У чалавека за жыццё бываюць розныя дарогі – лёгкія, як песня, або складаныя, заблытаныя, што клубок. Выпраўляем роднага чалавека з дому – зычым шчаслівага шляху: “Гладкай дарогі!”. Гэта эпітэт, а з практычнага боку жыцця роўнасць дарогі – без ям, ухаб.
У апошні час усё ўзрастаючыя хуткасць руху і інтэнсіўнасць транспартных патокаў на дарогах павялічваюць патрабаванні да іх роўнасці. Якасць іх і забяспечваюць работнікі дарожнай службы, у нашым раёне на дарогах мясцовага значэння – калектыў філіала КУП “Магілёўаблдарбуд” ДРБУ № 126.
У складзе брыгады па ўкладцы асфальту працуе і Аляксандр Уладзіміравіч Нарадоўскі. Быў дарожным рабочым, апошнія пяць гадоў ён машыніст самаходнага катка. Гэта тэхніка прызначана для ўкладкі асфальтабетоннага па-крыцця, служыць для яго ўшчыльнення да неабходнага ўзроўню пругкасці, трываласці, воданепранікальнасці і роўнасці. Дарэчы, вага гэтага катка – 7 тон. За 2-4 праходы па адным следзе машыніст і павінен забяспечыць усе неабходныя параметры на выхадзе ўкладкі асфальтабетону. Пры гэтым час работы абмежаваны: перапынак паміж устройваннем ніжняга слою з бетонных сумесяў і ўшчыльненнем – не больш 30 хвілін! І яшчэ: калі дапусціць на асфальтабетоннае пакрыццё лішні ціск, ушчыльненне стане працэсам разбурэння! Вось тут і выручаюць прафесіяналізм і інтуіцыя, якія і ўласцівы Аляксандру Уладзіміравічу. Начальнік ДРБУ № 126 Аляксандр Аляксандравіч Сэка характарызуе яго толькі са станоўчага боку: “На такіх людзей можна разлічваць у любой сітуацыі”.
На ўзбраенні дарожнікаў прыказка: “Рыхтуй летам сані, а зімой – калёсы”. Ужо даўно рыхтуюцца яны да работы ў складаных асенне-зімовых умовах. Назапашваюць неабходныя аб’ёмы пясчана-салянай сумесі, рыхтуюць тэхніку. Вось і Аляксандр Уладзіміравіч у гэтыя дні рамантуе КАМАЗ, на якім яму прапанавалі зімой падсыпаць дарогі. І ён пагадзіўся, бо працы не баіцца, з асабістым часам не лічыцца, трэба – значыць зробіць. Адказнасць, сабранасць яму ўласцівы, нездарма ж служыў у арміі ў спецроце ваенна-паветраных сіл. У сям’і Аляксандр Уладзіміравіч – муж, бацька двух дзяцей. Любіць спорт, больш хакей, валейбол, у спаборніцтвах выступае за калектыў прадпрыемства. Занятак для душы з дзяцінства – рыбалка, ды і як інакш, ён жа родам з Вострава, а там і Струга, і Бярэзіна. Прызнаецца, што самы вялікі яго ўлоў – 7-кілаграмовы шчупак!
Кожны раз, калі знаёмлюся з новымі людзьмі, пагаджаюся з Кузьмом Чорным, які зазначыў: “Кожны чалавек – гэта цэлы свет”.
Ніна Ізох.
Фота аўтара.