УКСП “Саўгас “Вольса” прызнаны пераможцай спаборніцтваў у намінацыях: “За дасягненне лепшых паказчыкаў па павелічэнні вытворчасці мяса”; “Па эфектыўным выкарыстанні сельскагаспадарчых угоддзяў”
Па выніках работы за 2012 год працоўны калектыў УКСП “Саўгас “Вольса” прызнаны пераможцай спаборніцтваў у намінацыях: “За дасягненне лепшых паказчыкаў па павелічэнні вытворчасці мяса”; “Па эфектыўным выкарыстанні сельскагаспадарчых угоддзяў”.
Тут летась атрымана 88,4 цэнтнера мяса ў разліку на 100 гектараў сельгасугоддзяў і павялічана яго вытворчасць да ўзроўню 2011 года на 15,3 %. За мінулы год у гаспадарцы атрымана 36,6 цэнтнера кармавых адзінак з 1 гектара сельгасугоддзяў і павялічана іх вытворчасць да ўзроўню 2011 года на 102 тоны.
На сакавіцкім сходзе перадавікоў народнай гаспадаркі раёна працоўнаму калектыву УКСП “Саўгас “Вольса” ўручаны два Ганаровыя Пераходныя сцягі райвыканкама, ён занесены на раённую Дошку гонару, узнагаро-джаны Ганаровымі граматамі райвыканкама і грашовымі прэміямі.
Адвечная сялянская праца… Зямля-матухна вымагае клопату мазалёвых рук, працы да сёмага поту з досвітку і да цямна. А хто дбае, той і мае. Гэта мудрасць прашчураў на ўзбраенні і ў калектыву УКСП “Саўгас” Вольса”, у якім зараз 142 чалавекі. Усе, хто сее, косіць, жне, гадуе жывёлу – працуюць на рэзультат. Гаспадарка па праву ганарыцца і ім, і сваімі лепшымі працаўнікамі. Узяць хаця б жывёлагадоўлю. Тон у вытворчасці малака задае калектыў Клічаўскай МТФ. Тут утрымліваецца 503 галавы буйной рагатай жывёлы, з іх 222 – дойны статак. Са студзеня па сакавік валавая вытворчасць малака склала амаль 289 тон. Лідарства па надоях малака трымаюць даяркі Таццяна Уладзіміраўна Вароніч, Таццяна Ягораўна Бондар і Ірына Уладзіміраўна Салановіч. Дарэчы, Ірына Уладзіміраўна лепшая даярка не толькі па гэтай ферме, але і па гаспадарцы. За 2012 год яна надаіла 5830 кіла-грамаў малака, а за студзень-сакавік гэтага года – 1532 кіла-грамы. Трымаць першынство даволі складана, бо калегі імкнуцца шчыраваць не горш. Напрыклад, даярка Дзмітраўскай МТФ Галіна Васільеўна Арэф’ева летась у спаборніцтве па гаспадарцы займала другое месца. Ад кароў сваёй групы яна мела надоі ў 5635 кілаграмаў малака, а за першыя тры месяцы гэтага года – ужо 1382 кілаграмы.
Ёсць у гаспадарцы свае правафланговыя і на вытворчасці мяса. У іх ліку аператар на дарошчванні маладняку Андрэй Мікалаевіч Зямцоў, які працуе на Стаяльскай МТФ. За 2012 год яго падапечныя – цёлачкі ад 2 месяцаў да 1 года – мелі па 657 грамаў сярэднесутачных прываг. За тры месяцы гэтага года маладняк набіраў за суткі па 754 грамы, а ў красавіку – па 852 грамы!
Працавітасць, адданасць гэтай справе характэрныя і для Таццяны Іванаўны Коўрык і Раісы Віктараўны Каралёк, жывёлаводаў Дзмітраўскай МТФ. За мінулы год гэтыя аператары на дарошчванні маладняку мелі ад іх па 678 грамаў сярэднесутачных прываг, са студзеня па сакавік гэтага года – па 621 граму.
Ёсць малако, мяса, родзіць хлебная ніва – не пустуе казна гаспадаркі, мацуецца дабрабыт сем’яў хлебаробаў, а значыць, ёсць настрой жыць і працаваць.
На здымку: даяркі Клічаўскай МТФ: І. У. САЛАНОВІЧ, Т. Я. БОНДАР, загадчыца МТФ Т. У. ЮРКАВЕЦ і Т. У. ВАРОНІЧ.
Ніна Ізох.