Юныя акцёры з Дзмітраўкі заваявалі ў абласным конкурсе два прызавыя месцы!
У снежні на базе ДУА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі горада Бабруйска” адбыліся конкурсныя выступленні v абласнога дзіцячага конкурсу тэатральнага мастацтва.
Перад прафесійным журы, у састаў якога ўваходзілі выкладчыкі УА “Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў”, у намінацыях “Тэатральныя калектывы”, “Выканаўца сцэнічнай мініяцюры”, “Індывідуальны выканаўца” вы-ступілі навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў з Клічава, Асіповіч, Глуска, Кіраўска, Бабруйска.
Па словах членаў журы, асноўная мэта конкурсу – выяўленне і падтрымка юных дараванняў, развіццё іх творчых здольнасцей. Бо тэатр сам па сабе – цудоўны сродак выхавання па-сапраўднаму духоўнай і гарманічна развітой асобы.
Сярод вялізнай колькасці індывідуальных выканаўцаў, выхаванцаў тэатральных калектываў і аддзяленняў высокімі ўзнагародамі конкурсу былі адзначаны: узорны фальклорны гурт “Купалачка” (кіраўнік Наталля Коктыш) і выхаванцы Дзмітраўскага філіяла ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў горада Клічава”.
Наша знакамітая “Купалачка” ў намінацыі “Тэатральны калектыў” прадставіла на суд журы маляўнічы народны абрад “Велікоднае гулянне” з карагодам “Ваджэнне Лукі” (такі даўней бытаваў ва Усакіна, Сушы), гульнямі, у тым ліку качанне таўкачом фарбаванага велікоднага яйка, песнямі.
Выхаванцы мастацка-эстэтычнага класа Дзмітраўскага філіяла (настаўнік Тамара Кузьміч, выкладчыца прадмета “Тэатральная гульня”) у сваім конкурсным выступленні прадставілі сцэнічную мініяцюру “Учора была вайна”.
Не так даўно ў Клічаў прыляцела добрая вестка. Падведзены агульныя вынікі v абласнога дзіцячага конкурсу тэатральнага мастацтва. У ім нашы землякі сталі двойчы лаўрэатамі: “Купалачка” заваявала 1-е месца, юныя акцёры мастацка-эстэтычнага класа – 2-е месца, калектывы ўзнагароджаны дыпломамі адпаведных ступеней.
Гэты конкурс яшчэ раз даказаў, што таленавітыя дзеці таленавітыя ва ўсім! Віншуем юных артыстаў і іх выкладчыкаў з перамогай!
Н. Мікалаева.