Прыспешвае восеньскае поле
Восень няспешна ўступае ў свае правы: расквечвае лясы пазалотай і барвовасцю, сыпле долу пажоўклае лісце, развешвае бязважкія карункі павуціння.
І асабліва востра адчуваеш яе дыханне ў вёсцы: апусцелі палі, сады, і тут, і там сустракаеш па дарозе людзей з поўнымі кашамі грыбоў – прыкметы верасня. А на калгасных палетках з краю ў край ідуць і ідуць трактары, гул рознай тэхнікі чуваць здалёк. “У восень – работ восем” – сцвярджае народная мудрасць. А калі палічыць, то цяпер іх значна болей. Вось і ў КСВК “Калгас імя Леніна” ў гэтыя дні вядуць хімпраполку азімага рапсу, нарыхтоўваюць сілас з кукурузы і закладваюць яго ў бурт у Чырвоным Беразе.
Спяшаюцца тут і з сяўбой азімых. Аб важнасці гэтага адвечнага сялянскага клопату старыя людзі кажуць: “Паміраць збірайся, а жыта сей!” У гаспадарцы сеюць з надзеяй на будучы ўраджай. Па стану на 23 верасня пасеяна ўжо 660 гектараў пры плане 1100 гектараў. Усё неабходнае для забеспячэння якасці севу і тэмпаў работ у гаспадарцы ёсць. І самае галоўнае – настрой хлебаробаў!
“Цёмна з дому іду, цёмна прыходжу, цяпер жа дні ўжо кароткія. Трэба спяшацца з усім управіцца”. Гэтыя словы механізатара КСВК “Калгас імя Леніна” Дзмітрыя Пятровіча Капітанчука – лейтматыў кожнага яго рабочага дня. Украінец, з Жытомірскай вобласці. У ліхія 90-я чорны вецер Чарнобыля вымусіў пакінуць радзіму. Пераехалі на Клічаўшчыну, бліжэй да сваякоў. Аб тым Дзмітрый Пятровіч не шкадуе. Жонка Валянціна Мікалаеў-на – настаўніца ва Усохскай школе, а ён сваё жыццё з маладосці прысвяціў зямлі-карміцельцы. На сучасным энерганасычаным трактары «Беларус – 3022» трэці год працуе. Атрымліваў яго новенькім, з канвеера, і да гэтага часу стальны конь не падводзіць. На ім Дзмітрый Пятровіч з сеялкай і вясной, і восенню. Так і цяпер – увесь светавы дзень у працы, трэба – сее, неабходна падрыхтаваць новыя плошчы зямлі – чапляе плугі. “Безадказны, працавіты чалавек, прыклад для моладзі, – характарызуе яго галоўны аграном Сяргей Анатольевіч Дарожкін. – У любой сітуацыі на яго можна разлічваць.”
З тэхнікай Дзмітрый Пятровіч на “ты”, любіць і беражэ. Машынна-трактарны парк гаспадаркі пастаянна абнаўляецца, цяпер у ім ужо тры такіх трактары. Дарэчы, у красавіку 2012 года старшыні калгаса Раісе Міхайлаўне Барысёнак, як жанчыне-кіраўніку сельгаспрадпрыемства, старшыня аблвыканкама Пётр Руднік уручыў ключы ад энерганасычанага трактара «Беларус-3022», які прыганяў у калгас ён, Капітанчук. Той трактар даручылі вопытнаму механізатару Аляксандру Валянцінавічу Прасняку, яшчэ на адным такім працуе Лявонцій Міхайлавіч Кушавараў. Ёсць надзейныя кадры, сучасная высокапрадуцыйная тэхніка – аснова паспяховага аграбізнесу і жыццядзейнасці людзей. Поспеху быць!
На здымку: Дз.П. Капітанчук.