Темы

Да Дня работнікаў культуры

І ззяюць золатам  дзівосы саламяныя

Ствараць  дзівосы  сваімі  рукамі  для  Наталлі  Леанідаўны  Лапацінай – звычайная  справа.  Працуе  метадыстам-майстрам  у  раённым  Доме  рамёстваў,  а   сутнасць  яе – творца.
Маладой  майстрысе  падуладны сакрэты  розных   тэхнік  народных  промыслаў  і  рамёстваў,  а  яе   “канёк” –  вышыўка  і  саломапляценне.  Прызнаецца,  што  іншы  раз  і  сама не  ведае,  што  ў  яе  атрымаецца.  Прымаецца  за  работу,  а  прыходзіць   самая  незвычайная  ідэя, якая  проста  патрабуе  ўвасаблення.   Тады  і нараджаецца  сапраўдная  прыгажосць,  прадмет  мастацтва, а  не  проста  выраб.  Вось у гэтыя  дні  робіць  вымпелы-сувеніры для  Пасольства  Эстоніі,  на  іх  спалучае   вышыўку  беларускага  нацыянальнага  арнаменту  і  інкрустацыю  саломкай.
У  свой  час  Наталля  скончыла  Бабруйскае  мастацкае  вучылішча  № 15,  затым – педагагічны  каледж.  Аб  узроўні  яе  майстэрства  сведчыць             удзел  у  шматлікіх  абласных,  рэспубліканскіх і  міжнародных  конкурсах  і  фестывалях  майстроў  дэкаратыўна-прыкладнога  мастацтва.  Адзін  з  апошніх – VIII  Міжнародны фальклорны фестываль нацыянальных культур “ПОЛІСЬКЕ  КОЛО”  ў  горадзе  Чарнігаве,  дзе  былі  прадстаўлены  работы  творчага  калектыву  раённага  Дома  рамёстваў (дырэктар  Лізавета  Кавалёва).  Акрамя  работ  Наталлі  Леанідаўны  тут  былі  прадэманстраваны  вырабы  метадыстаў-майстроў  Святланы  Сажынай (кераміка),  Уладзіміра  Дзержанскага (мастацкая  апрацоўка  дрэва),  Галіны  Паражынскай  (лозапляценне,  пано  з  бяросты).   Вы-ставачныя  саламяныя  вырабы  Наталлі  Лапацінай  перададзены  ў  дар  Украінскаму  пасольству.  Дарэчы,  яе  работы   разыш-ліся  ўжо  па  многіх  краінах  свету.  Бо  якія  б  знакамітыя  госці  ні  прыязджалі  ў  раён,  дзе  б  ні  гастраліравалі  за  мяжой  творчыя  калектывы  Клічаўшчыны, дзе  б  ні  экспанаваліся  работы  майстрыхі,  іх  абавязкова  дораць  на  добрую памяць  або   купляюць  наведвальнікі.
Зараз  Наталля  Леа-нідаўна  Лапаціна  працуе  над  стварэннем  персанальнай  выстаўкі.   У  гэтым  ёсць  важкая  патрэба:  з   Саюза  майстроў  народнай  творчасці   Беларусі  да  яе  паступіла  прапанова  аб  уступленні  ў  яго  рады.  Прапанова  пачэсная,  важкая,  як  пацвярджэнне  майстэрства.  Персанальная  выстаўка –  адна  з  умоў  уступлення  ў  гэту аўтарытэтную  грамадскую  арганізацыю.
Кожны  дзень  калектыву  раённага  Дома  рамёстваў  напоўнены  творчасцю,   новымі  ідэямі  і  новымі  па-дзеямі.   Літаральна  заўтра  на  раённым  Пакроўскім  кірмашы  мы  зможам  не  толькі  палюбавацца  іх  выставачнымі работамі,  а  і  набыць  сувеніры  для  сябе  і  на  падарунак-напамін  аб  роднай  зямлі.  А   ўжо  13  кастрычніка,  якраз  у  сваё  прафесійнае  свята,    майстры  РДР  ва  ўсёй  прыгажосці  і  велічы  прадставяць  наш  раён  на  першай Міжнароднай  выстаўцы-продажы  “Залаты  майстар”,  якая  будзе  праходзіць  у  рамках  ХІІІ  Міжнароднага  музычнага  фестывалю  “Залаты  шлягер”  у  горадзе  Магілёве.
Натхнення,  новых  творчых  здабыткаў  вам,  паважаныя!  Са  святам!

ГРАЙ  ЖА,  МУЗЫКА,  ГРАЙ!

Відаць,  у  яркіх  красках  лета  зачарпнула  Яўгенія  Козыр  тонкае  адчуванне  прыгажосці, бо  нарадзілася  якраз  у   жніво,  гарачую  і  песенную  пару.
Сузор’е Льва – сімвал  Сонечнага  агню  і  жыватворнай  энергіі — надзяліла  яе  жыццёвым  аптымізмам, воляй,  сардэчнасцю  і  шчырасцю,  любоўю  да  свецкага  жыцця,  сцэны  і  мастацтва.  Таму  натуральна,  што  з  маленства  з    задавальненнем  вучылася  ў  мясцовай Востраўскай  дзіцячай  музычнай  школе.  Пытанне  аб  выбары  прафесіі  нават  не  стаяла:  яна   і  бацькі  ведалі,  што  свой  лёс  Яўгенія  звяжа  з  музыкай.
Гады  вучобы  ў  Магілёўскім  дзяржаўным  каледжы  мастацтваў  праляцелі  незаўважна.  Па  дзяржаўным  размеркаванні  ўжо  дыпламаваным  спецыялістам   яна  вярнулася  на  родную  Клічаўшчыну.  І  вось  ужо  другі  год  Яўгенія  Козыр   працуе  дырэктарам  Востраўскага   сельскага   Дома  культуры,  а  жыве  дома,  з  бацькамі.   Паводле  дыплома  яна — кіраўнік  інструментальнага  ансамбля  і  арганізатар  культурнага  правядзення  вольнага  часу.  А  музыкі  ва  ўсіх  беларускіх  паселішчах  здаўна  ў  пашане і  павазе,  без  іх  і  свята – не  свята,  ды  і  будні  шэрыя,  аднолькавыя.
Пад  тонкімі  пальчыкамі  маладога  музыканта  ажываюць  акардэонныя  клавішы,  гучаць  фартэпіянныя  п’есы.  А  яшчэ  яна  валодае  майстэрствам  ігры  на  духавым  інструменце – блок-флейце.  Усе  яе  веды,  навыкі  і  здольнасці  ў  роднай  вёсцы  запатрабаваныя  і  малымі,  і  старымі.  Тым  больш  што  амаль  кожнага  мясцовага  жыхара  Яўгенія  ведае  ад  нараджэння:  з  кім  суседзі,  з  кім  аднакласнікі,  сябры.  Таму  і  самадзейнасць  арганізаваць  лягчэй,  і  кірмаш,  свята,  вечар  адпачынку  наладзіць, дыскатэку  правесці,  і  розныя  аматарскія  аб’яднанні  пры  СДК  “жывуць”.  Тыя  ж  дзіцячыя  гурткі:  танцавальны  “Мандарынкі”,  сольных  спеваў.
Яўгенія  Сяргееўна  па  сумяшчаль-ніцтве  працуе   настаўнікам  музыкі   па  класе  фартэпіяна   ў  Востраўскім  філіяле  ДУК  ”Арэхаўская  дзіцячая   школа  мастацтваў”.   Цяпер  яна  сама  ўжо  вучыць  мясцовых  дзяцей   чуць  музыку  і  ў  подыху  ветру,  і  ў палёце  чмяля,  сваё   бачанне  прыгожага  ўвасабляць  у  ігры  на  інструменце.  Па-ранейшаму  жыве  і   вакальны  ансамбль ”Зараначка”.  Цяпер  Яўгенія – яго  кіраўнік.  У  гэтым  дзіцячым  калектыве    яна,  як  і  многія  востраўскія  дзяўчынкі,  калісьці  вучылася  спяваць,   рабіла  першыя  крокі  на  сцэне.  Гэту  любоў  да  песні  Яўгенія  нясе  праз   жыццё.
Чалавек  яна  актыўны,  стаяць на  месцы — не  ў  яе  правілах.  Як  прызнаецца,  ужо  дакладна  ведае:  работнік  культуры – гэта  яе  прызванне.  Працуе і  жыве на  адным  дыханні,  у  творчым  пошуку,  па  шляху  самаўдасканалення.  Трэба – выступіць  і  на раённай  сцэне,  паўдзельнічае  ў  праграмах  раённага  Дома  культуры.  Зараз  Яўгенія  працягвае  сваю  адукацыю  –  яна  студэнтка-завочніца  Беларускага  дзяржаўнага    педагагічнага  ўніверсітэта  імя  Максіма  Танка.  А  адно  з  нядаўніх асабістых  дасягненняў –  атрыманне  вадзіцельскага  пасведчання   на  права кіравання  аўтамабілем  катэгорыі  “В”.  Як  і  большасць  маладых,  яна   імкнецца  быць  паспяховай.  Дзяўчына  ўпэўнена:  мары  збываюцца – варта  толькі  гэтага  вельмі   хацець!

Прафесія вечная – бібліятэчная!

Нават  дарослыя  людзі  часам  уяўляюць  сябе  сярэдневяковымі  рыцарамі  або  магучымі  варварамі,  прынцэсамі-прыгажунямі  або героямі  любоўных  раманаў.
Бо  чалавечая  фантазія  бязмежная,  а  мозг  патрабуе  пастаяннага  падсілкоўвання  і  пажытку  для  розуму.  Такую  магчымасць  кожнаму  дае  дзіўны свет  кніг. З лю-бімымі  літаратурнымі  героямі  мы  можам  падарожнічаюць  у  часе  і  прасторы,  пабываць  у  тых  месцах,  дзе  наўрад  ці  калі  пабываем  у  рэальнасці,  пражыць сотні  жыццяў.   Чытанне  нельга  замяніць  нічым!
А  даступнасць   кніжнага  багацця  забяспечваюць  публічныя  бібліятэкі.  У  нашым  раёне  гэта  ДУК  “Бібліятэчная  сетка  Клічаўскага  раёна”,  у  якую  ўваходзяць  20  сельскіх,  цэнтральная  раённая  і  дзіцячая  бібліятэкі.  Працуюць  у  іх  35  абаяльных  эрудыраваных  супрацоўніц,  якія  крочаць  у  нагу  з  часам.  Цяпер  у  арсенале  бібліятэкараў  –найноўшыя  камп’ютарныя  тэхналогіі, бо  толькі  па  дзяржаўнай  праграме  “Культура  Беларусі”  на  2011 – 2015 гады  атрыманы  41  камп’ютар.   У  аўтаматызаваным  рэжыме  вядуцца:  каталогі  на  новыя  паступленні  літаратуры, краязнаўчы   і  сістэматычны  перыядычных  выданняў  для  ўсіх  бібліятэк,  у  цэнтральнай  і  дзіцячай  бібліятэ- ках – улік  чытачоў  і   ўлік  кнігавыдачы.
Бібліятэкары  сеткі да  масавых  мерапрыемстваў,  свят  навучыліся  рабіць  тэматычныя электронныя  прэзентацыі,  а  таксама  прэзентацыі  кніг,  перыёдыкі.
Але  кніга,  як  і  раней,    застаецца  галоўнай  каштоўнасцю. Іх  багацце  ўражвае!  У  фондах  бібліятэк  сеткі  налічваецца  больш   за  323 тысячы   кніг,  газет,  часопісаў,  электронных  выданняў.
Шырокі  спектр  бібліятэчных  паслуг  сёння  аднолькава  даступны  як  для насельніцтва  Клічава,  аграгарадкоў,  так  і  аддаленых  вёсак.  Узяць  хаця  б  Усохскую  сельскую бібліятэку.  У  сувязі  з  аптымізацыяй  бібліятэчнай  сеткі  вось  ужо  шэсць  гадоў  яе  бібліятэкар  Ірына  Васільеўна  Ерамеева  працуе  на  паўстаўкі.  Але  гэта  акалічнасць  ніяк  не  адлюстроўваецца  на  якасці  бібліятэчнага  абслугоўвання  насельніцтва.  Чытачоў  тут  усяго 140,  з  іх  17  дзяцей.  Да  іх  паслуг  фонд  у  звыш  9000 кніг, перыядычных выданняў.    Пагадзіцеся,  гэта надзвычай  важна,  бо   не  кожная  сям’я  можа  сёння дазволіць  сабе купіць  кнігі  або выпісаць  стос  перыёдыкі.  Забяспечана  бібліятэка і  камп’ютарам,  не  так  даўно  падключаны  інтэрнэт.  Дзякуючы  чаму  тут  будзе  выкарыстоўвацца  спецыяльная  бібліятэчная  праграма “ALIS”,  забяспечаны  доступ  да  электроннага  краязнаўчага  каталога,  да  ўсяго  кніжнага  фонду  сеткі  раёна, у далейшым – вобласці  і  рэспублікі.
Але   поспех  у  любой  справе  забяспечваюць  людзі.  Бібліятэчнай  справе  Ірына  Васільеўна  Ерамеева   прысвяціла  амаль  30  гадоў  свайго  жыцця   і  ўвесь  час  працуе  ў  гэтай  сельскай  бібліятэцы.  Кіраўніцтва  характарызуе  яе  як  надзвычай  адказнага  спецыяліста,  творчага  чалавека.  Бо  Ірына  Васільеўна яшчэ і пастаянная  ўдзельніца  самадзейнасці,  спявае  ў  вакальным  ансамблі  “Суседзі”  Бацэвіцкага  Цэнтра  культуры  і  вольнага часу.  Хоць  Усохі  зараз  не  ранейшая  густанаселеная  вёска,  але  яна  імкнецца  зрабіць  жыццё  сваіх  землякоў  больш  цікавым,  яркім.  У  прыватнасці,  Ірына  Васільеўна – часты  госць  у  сваіх  пажылых  чытачоў,  якім  дастаўляе  кнігі  дамоў.   У бібліятэцы  для  дзяцей  сярэдняга  школьнага  ўзросту  каля  дзевяці  гадоў  працуе  аматарскі  клуб  “Юны  эколаг”.   У  ім  праводзяцца  экалагічныя  ўрокі,  гутаркі,  завочныя  падарожжы, літаратурныя  гадзіны,  прысвечаныя  творчасці  дзіцячых  пісьменнікаў, якія  пішуць  аб  прыродзе,  і г.д.  Мерапрыемствы  прымяркоўваюцца  да   знамянальных  экалагічных  дат,  напрыклад,  да Дня  птушак,  Дня  Зямлі  і  іншых.  Арганізуюцца  і  прагулкі  ў  прыроду,  калі  на  яе  ўлонні   бібліятэкар  знаёміць  дзяцей  з  лекавымі  травамі  або  запрашае  на сустрэчу  цікавага  суразмоўцу,  егера  Бацэвіцкага  лясніцтва  Сяргея   Андрэевіча   Ерамеева.   Работа  па  экалагічным  выхаванні  дзяцей  пастаўлена на  такім  узроўні,  што  абагульнены  вопыт   Усохскай  бібліятэкі ў  свой  час  быў  прадстаўлены   на  адным  з    абласных  экалагічных  бібліятэчных  конкурсаў.

Матэрыялы  Ніны  ІЗОХ.  Фота  аўтара.

Последние новости

Судебная экспертиза

Покупка подержанного авто.

28 марта 2024
Охрана природы

Всемирная экологическая акция «Час Земли-2024» пройдет 30 марта

28 марта 2024
Актуально

Спасибо за дружную семью!

27 марта 2024
Кличевщина

Край, дзе пачынаецца Радзіма

27 марта 2024
Правопорядок

Случаи смертельных отравлений алкоголем в 2023 году

26 марта 2024
Официально

Лукашенко рассказал о контактах с Путиным в течение суток после теракта в Подмосковье

26 марта 2024
Актуально

Наградили лучших членов избирательных комиссий

26 марта 2024
Профсоюзы

Правовой профсоюзный приём

26 марта 2024
80-ЛЕТИЕ ОСВОБОЖДЕНИЯ БЕЛАРУСИ

Символ скорби

26 марта 2024
Дорожная безопасность

Единый день безопасности дорожного движения «Движение по правилам – основа безопасности!»

26 марта 2024

Рекомендуем

Праздники

Зиму-зимушку проводили, весну красную встретили

20 марта 2024
Актуально

В Кличеве состоялось совместное заседание президиума Кличевского районного Совета депутатов и Кличевского райисполкома

19 марта 2024
Дорожная безопасность

Единый день безопасности дорожного движения «Движение по правилам – основа безопасности!»

26 марта 2024
Кличевщина

Важный день в истории

20 марта 2024
Кличевщина

Сёстры Хатыни

22 марта 2024
Актуально

Помним и чтим

20 марта 2024
Правопорядок

Отвечает участковый инспектор милиции

20 марта 2024
Медицина

С заботой о здоровье. Диспансеризация по новым правилам

18 марта 2024