Працай узвялічаны
У кожнай малой вёсачцы ці буйным горадзе Беларусі чалавек славіцца сваёй працай, незалежна ад таго, хто ён – мастак або рабочы, настаўнік або хлебароб. Галоўнае, каб яго праца была на карысць людзей, грамадства. А ў славы шырокія крылы!
Сяргей Міхайлавіч Рамнёнак вядомы ўжо і па-за межамі роднай Клічаўшчыны. Працуе аператарам комплексу па адкорме і вырошчванні буйной рагатай жывёлы УКСП “Саўгас “Дабраволец”, дзе ўтрымліваецца (па стане на 1 верасня 2013 года) 11 216 галоў жывёлы. На першы погляд, яго занятак вельмі сціплы, адсюль далёка да зорак. Але прыклад Сяргея Міхайлавіча ярка пацвярджае: праца ўзвялічвае! Жывёлагадоўлі ён прысвяціў каля 30 гадоў жыцця, працаўладкаваўся на комплекс на пачатку яго заснавання. Аператар 2-га перыяду комплексу, дзе гадуюцца 7356 быкоў і перад рэалізацыяй кожны з іх ў вазе дасягае паўтоны. Тут работнікам сіла, спрыт патрэбны, веды, вопыт. А бычкі, як і кожная жывая істота, патрабуюць не толькі штодзённага клопату, але і любові. Зладжаны калектыў комплексу працуе на рэзультат. У агульным выніку выдзяляецца пастаянны важкі ўклад і Сяргея Міхайлавіча.
Па працы – гонар і пашана. Яшчэ ў 2006 годзе С.М. Рамнёнак Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. У 2011 годзе Сяргей Міхайлавіч стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта “Чалавек года”. І літаральна напачатку верасня – наступная важкая ўзнагарода Радзімы. За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 396 Сяргей Міхайлавіч Рамнёнак узнагароджаны ордэнам Айчыны ІІІ ступені. Віншуем! Поспеху Вам, шаноўны, новых працоўных здабыткаў і асабістага шчасця!