МЕСЦА ПАД СОНЦАМ

Сёння   ва  ўпраўленні  па  працы,  занятасці  і  сацыяльнай  абароне  насельніцтва  Клічаў-скага  райвыканкама  на  ўліку  знаходзяцца  толькі  24  беспрацоўныя.  Са  студзеня  па  верасень  2013  года  гэта  служба  аказала  садзейнічанне  ў  працаўладкаванні  196  беспрацоўным,  або  93%  ад  агульнай колькасці  зарэгістраваных.
Як  заваяваць  сваё  месца  пад  сонцам  тым,  хто  па  волі  лёсу  ці   абставін  стаў  беспрацоўным?  Аб  гэтым   расказвае  Людміла  ВАСІЛЕЎСКАЯ,  начальнік  аддзела  працы,  заработнай  платы  і  занятасці  насельніцтва:
–  Асноўнай  мэтай  нашага  ўпраўлення  ў  сферы занятасці  з’яўляецца  стварэнне  ўмоў  для  забеспячэння  эфектыўнай  занятасці  насельніцтва,  аказанне  садзейнічання  беспрацоўным  і  часова  незанятым  грамадзянам  ва  ўзнаўленні  працоўнай  дзейнасці,  забеспячэнне  сацыяльнай  абароны  непрацуючых  грамадзян.
У  выніку  мэтанакіраванай  работы  ў  раёне  ўдалося  знізіць  колькасць  беспрацоўных,  палепшыць  сітуацыю  на  рынку  працы.  Так,  на  пачатак  кастрычніка  гэтага  года  ўзровень  беспрацоўя  склаў  0,4%,  пры  заданні  на  канец  2013  года – 1,0%.  У   першую  чаргу  садзейнічала  гэтаму  стварэнне   на  прадпрыемствах  і  ў  арганізацыях  усіх  формаў   уласнасці  129  новых  рабочых  месцаў.  2  беспрацоўных  вырашылі  адкрыць  уласную  справу,  і  ім  выдадзены  субсідыі  для  арганізацыі  прадпрымальніцкай  дзейнасці.
Пры  жаданні  прадастаўляем  кожнаму  беспрацоўнаму  магчымасць  прайсці  перанавучанне  па  спецыяльнасці,  якая зараз  карыстаецца  попытам  на  рынку  працы.  Сёлета  такі  шанц  скарысталі  20  чалавек.  Напрыклад,  чацвёра  з  іх – вадзіцелі,  якія   адкрылі  катэгорыю “Д”  на  права  кіравання  аўтобусам.
Асаблівая  ўвага — сацыяльна  неабароненым  грамадзянам.  За  дзевяць  месяцаў  гэтага  года  намі  працаўладкавана  40  чалавек  з  гэтай  катэгорыі,  прычым  39  з  іх – за  кошт  броні,  якую  ўстанавіў  наймальнікам  райвыканкам.
У  час  летніх  канікулаў  праз  наша  ўпраўленне  зарабіць  магла  і  моладзь.  Так,  у  рамках  другаснай  занятасці  ў летні  час  намі  было  працаўладкавана  110  навучэнцаў.
Беспрацоўным,  якія  стаяць  на  ўліку  ва  ўпраўленні,  аказваецца  сацыяльная  падтрымка  ў  вы-глядзе  выплаты  дапамогі па  беспрацоўі  і   матэрыяльнай  дапамогі. Адзначу,  што  беспрацоўныя  маюць  магчымасць  дадатковага  заробку  на  грамадскіх  работах. Удзельнічаць  у  іх  могуць  не  толькі  тыя,  хто  стаіць  у  нас  на  ўліку,  але  і  незанятае  насельніцтва.  У  прыватнасці,  за  9   месяцаў  гэтага  года  ў  аплачваемых  грамадскіх  работах  прынялі  ўдзел  77  чалавек.  Для  беспрацоўных  ёсць  устаноўленая  неабходная  месячная  норма  адпрацоўкі  грамадскіх  работ.  Гэты  мінімум  неабходна  выконваць,  каб  атрымліваць  дапамогу,  але  пры  жаданні  можна  працаваць  і  больш,  каб  зарабіць.  Зараз  аплачваемыя  грамадскія  работы  па  бягучым  рамонце  агароджаў  могілак  вядзе  УКП  “Жылкамгас”.
Бываюць  у  жыцці  лю-дзей  даволі  складаныя  сітуацыі,  калі   ні  працы, ні  жылля.  Але  ніколі  не позна  пачаць  з  “чыстага ліста”,  і  наша  ўпраўленне  можа ў  гэтым  дапамагчы.  З  мэтай  садзейнічання  занятасці  беспрацоўных,  забеспячэння  наймальнікаў  работнікамі  мы  здзяйсняем  перасяленне  беспрацоўных  і  членаў  іх сямей  на  новае  месца  жыхарства  пры  прадастаўленні  ім  работы  ў  іншай  мясцовасці,  напрыклад,  з  горада  ў  вёску або  з  адной  вёскі  ў  другую,  у  межах  рэспублікі.  Так,  летась  на  такіх  умовах у  Нясяту  пераехала  сям’я  з  горада  Магілёва  і  адна – з  Клічава  ў  Максімавічы.  Пераселенымі  могуць  быць  мужчыны  і  жанчыны  працаздольнага  ўзросту  і  члены  іх  сямей.  Пры заключэнні  адпаведнага  дагавору  мы  праводзім  выплату  грашовых  сродкаў  у  памеры              7-кратнай  велічыні  бюджэту  пражытачнага  мінімуму.  І  дадаткова – выплату  беспрацоўным  у  памеры  2-кратнай  велічыні  бюджэту  пражытачнага  мінімуму  пры  перасяленні  беспрацоўных  з  горада  ў  вёску.
Ёсць  у  нас  асобная  праграма  “Маладзёжная  практыка”.  Ужо  з  яе  назвы  вынікае,  што  арганізуецца  яна  для  маладых беспрацоўных на  вучнёўскіх  рабочых  месцах  прадпрыемстваў.   Удакладню,  што  сюды  могуць  быць  накіраваны  тыя  з іх,  хто  мае   прафесію,  якая  адпавядае  вучнёўскаму  рабочаму  месцу.  Напрыклад,  на  такія  месцы  мы  можам  накіраваць  маладых  маці  на  працягу  года  пасля  заканчэння  3-гадовага  водпуску  па  доглядзе  за  малым  дзіцем.  Працуюць  на  вучнёўскіх  месцах  па  дагавору  паўгода,  а  пасля  наймальнік  або  прымае  чалавека  на  пастаянную  працу (гэта  магчыма  і  датэрмінова,  да  заканчэння  “Маладзёжнай  практыкі”),  або  звальняе  яго.
Усім,    хто  сапраўды  хоча працаваць,  мы  абавязкова  дапаможам.  Як  бачыце,  дзеля  гэтага  ва  ўпраўленні  такія  магчымасці  ёсць.  Толькі   зараз   у  арганізацыях   раёна  маецца  129  вакансій,  з  іх  шырокі  выбар  будаўнічых  прафесій,  качагараў,  значны  недахоп  розных  кадраў  у  КСВК  “Калгас  імя  Тэльмана”  (у  тым  ліку  галоўных  спецыялістаў),  па-трэбны  работнікі  ва  УКСП  “Саўгас “Доўгаўскі”,  СВУ  “Зарэчны”  ДЛГУ  “Клічаўскі  лясгас”,  перыядычна  – швачкі   ў  ПВУП  “Славянка-Клічаў” і  іншыя.

Запісала  Ніна  ІЗОХ.

Добавить комментарий