1 сакавіка – урачысты сход перадавікоў народнай гаспадаркі раёна
… Паскрыпвае снег, марознае паветра прымушае прыспешваць хаду, серп луны вісіць над фруктовым садам, а дрэвы ў ранішняй цемры здаюцца нейкімі казачнымі істотамі.
Міне яшчэ некалькі тыдняў, паднімецца вышэй сонейка, прыгрэе, прылашчыць промнямі зямлю, і сад пачне ажываць. Асабліва любіць жанчына гэты стары сад вясной, калі яблыні, нібы нявесты, прыбіраюцца ў бела-ружовы вэлюм. Кожны раз, ідучы на працу і спяшаючыся дадому, абавязкова паглядзіць на родную вёску Орліна і ў думках пашле ёй прывітанне. Там прайшло яе дзяцінства, там раз і назаўсёды прыйшло рашэнне, што жыць будзе ў вёсцы і працаваць, як некалі маці, Фядора Дзянісаўна, на ферме.
Працоўныя будні падобныя як браты-блізняты. Нічога, акрамя ўласнага старання і спрыту, дабавіць нельга. Група кароў, як і ў іншых аператараў машыннага даення, умовы працы такія ж самыя, а вынік самы лепшы па гаспадарцы ў яе, даяркі са стажам Таццяны Міхайлаўны Сямёнавай (на здымку).
На пытанне: “Як вам удалося надаіць 347 тон малака і атрымаць па 5352 кілаграмы сырадою ад кожнай жывёлы?” – яна сціпла паціснула худзенькімі плячыма і ціха прамовіла: “А што тут такога? Працую ды і ўсё. Не адна я такая”.
Сапраўды, у СВК “Калгас імя Будзёнага” добрых вынікаў у мінулым годзе дасягнулі і іншыя даяркі. Наталля Рыгораўна Каваленка ад сваёй групы кароў атрымала 276 тон малака, або па 4209 кілаграмаў на карову, Алена Аляксееўна Ясева – 240 тон, што па 3703 кілаграмы на карову. Галіна Мікалаеўна Салановіч даглядае маленькіх цялятак і раздойвае кароў пасля ацёлаў. На яе рахунку – 161 тона малака, або па 4127 кілаграмаў на карову.
Аліна СУДНІК.