Настаўнікі Клічаўшчыны на фестывале эфектыўнага педагагічнага вопыту

“Настаўнік  вучыць  паспяхова  да  таго  часу,  пакуль  вучыцца  сам”. Гэтыя  словы  К. Дз. Ушынскага  актуальныя  ва  ўсе  часы.  Адукацыя  ж – працэс  бесперапынны.  Мяняецца   свет – мяняюцца  дзеці,  што ў  сваю  чаргу  патрабуе  новых  падыходаў  да  кваліфікацыі  педагога.

Якраз  з  мэтай  павышэння  ўзроўню  прафесійнага  майстэрства  педагогаў,  абмену  эфектыўнымі  методыкамі,  формамі,  метадамі  і  прыёмамі  навучання  і  выхавання   Магілёўскі  дзяржаўны  абласны  інстытут  развіцця  адукацыі   арганізаваў  у  снежні  мінулага  года   фестываль  эфектыўнага   педагагічнага  вопыту.   удзел  у  ім  прынялі     педагогі  тых  устаноў  агульнай  сярэдняй  адукацыі,  якія  з’яўляюцца  апорнымі  школамі  па фарміраванні,  вывучэнні  і  абагульненні  перадавога  педагагічнага  вопыту  ў  2010 – 2013 гадах.
На  фестываль  свае  работы  прадставілі    і  настаўнікі  Клічаўшчыны,  якія апісалі,  абагульнілі  лепшы вопыт  работы  тых  школ,  дзе  працуюць.   Так,  настаўніца  матэматыкі  Ала  Аляксандраўна  Шакола  падрыхтавала  матэрыялы  аб выкарыстанні            камп’ютарных  тэхналогій   у  адукацыйным  працэсе  ў                     СШ  №1;  завучы  па  вучэбнай  рабоце  Таццяна  Аляксандраўна  Варакса  і   Наталля  Іванаўна  Кніга –  аб  сістэме  работы  з  таленавітымі  і  адоранымі  навучэнцамі  ў  СШ  №2;  намеснік  дырэктара  па  вучэбна-выхаваўчай  рабоце Галіна  Антонаўна  Маслакова – аб  сістэме  экалагічнага  выхавання  навучэнцаў  у  Максімавіцкай  СШ;  намеснік  дырэктара  па  вучэбнай рабоце  Дзмітраўскага  вучэбна-педагагічнага  комплексу  «Дзіцячы  сад – сярэдняя  школа»  Наталля Сямёнаўна  Счыслёнак – аб сістэме  метадычнай  работы  ва  ўстанове  адукацыі   па  развіцці  прафесійнай  кампетэнтнасці  педагагічных  работнікаў.
Трэба  адзначыць,  што  работа  секцый  фестывалю  праходзіла  па  розных  тэматычных  кірунках,  у  якіх  падчас  канферэнцый  і  выступалі   аўтары,  абаранялі  свае  работы.  У  прыватнасці,  вопыт  работы  СШ №2   прадставіла  яе  дырэктар  Таццяна  Вікенцьеўна  Белабародая.
Перадавы  педагагічны  вопыт  настаўнікаў  Клічаўшчыны  атрымаў  заслужаную  высокую  ацэнку.  Усе  чатыры  даклады  аб  рабоце  вышэйназваных  школ  раёна,  згодна з  рашэннем   рэдакцыйнага  савета,  адабраны  і  ўвайшлі  ў  зборнік   матэрыялаў  работы  фестывалю.  Агульнавядома,  што  абмен  вопытам – залог  поспеху.

Валянціна  Ерафеева,
загадчык  раённага вучэбна-метадычнага  кабінета  аддзела   адукацыі,  спорту
і  турызму  райвыканкама.

Добавить комментарий