Клічаўлянцы Валянціне Нікіцінай паступіла прапанова уступіць у ГА “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”

Вышываны  ручнік – на  шчасце!

Ой,  якое  рознае  наша  жыццё! Ра-дзіны,  хрэсьбіны,  вяселлі,  хаўтуры,  каляндарныя  святы,  розныя  абрады  ў  беларускай  сям’і,  а  без  вышыванага  ручніка  беларус  і  сёння – анікуды!   Бо  ў  розных  сітуацыях  у  яго  асаблівая  семантыка.  Ручнік сімвалізуе  дарогу  жыцця,  яднання,  звязвання.  Аб  гэтым  дакладна  і  грунтоўна,  як  рэдка  хто  з  нашых  землякоў,  можа  расказаць  Валянціна  Міхайлаўна  Нікіціна.  Па-першае, веды  чэрпае  непасрэдна ад  носьбітаў  спадчыны,  сённяшніх  доўгажыхароў.  Напрыклад, бабулькі-майстрыхі  з  нашых  вёсак  вучаць:  калі   вышывальшчыца  зычыць  дабра  маладым, то  ніколі  не  вышые  на  вясельным  ручніку  зязюлю – сімвал  удавы,  а  толькі  “добрых”  птушак –  салаўя,  галубоў,  пеўня  і іншых,  і  абавязкова,  каб  птушачкі  цалаваліся  дзюбачкамі,  а  не  адварочваліся  адно  ад  аднаго.  І  колер  вышыўкі  мае  вялікую  ролю.  Традыцыйныя  для  Клічаўшчыны  вышыўкі  “елачкай”, “крыжыкам”,   у  чырвона-чорных  колерах.  Важны  і  сюжэт: лісток  дуба – сімвал  моцы,  здароўя,  вінаград – сямейны  дабрабыт.  Зашыфруеш  шчасце, так  і  будзе!   Па-другое,  многія  з нас  і  не  здагадваюцца,  якое  багацце  да  нашых  дзён захоўваецца  ў  куфрах  старых  майстрых:  вышываныя  рэчы  нават з   пачатку  19-га  стагоддзя!  Валянціна  Міхайлаўна самастойна  ладзіць  этнаграфічныя  экспедыцыі  ў  розныя  куточкі  раёна.  У  Віркаве,  Заполлі,  Юзафіне,  Бацэвічах,  Ганчанскім,  Усакіна,  Клічаве  і  іншых  паселішчах   такіх  адрасоў  выявіла  нямала.  Нават  калі  частка  вышыванага  ўзору  ўжо  згублена,  яна  імкнецца  яго  аднавіць,  рэстаўрыраваць.   Паставіла  перад  сабой  амбіцыёзную  задачу – дайсці  да  кожнай  майстрыхі  ў  раёне,  да  кожнага  куфра! Бо  нельга  ж згубіць  спадчыну,  асаблівасці,  сакрэты  традыцыйнай  вышыўкі   як  рамёства  краю!   Надзвычай  карпатлівая  праца,  але  таго  вартая.
Колькі  ручнікоў  вышыла  за  сваё  жыццё  Валянціна  Нікіціна,  падлічыць  цяжка.  Свае  вырабы  яна  не  хавае,  а  дэманструе   іх  пры  кожным  выпадку  на  ўсялякіх  выстаўках,  да  таго  ж  ёсць  у  яе   цэлая  кагорта   аднадумцаў  і  паплечнікаў.  І  ці  не  самы  верны  яе  сябар –  муж  Васіль  Мікалаевіч,  які  не  толькі  разумее  і  пад-трымлівае, але  рэальна  дапамагае  ёй  здзейсніць  свае  задумкі.  Бывае,   тэлефануе:  “Збірайся  хуценька,  падказалі мне  ў  Рагах  выдатную  майстрыху, едзем!”  І  яны  зноў  імчаць  на  сваім  аўтамабілі  ў  чарговую  сямейную  этнаграфічную  экспедыцыю…

40  выставак – за  год!

Народнае  аматарскае  аб’яднанне  “Спадчына”  раённага  Дома  культуры – ужо  даўно  прызнаны  творчы  калектыў,  які  доўгі  час  узначальвала  Валянціна  Дабравольская.  Апошні  год  народныя    майстры  краю  працуюць  пад  кіраўніцтвам  Валянціны  Нікіцінай.  Многія  з  іх  сур’ёзна  захапляюцца  тым  ці  іншым  відам  народнай  творчасці,  працуюць  з  бісерам,  плятуць  макрамэ,  многія  апантаныя  вышыўкай.  Узяць  хаця  б  Марыю  Уладзіміраўну  Анішчанка.  Звычайна  над  ручніком  майстрыха працуе  каля  месяца,  але  бываюць і  надзвычай  складаныя  работы.  Так,  адзін  са сваіх  ручнікоў –  “Маці-карміцелька” –  яна  скрупулёзна  вышывала ….  4!  месяцы.  У  яго  ўзорах   зашыфраваны   ўвесь  жыццёвы  шлях  чалавека  ад  нара- джэння.  Дарэчы,  ручнік  гэты рэстаўрыраваны,  старадаўні  ўзор  узяты  з   ручніка  Анастасіі  Трафімаўны  Арэшка  (1888  года  нараджэння)  з  вёскі  Лаззё,  які  ў  “Спадчыну”   прынесла  яе  ўнучка,  майстрыха  Галіна  Іванаўна  Бадзяка.
Кожны  ўдзельнік  аб’яднання – творца,  таму  работы  іх,  майстар-класы  заўсёды  атрымліваюць  высокую  ацэнку  журы  конкурсаў,  фестываляў,  іх удзельнікаў  і  наведвальнікаў.  Толькі  за  мінулы  2013  год,  паводле  дакументальнага  ўліку,  работы майстроў  “Спадчыны”  (у  тым  ліку  і  В. М.  Нікіцінай)  экспанаваліся  на  40  разнастайных  мерапрыемствах  не   толькі  ў  раёне (на  кірмашах,  святах, у школах), але  абласных,  рэспубліканскіх,  міжнародных.  У  скарбонцы  дасягненняў –  узнагароды  лаўрэатаў  і дыпламантаў:  V  рэспуб-ліканскага  фестывалю-кірмашу  рамёстваў  “Вясновы  букет”,  выставы-кірмашу  ДПМ  “Горад  майстроў”  на  ХІ  Міжнародным  фестывалі  “Вянок  дружбы”, выставы  ручнікоў  ХІІІ  міжнароднага  фальклорнага  фестывалю  нацыянальных  культур  “Паліська  кола”  (Чарнігаў), выставы  работ  майстроў  ДПМ  на  ХХ  свяце  беларускай  пісьменнасці,   рэспубліканскім  свяце  “Дажынкі-2013”  у  горадзе  Жлобіне, на  свяце  Купалля  “Александрыя  збірае  сяброў”  і  многіх  іншых.

Дарога  да  Бацькаўшчыны

Гладзь,  процяг (набор),  крыжык,  елач-ка – тэхнікі  вышыўкі, якімі  сёння  Валянціна  Нікіціна  валодае  дасканала.  Не,  не  так.  Вышыўка – яе  неад’емная   частка.  Уявіце: ўсё  дарослае  жыццё  прачынаецца  разам  з  сонцам,  у  чатыры  гадзіны,  і  абавязковы  ранішні  рытуал – хоць  колькі  хвілін  за  вышыўкай!  Думаеце,  у  яе  безліч  вольнага  часу?  Памыляецеся!  Амаль  30  гадоў   Валянціна  Міхайлаўна  адпрацавала  ў  гарадской  школе  настаўнікам  беларускай   мовы  і  літаратуры,  гаспадыня  вялікай  сям’і, шматдзетная  маці,  бабуля,  а  без  вышыўкі – ні  дня!
Адкуль  такія  карані?  Яшчэ  малой  яна з  цікавасцю  сачыла  за  ўмелымі  рукамі  маці  Марыі  Міхайлаўны  Прастакевіч  і  цёткі  Га-ліны  Платонаўны  Стасюкевіч,  якія  ў  іх  хаце  ў  Маркаўшчыне  пры  газавай  лямпе  доўгімі  зімовымі  вечарамі  вышывалі  на  пяльцах. Пасля  вучылася  ўжо  сама  спрытна валодаць  іголкай,  рабіць  роўненькія  сцяжкі,  узоры  “пераводзіць”  (капіраваць). Першую  сваю  работу – вышываную  насовачку  з  букетамі – яна,  чацвёракласніца,   падарыла  маме. А  калі  падрасталі  ўжо  яе  ўласныя  дочкі,  светлыя  палі   іх  фабрычных  сукеначак   абавязкова  ўпрыгожвала  вышыўкай.   Усё  жыццё  Валянціна  Міхайлаўна  больш  за  ўсё  любіць  вышываць  гладдзю, прычым  яркія,  сакавітыя  букеты з  розных кветачак,  ды  не  мулінэ,  а  шарсцянымі  ніткамі,  яны  ж  не  пускаюць  фарбу,  не  ліняюць.
“2013  год, – распавядае  Валянціна Нікіціна, – у   творчым  плане  для  мяне  быў  надзвычай  напружаны.   Каб  уступіць  у  Саюз  майстроў  Беларусі,  патрэбна  было  зрабіць на  працягу  года  не  менш  за  5  буйных  работ  (ручнікоў,  абрусаў,  вялікіх  сурвэтак),  вышытых  па  старынных  мясцовых,  клічаўскіх  узорах.  Прычым  гэтыя  рэчы – цалкам  ручная  работа,  не  толькі  вышыўка,  але  і  карункі  (вывязваю  шыдэлкам),  бакавыя  швы, а  тканіна – толькі  лён.”
У  студзені 2014  года  восем  новых  работ  В. М.  Нікіцінай  дэманстраваліся  ў  Мінску  на  ХХІ  рэспубліканскай  выстаўцы  сучаснай  народнай  творчасці  “Калядныя  ўзоры”,  арганізатарамі   якой  з’яўляліся  Беларускі  саюз  майстроў і  Мінскі  абласны  цэнтр  народнай  творчасці.  Адна  работа майстрыхі – вышываны  набожнік – застаўся  ў  архіве  Саюза  і  цяпер  як  экспанат  выстаўкі  будзе  вандраваць  па  ўсёй  Беларусі.
Валянціна  Міхайлаўна,  як  чалавек  энергічны,  з  творчым  падыходам  і  да  самых  празаічных  спраў,  на  дасягнутым  не  спыняецца.   Кажа,  што  ў  яе  шмат  ідэй,  зараз  яна  будзе  працаваць  яшчэ  больш,  паказваць  сваю  вышыўку  на  розных  фестывалях  і  выстаўках,   бо  яе  захапленне – гэта  патрэба  душы.    Дарэчы,  вышыўка  Валянціны  Нікіцінай   як  цудоўны  сувенір  з  сінявокай  Беларусі  разышлася  ўжо  па  ўсім  свеце:  у  Амерыку,  Англію,  Іспанію,  Італію,  Польшчу,  Швейцарыю,  Эстонію,  Украіну,  Расію.  Адметна:  вырабы  клічаўскай  вышывальшчыцы  не  зблытаеш  з  іншымі, бо  маюць  аўтарства.  На  краю  рэчы  майстрыха  вышывае  двухбаковы   вензель  з  двух загалоўных  літар  свайго  прозвішча  і  імя.  Бо твор  мастацтва – інтэлектуальная  ўласнасць. А  вядома  ж,  што  не  тое  дорага,  што  чырвонае  золата,  а  тое,  што  добрага  майстра.

Ніна  ІЗОХ.

Последние новости

НОВОСТЬ ДНЯ

Делегаты ВНС утвердили Концепцию нацбезопасности и Военную доктрину

25 апреля 2024
Актуально

С 1 мая 2024 года увеличивается размер БПМ

25 апреля 2024
Официально

Выступление Президента Беларуси на заседании седьмого Всебелорусского народного собрания

25 апреля 2024
Правопорядок

Отвечает участковый инспектор милиции

24 апреля 2024
Дорожная безопасность

Единый день безопасности дорожного движения пройдёт 26 апреля

24 апреля 2024
В трудовых коллективах

Преуспеть во всём

24 апреля 2024
ВНС-2024

Мнение делегата ВНС

23 апреля 2024
У раёне

У раёне

23 апреля 2024
НОВОСТЬ ДНЯ

Субботник на Кличевщине: поддержание порядка – задача общая

23 апреля 2024
Кличевщина

Результаты достойные, но работать есть над чем

23 апреля 2024

Рекомендуем

80-ЛЕТИЕ ОСВОБОЖДЕНИЯ БЕЛАРУСИ

«Разам з мастацтвам» – открытый диалог

12 апреля 2024
ВНС-2024

Мнение делегата ВНС

23 апреля 2024
100-летие Кличевского района

Сто лет – сто деревьев

16 апреля 2024
Безопасность

За безопасность вместе

16 апреля 2024
Правопорядок

Отвечает участковый инспектор милиции

24 апреля 2024
Призыв-2024

Будущие солдаты получили повестки

16 апреля 2024
НОВОСТЬ ДНЯ

Озеленение детского парка

19 апреля 2024
Охрана природы

Беречь природу – задача каждого!

16 апреля 2024