  касцёлаў.  Вядома   таксама,  што  ў  1805  годзе  Ганна  Патоцкая  арганізавала  вытворчасць  дываноў  у  Ігуменскім  павеце.  Гістарычныя  дакументы  сярэдзіны  ХІХ ст.  сведчаць  і  аб  пабудове  Ганнай  Патоцкай  бровара,  млына,  канатнай  фабрыкі.  А  вось  што  датычыцца  Клічава,  то  пра  развіццё  якой-небудзь  вытворчасці  ў гэтай  мясцовасці,  на  жаль,  нічога  не  вядома.

Аўгуст  Патоцкі

Старэйшы  сын  Ганны  і  Аляксандра  Патоцкіх  Аўгуст  Аляксандравіч  нарадзіўся  ў  1806  годзе.  Ён  стаў  другім,  але  як бы неа-фіцыйным,  панам  на  Клічаўшчыне.  У  асноўным  кіраваў  уладаннямі  сваёй  маці  па  яе  просьбе.  Аўгуст  займаў  пост  правадзейнага  саветніка  імператарскага  двара  і  быў  кавалерам  ордэна  Пахвальнага  Легіёна.  Яго  асоба  не  была  абдзелена  ўвагай  мемуарыстаў.  Аб  ім  пісалі,   малявалі  яго  партрэты.  Вобраз  Аўгуста  сведчыць  аб  вялікім  падабенстве  яго  з  бацькам  Аляксандрам  Патоцкім.  Характар  Аўгуста  быў  вельмі  памяркоўны,  ён  лёгка  паддаваўся  ўнушэнню,  быў  дабрадушным  і  з  пачуццём  гумару.  Шлюб  з  кузінай  Аляксандрай  Патоцкай,  на  жаль,  быў  бяздзетным.  Дарэчы,  роднасныя  шлюбы  нярэдка  мелі  месца  ў  каталіцтве,  што  прывяло  да  выраджэння  многіх  магнацкіх  родаў.  Аўгуст  з  жонкай  працягвалі  множыць  калекцыю  мастацкіх  карцін,  пачатую  яшчэ  Станіславам  Косткай,  і  напрыканцы  19  ст.  іх  налічвалася  больш  за  тысячу.  Ёсць  звесткі,  што  Аўгуст  прымаў  удзел  у  лістападаўскім  паўстанні   1830 года.  У  пачатку  жніўня  1831  года  на  ўсёй  тэрыторыі  Беларусі  паўстанне  было  падаўлена.  Многія  актыўныя  паўстанцы,  у  тым  ліку  з  тэрыторыі  сучаснай  Беларусі,  пакінулі  радзіму.  Сваіх  маёнткаў  пазбавіліся  буйныя  магна-ты — Агінскія,  Плятэры,  Радзівілы,  Сапегі,  Чартарыйскія  і  інш.  Увогуле,  да  следства  за  ўдзел  у  паўстанні  ў  беларуска-літоўскіх  губернях  было  прыцягнута  2878 чалавек.  Аўгуста  Патоцкага  чамусьці   не  кранулі.  Ён  працягваў  кіраваць  сваімі  ўладаннямі  і  ўладаннямі   маці.  Магчыма,  ён  прымаў удзел  і  ў  паўстанні  Кастуся  Каліноўскага  ў  1863  годзе.  У  1867  годзе  Аўгуст  і  яго  маці  Ганна  Патоцкая-Вансовіч  паміраюць,  і  землі,  што  знаходзяцца  ў  Ігуменскім  павеце,   у  тым  ліку  і  Клічаў,  на  законнай  аснове  пераходзяць  да  старэйшага  брата  Аўгуста – Маўрыкія  Аляксандравіча.

Маўрыкій  Аляксандравіч  Патоцкі

Малодшы  сын  Ганны  і  Аляксандра  Станіслава  Патоцкіх — Маўрыкій  Людвік  Яўстах.  Ён  стаў  трэцім  панам  на  Клічаўшчыне.  Яго  маці  ў  сваіх  мемуарах  напіша,  што  за  год  да  нараджэння  Маўрыкія  нейкая  прадказальніца  паведала  ёй  тое,  што  пасля  адбылося  на  самой  справе:  «Вы  народзіце  сына,  які прымусіць  гаварыць  аб  сабе…  Ваш  сын  народзіцца  пад  самым  шчаслівым  сузор’ем  і  стане  на  чале   магутнай  партыі  ці  стане  каралём.  Ён  народзіцца  ў  сарочцы  і  будзе  прыгожы  і  моцны.  На  левым  баку  ў  яго  будзе  прыкметны  знак.  Ён  будзе  мець  здольнасць  прыцягваць  усеагульную  любоў:  усюды  і  заўсёды  яго  будуць  любіць  старыя  і  маладыя,  бедныя  і  багатыя,  мужчыны  і жанчыны.  У  яго  будзе  вельмі  добрае  сэрца».  «13   студзеня  1812  года  ў  сем   гадзін  я   нарадзіла  сына, – чытаем  далей  у  мемуарах  Ганны. – Першы  раз  у  жыцці  ў  мяне  з’явілася  жаданне,  каб  хросны  бацька  майго  сына  быў  каралеўскай  крыві.  Я  цешыла  сябе  на-дзеяй  дабіцца  гэтай  міласці  ў вялікага  Напалеона…А  пакуль  сына  назвалі  Морыц  (Маўрыкій).  Чаму  так,  я  і  сама  не  ведаю».  Сапраўды,  на  левым  баку  ў  дзіцяці  быў  той  знак,  аб  якім  казала  варажбітка.  Успаміны  Ганны  Тышкевіч  толькі  канстатуюць  гэтыя  факты,  але  як  склалася  жыццё  яе  любімага  сына,  гістарычныя  дакументы  маўчаць.  Маўчаць  і  мемуары  Тышкевіч.  Увогуле  аб  палітычнай  дзейнасці  Маўрыкія  Патоцкага  маўчаць  і  польскія  выданні.  Удалося  знайсці  адзіны  маляўнічы  партрэт  выдатнага  польскага  мастака  Юліўша  Косака,  дзе  Маўрыкій  Аляксандравіч  адлюстраваны  на  паляванні.  Знайшлася  інфармацыя  і  аб  тым,  што  ён  быў  афіцэрам  польскай  арміі  і  ўзнагароджаны  самым  высокім  ордэнам  Польшчы — Віртуці  Мілітары,  але  за  што  і  ў  якім  годзе  гэта  адбылося,  пакуль  не  выяўлена.  Маўрыкій  кіраваў  сваімі  маёнткамі  12  гадоў.  За  гады  яго  дзейнасці  расквітнеў  рамантычны  парк  у  рэзідэнцыі  Патоцкіх  пад  Варшавай,  значную  падтрымку  атрымалі  паляўнічая  дача  ў  Патоцы  і  маёнтак  у  Беразіно.  Даходы  не  зніжаліся,  але   кіраваць  было  цяжка,  бо  толькі  нядаўна  адмянілі  прыгоннае  права,  і  ўсе  сілы  трэба  было  накіроўваць  на  выкананне  новых  законаў,  якія  яшчэ  не  маглі  мірна  ўпісацца  ў  жыццё  народа.  Можа,  таму  і  казалі  аб  ім  як  аб  злым  і  супярэчлівым  графе.  Маўрыкій  Аляксандравіч  быў  вельмі  даверлівым,  таму  людзі,   пастаўленыя  кіраваць  на  тэрыторыі  яго  зямель,  часта  падстаўлялі  свайго  графа  перад  сялянамі,  праводзячы   асабістыя  несумленныя  справы.  Вядома,  што  доўгі  час  цягнуліся  спрэчкі  ў  судзе  наконт  царкоўнай  зямлі  паміж  свя-шчэннікам  Свята-Троіцкай  Клічаўскай   царквы  Рыгорам  Рункевічам  і  панам  Потоцкім.
Граф  трымаў  шлюб  з  Людвікай-Юзэфай  Бобр-Піатравіцкай (1825-1890).  Ад  гэтага  шлюбу  нарадзіліся  два  сыны  і  дзве  дачкі: Аўгуст  Адам,  Яўстах  Маўрыкій  Аляксандэр, Наталі-Соф’я-Марыя,  Марыя-Ганна-Наталі .  Памёр  Маўрыкій Аляксандравіч  ў  1879  годзе.

Яўстах  Маўрыкій  Аляксандэр

Ён  нарадзіўся  ў  1859  годзе,  а  ў  20  гадоў  стаў  чацвёртым  панам  на  Клічаўшчыне.  Яшчэ  пры  жыцці  бацькі,  Маўрыкія  Аляксандравіча,  яго  старэйшы  сын  Аўгуст  Адам  валодаў  больш  значнымі  землямі  на  польскай  тэрыторыі.  Мабыць,  пасля  смерці  пачаўся  перадзел  зямель  паміж  нашчадкамі  Маўрыкія  і  Яўстаху  дасталіся  землі  ў  Ігуменскім  павеце.
Аб  гэтай  асобе  нельга  сказаць  нічога  добрага.  Ды  і  звестак  аб  ім  амаль  няма.  Атрымаўшы  бацькоўскія  ўладанні,  у  хуткім  часе  ён  давёў  іх  да  распаду.  За  даўгі  пачаў  прадаваць  мэблю,  закладваць  фермы  і  зямлю.  За  яго  дзеяннямі  наглядаў  старэйшы  брат,  але  парад  ад  яго  Яўстах  не  прымаў.  Землі  прыходзілі  ў  заняпад.  Між  тым,  у  Яўстаха  было  шмат  асабістага  гора.  Дзеці,  якія  нараджаліся  ад  шлюбу  з  Ганнай-Анэлай,  паміралі  адзін  за  другім.  З  шасці  народжаных  дзяцей  да  27  год  дажыла  толькі  адна  дачка — Марыя.  Калі  над  уладаннямі  навісла  сур’ёзная  пагроза,  яго  старэйшы  брат  усё  ж  змог  завалодаць  ігуменскай  зямлёй  і  вы-правіць  становішча.  Памёр  Яўстах  у 1910  годзе.  Дзе  ён  жыў  апошнія  гады  жыцця,  невядома,  але  ёсць  меркаванне,  што  пасля  таго,  як  уладанні  перайшлі  да  яго  брата — а  адбылося  гэта  ў  1886  годзе —  ён  так  і  застаўся  жыць  у  Беразіно.
Аўгуст  Адам  Патоцкі
Наступны,  пяты  гаспадар  клічаўскіх  зямель – старэйшы  сын  Маўрыкія  Аляксандравіча  і  Людвікі  Бобр-Піатроўскай  – Аўгуст  Адам.  Ён  нарадзіўся  ў  1847  го-дзе.   Акрамя  Беразіно,  Клічава  і  некаторых  зямель  Ігуменскага  павета  ў  Аўгуста  было  яшчэ  шмат  маёнткаў  ля  Варшавы:  Яблона,  Непарэнт,  Бялабжэгі,  вялікая  рэзідэнцыя  пад  Варшавай.  Справы  ў  Аўгуста  былі  наладжаны  вельмі  добра.  Гэта  быў  сапраўдны  гаспадар  і  вельмі  добразычлівы  чалавек.  Аўгуст  меў  вясёлы  нораў,  заводзіў  знаёмствы  з   артыстамі  і  тэатраламі. У  Варшаве  ён  абсталяваў  уласную  канюшню  з выдатнымі  скакунамі.  У  80—90-х  гадах  ХІХ  стагоддзя  коні  Патоцкага   бегалі  на  скачках  і  выйгравалі  значныя  сумы  грошай.  Яго  канюшні,  але  не  з  такімі  пародзістымі  скакунамі,  знаходзіліся  ў  Патоцы  і  Беразіно.  Тут  коні  выкарыстоўваліся  графам  на  паляўніцтве.  У  Беразіно  ў  1892  годзе   Аўгуст  Патоцкі  будуе  самы  прыгожы  ў  Беларусі  ў  стыле  прамысловай  эклектыкі  спіртазавод,  які  працуе  да  нашага  часу.
У  Польшчы  Аўгуста  Патоцкага  называлі  «Gucio»,  бо  ўсё  сваё  жыццё  гэты  чалавек  прысвяціў  коннаму  спорту.  Клуб  аматараў  конных  скачак,  які  стварыў  Патоцкі,  і  зараз  дзейнічае  ў  Варшаве.  Аўгуст  часта  бываў  у  Патоцы. У  тутэйшых  лясах  і  дубровах  вадзіліся   ў  вялікай  колькасці  ласі,  казулі,  мядзведзі,  а  на  Ольсе  і  Бярэзіне  густа  сяліліся  бабры.  З  драпежных  звяроў  пастаяннымі  жыхарамі  былі  ваўкі  і  рысі.  Не  менш  было  і  розных  птушак.  Уладальнікі  пушчы  і  запрошаныя  госці  часта  наладжвалі  паляванне  на  ласёў,  мяса  якіх  было  пастаяннай  ежай  паноў,  і  на  дзікоў,  што  прызначаліся  для  чэлядзі  і  работнікаў.
Зімовыя  паляванні  давалі  дадатковы  заробак  мясцовым  сялянам.  За  дапамогу  ў  арганізацыі  паляванняў  ім  бясплатна  выдаваліся  дровы. Такую  плату  атрымлівалі  аблаўнікі  ў  паляванні  на  ласёў  і  тыя,  хто  ўдзельнічаў  у  пошуках  мядзведзяў.  Плату  селянін  мог  атрымаць  і  грашамі.
Ад  шлюбу  з  Яўгеніяй  Войніч  у  Аўгуста  Адама  нарадзіўся  адзіны  сын — Маўрыкій  Станіслаў.  Памёр  Аўгуст  у  1905  годзе.  Яму  было  толькі  58  гадоў.

Маўрыкій Станіслаў Патоцкі

Маўрыкій  Станіслаў   быў  шостым  і  апошнім  уладальнікам  клічаўскіх  зямель.  У  параўнанні  з  іншымі  графамі  ён  за-слугоўвае  асаблівай  увагі.  Гэта  быў  чалавек  высокай  духоўнай  культуры  і  грамадзянскай  адказнасці.  Ён  вельмі  паважаў  Польшчу  і  заўсёды  знаходзіўся  ў  кругавароце  падзей,  якія  вырашалі  самастойнасць  гэтай краіны.    Яго  смела можна  назваць  барацьбітом  за  сваю  Айчыну.
Нарадзіўся  Маўрыкій  ў  1894  годзе  і  ўжо  ў  1905  стаў  паўнапраўным  уладальнікам  амаль  усіх  маёнткаў  свайго  бацькі,  бо  іншых  нашчадкаў  не  было.  Безумоўна,  у  11  гадоў  ён  не  мог  кіраваць  вялікай  гаспадаркай,  тым  больш  што  працягваў  вучобу  ў  Англіі.  Кіравалі  гаспадаркай  давераныя асобы.  Доўга  знаходзіцца  ў  Англіі  Маўрыкій  не  мог.  Ён  вяртаецца  на  радзіму  без  дыплома,  бо  атрымаць  там  поўную  адукацыю  па нейкіх  невядомых  прычынах  не  ўдалося.
У  час  вайны  1914  года  Маўрыкій – афіцэр  Першага  Польскага  Корпусу  генерала  Доўбур-Мусніцкага.  Малады   афіцэр  прымае  ўдзел  у  баях  на  фронце  Першай  сусветнай  вайны.  Затым  удзельнічае  ў  польска-ўкраінскай  і  расійска-польскай  войнах  у  складзе  1-га  Крэхавіцкага  ўланскага  палка.  Вядома,  што  генерал  Доўбур-Мусніцкі  і  полк  Крэхавіцкага  вялі  баі  з  войскамі  Чырвонай  Арміі  на  тэрыторыі  Беларусі  ў  1918-1920-х  гадах,  і  не  выключэнне,  што  Маўрыкій  Патоцкі  змагаўся  на  баку  Польшчы  за  ўстанаўленне  межаў  Рэчы  Паспалітай  і,  канечне  ж,  за  вяртанне  сваіх  уладанняў,  якія  страціў  у  1917  годзе.  Змагаўся  з  бальшавікамі  адважна   і  быў  узнагароджаны  Крыжам  за  адвагу  і  Крыжам  Віртуці  Мілітары  5  класа.  З  арміі  звольніўся  ў  званні  лейтэнанта  рэзервовых  уланаў.  Калі  ў  Польшчы  да  ўлады  прыйшоў  Юзэф  Пілсудскі,  Маўрыкій  Патоцкі  знаходзіўся  ў  яго  акружэнні.  Ён  суправаджаў  Пілсудскага  на  мосце  Панятоўскага,  калі  той  вёў  перамовы  з  прэзідэнтам  Польшчы  Станіславам  Вайцяхоўскім  у  маі  1926  года.  Менавіта,  у  той  час  у  Польшчы  і  адбыўся  дзяржаўны  пераварот.  Да  ўлады  прыйшоў  Ю.  Пілсудскі.  У  перыяд  да  Вялікай  Айчыннай  вайны    Маўрыкій  Станіслаў  займаў  пасаду  кіраўніка  аддзела  транспарту  і  камунікацый.  Прымаў               удзел  у спартыўным  жыцці  краіны.  Стварыў  аўтамабільны  клуб,  які  дзейнічае  і  зараз.  Часта  стартаваў  на  машыне  Бугаці,  збіраў  гоначныя  машыны.  Але  самым  лепшым  яго  заняткам  было  паляванне,  дзе  ён  заводзіў  знаёмствы  з  замежнымі  ўплывовымі  палітычнымі  асобамі.  Нярэдка  на  яго  землях  у  Яблона  былі  гітлераўскія  асобы  Герынг  і  Гамацо  Чыано (зяць  Мусаліні).  Жыў  Патоцкі  за  сродкі  шклозавода,  які  быў  пабудаваны  ў  пачатку  1922  года,  а  таксама  даходаў  ад  нерухомасці.
У  1939  годзе  Маўрыкій  прымаў  удзел  у  Саюзе  Узброенай  барацьбы.   Пазней  гэты  Саюз  быў  пераўтвораны  ў  Армію  Краёву.  З  ведама  кіраўнікоў  Саюза  падтрымліваў  знаёмствы  з  нямецкімі  ўплывовымі  асобамі  і  неаднаразова  вырашаў  пытанні  вызвалення  арыштаваных  людзей.  Так,  у  жніўні  1942  года  з  яго дапамогай  быў  вызвалены  з  турмы  гісторык-архівіст  Уладзіслаў  Студніцкі.  У  варшаўскім  доме  Патоцкага  быў  бар,  які  выкарыстоўваўся  для  канспіратыўных  сустрэч  Галоўнай  Камендатуры  Арміі  Краёвай.  Гестапаўцы  разведалі  пра  гэта,  і  камендатура  хутка  ліквідавала  бар.  У  час  вайны  Патоцкі  супрацоўнічаў  з  архівамі  ў  Варшаве  і  ўнёс  вялікі  ўклад  па  зберажэнні  архіва  Панятоўскіх,  які  раней  захоўваўся  ў  Яблона.
У  жніўні  1944  года  ў  Варшаве  адбылося  паўстанне  супраць  фашыстаў.  Савецкія  войскі  не  маглі  дапамагчы  палякам  па  шэрагу  абставін,  і  паўстанне  пацярпела  паражэнне.  Варшаву  нямецкія  войскі  зруйнавалі,  а  паўстанцаў  змясцілі  ў  турму.   Патоцкага,  які  прымаў  удзел  у  паўстанні,   вызвалілі  з  турмы  толькі  ў  жніўні  1945  года.   Восенню  па  “зялёным  калідоры”  Маўрыкій  дабраўся  да  Лондана,  дзе  ў  маі  1949  года  ва  ўзросце  55  гадоў  памёр.
Нашчадкаў  з  мужчынскага  боку  ў  апошняга  на  Клічаўшчыне   пана  не   было.  Першы  шлюб  з  Тэрэзай  Варанецкай  быў  бяздзетным,  ад  другога  шлюбу  з  артысткай  Марыяй  Гансяроўскай  у  1929  годзе  нарадзілася  дачка  Наталля,  якая  пражыла  45  гадоў.  Дзяцей  ад  двух  шлюбаў  у  Наталлі  не  было.
ПАСЛЯСЛОЎЕ
Так  атрымалася,  што  род  Патоцкіх  з  мужчынскага  боку,  які  пачаўся  ад  Станіслава  Косткі  (Яўстахавіча),  на  жаль,  скончыўся  на  апошнім  графе  Маўрыкіі  Станіславе.  Прамых  нашчадкаў  роду  Патоцкіх  не  існуе.  Удалося  знайсці  цікавую  інфармацыю  аб  роднай  сястры  Маўрыкія  і  Аўгуста  Патоцкіх — Наталлі  Аляксандраўне  (1807-1830).  Яна  пражыла  ўсяго  23  гады.  Была  адной  з  самых  прыгожых  жанчын.   Любоў  да  яе  пранёс  праз  усё  жыццё  дзекабрыст  Міхаіл  Лунін.  Ён  напісаў  аб  гэтым  у  сваіх  успамінах.  Замуж   Наталля  Патоцкая  выйшла  за  Рамана  Яўстахавіча  Сангушку,  вельмі  знакамітага    чалавека  таго  часу.  З  ім  яна  пражыла  некалькі  гадоў.  Нарадзіла  дачку  Марыю – Клемянціну  і  адразу  пасля  родаў  памерла.  Марыі  ўдалося  зберагчы  толькі  прозвішча  сваіх  нашчадкаў,  бо  яна  выйшла  замуж  за  Альфрэда  Патоцкага  і  нарадзіла  траіх  дзяцей.  Але  гэта  ўжо некалькі  іншы  род  Патоцкіх.

Людміла  МАРЧАНКА.

Последние новости

Кличевщина

Результаты достойные, но работать есть над чем

23 апреля 2024
Профсоюзы

ДОСКА ПОЧЁТА по состоянию на 22 апреля

23 апреля 2024
Партии

Ряды коммунистов пополняются

23 апреля 2024
В трудовых коллективах

На любимой работе труд только в радость!

19 апреля 2024
Спорт

Время отдыха и спорта

19 апреля 2024
ВНС-2024

День информирования. Обратная связь

19 апреля 2024
НОВОСТЬ ДНЯ

Озеленение детского парка

19 апреля 2024
Призыв-2024

Будущие солдаты получили повестки

16 апреля 2024
Охрана природы

Беречь природу – задача каждого!

16 апреля 2024
В Беларуси

Беларусь реализует совместно с Россией новый космический проект

16 апреля 2024

Рекомендуем

80-ЛЕТИЕ ОСВОБОЖДЕНИЯ БЕЛАРУСИ

«Разам з мастацтвам» – открытый диалог

12 апреля 2024
100-летие Кличевского района

Сто лет – сто деревьев

16 апреля 2024
Безопасность

За безопасность вместе

16 апреля 2024
80-ЛЕТИЕ ОСВОБОЖДЕНИЯ БЕЛАРУСИ

Дань уважения мужеству

10 апреля 2024
Беларусь помнит

Нельзя забыть. Нельзя понять. Нельзя оправдать

11 апреля 2024
Призыв-2024

Будущие солдаты получили повестки

16 апреля 2024
Охрана природы

Беречь природу – задача каждого!

16 апреля 2024
В трудовых коллективах

На любимой работе труд только в радость!

19 апреля 2024