Прыспешвае восеньскае поле

Восень  няспешна  ўступае ў свае  правы:  расквечвае  лясы  пазалотай  і  барвовасцю,  сыпле  долу  пажоўклае  лісце,  развешвае  бязважкія  карункі  павуціння.
І  асабліва  востра  адчуваеш  яе  дыханне   ў  вёсцы:  апусцелі  палі,  сады,  і  тут,  і  там  сустракаеш  па  дарозе  людзей  з  поўнымі  кашамі  грыбоў – прыкметы  верасня.  А  на калгасных   палетках з  краю  ў  край  ідуць  і  ідуць  трактары,  гул  рознай  тэхнікі  чуваць  здалёк.   “У  восень – работ  восем” – сцвярджае  народная  мудрасць.  А  калі  палічыць,  то  цяпер  іх  значна  болей.  Вось  і ў  КСВК  “Калгас  імя  Леніна”  ў  гэтыя  дні  вядуць  хімпраполку  азімага рапсу,  нарыхтоўваюць  сілас  з  кукурузы  і  закладваюць  яго  ў  бурт  у  Чырвоным  Беразе.
Спяшаюцца  тут  і  з  сяўбой  азімых.  Аб  важнасці  гэтага  адвечнага  сялянскага  клопату  старыя  людзі  кажуць:  “Паміраць  збірайся,  а  жыта сей!”  У  гаспадарцы  сеюць  з  надзеяй  на  будучы  ўраджай.  Па  стану  на   23  верасня  пасеяна  ўжо  660  гектараў  пры  плане  1100 гектараў.  Усё  неабходнае  для  забеспячэння якасці  севу  і  тэмпаў  работ  у  гаспадарцы  ёсць.  І  самае  галоўнае – настрой  хлебаробаў!
“Цёмна  з  дому  іду,  цёмна  прыходжу,  цяпер  жа  дні  ўжо кароткія.  Трэба   спяшацца  з  усім  управіцца”. Гэтыя  словы  механізатара  КСВК  “Калгас  імя  Леніна”  Дзмітрыя  Пятровіча  Капітанчука  – лейтматыў  кожнага  яго  рабочага  дня.  Украінец,  з  Жытомірскай  вобласці.  У  ліхія  90-я  чорны  вецер  Чарнобыля  вымусіў  пакінуць  радзіму. Пераехалі  на  Клічаўшчыну,  бліжэй  да  сваякоў.  Аб  тым  Дзмітрый  Пятровіч не  шкадуе.  Жонка  Валянціна  Мікалаеў-на –  настаўніца  ва  Усохскай   школе,  а  ён  сваё  жыццё  з  маладосці  прысвяціў  зямлі-карміцельцы.  На  сучасным  энерганасычаным   трактары  «Беларус – 3022»  трэці  год  працуе. Атрымліваў  яго  новенькім,  з  канвеера,  і  да  гэтага  часу  стальны конь  не  падводзіць.  На  ім  Дзмітрый  Пятровіч   з сеялкай  і  вясной, і восенню.  Так  і  цяпер – увесь  светавы  дзень  у  працы,  трэба – сее,  неабходна  падрыхтаваць  новыя  плошчы  зямлі – чапляе  плугі.  “Безадказны,  працавіты   чалавек,  прыклад  для  моладзі, – характарызуе  яго  галоўны  аграном  Сяргей  Анатольевіч  Дарожкін. –  У  любой  сітуацыі на  яго  можна  разлічваць.”
З  тэхнікай   Дзмітрый  Пятровіч  на   “ты”,   любіць  і  беражэ.  Машынна-трактарны  парк  гаспадаркі пастаянна  абнаўляецца,  цяпер  у  ім   ужо  тры  такіх  трактары.  Дарэчы,  у  красавіку  2012  года  старшыні  калгаса  Раісе  Міхайлаўне  Барысёнак,  як жанчыне-кіраўніку   сельгаспрадпрыемства,  старшыня  аблвыканкама  Пётр  Руднік   уручыў  ключы  ад  энерганасычанага  трактара  «Беларус-3022»,  які  прыганяў  у  калгас  ён,  Капітанчук.  Той трактар  даручылі  вопытнаму  механізатару  Аляксандру  Валянцінавічу  Прасняку,  яшчэ  на  адным  такім  працуе  Лявонцій  Міхайлавіч  Кушавараў.  Ёсць  надзейныя  кадры,  сучасная  высокапрадуцыйная  тэхніка – аснова  паспяховага  аграбізнесу  і  жыццядзейнасці  людзей.  Поспеху  быць!

На  здымку:  Дз.П. Капітанчук.

Добавить комментарий