УКСП “Саўгас “Вольса” прызнаны пераможцай спаборніцтваў у намінацыях: “За дасягненне лепшых паказчыкаў па павелічэнні вытворчасці мяса”; “Па эфектыўным выкарыстанні сельскагаспадарчых угоддзяў”

Па   выніках  работы  за  2012  год   працоўны  калектыў  УКСП  “Саўгас  “Вольса” прызнаны  пераможцай  спаборніцтваў у  намінацыях: “За  дасягненне  лепшых  паказчыкаў  па  павелічэнні  вытворчасці  мяса”;  “Па  эфектыўным выкарыстанні  сельскагаспадарчых  угоддзяў”.
Тут  летась   атрымана  88,4  цэнтнера  мяса  ў  разліку  на  100  гектараў  сельгасугоддзяў  і  павялічана  яго  вытворчасць  да  ўзроўню  2011  года  на 15,3 %.  За  мінулы  год  у  гаспадарцы  атрымана  36,6  цэнтнера  кармавых  адзінак  з  1  гектара  сельгасугоддзяў  і  павялічана  іх  вытворчасць  да  ўзроўню  2011  года  на  102  тоны.
На  сакавіцкім  сходзе  перадавікоў  народнай  гаспадаркі  раёна  працоўнаму  калектыву  УКСП  “Саўгас “Вольса” ўручаны два  Ганаровыя  Пераходныя  сцягі  райвыканкама,  ён  занесены  на  раённую  Дошку  гонару,  узнагаро-джаны  Ганаровымі  граматамі райвыканкама  і  грашовымі  прэміямі.
Адвечная  сялянская  праца… Зямля-матухна  вымагае  клопату  мазалёвых  рук,  працы  да  сёмага  поту  з  досвітку  і  да  цямна.  А  хто  дбае,  той  і  мае.  Гэта  мудрасць  прашчураў  на  ўзбраенні  і  ў  калектыву   УКСП “Саўгас” Вольса”,  у  якім  зараз  142 чалавекі.   Усе, хто  сее,  косіць,  жне,  гадуе  жывёлу – працуюць  на  рэзультат.  Гаспадарка  па  праву  ганарыцца  і  ім,  і  сваімі  лепшымі  працаўнікамі.  Узяць  хаця  б  жывёлагадоўлю.  Тон  у  вытворчасці  малака  задае   калектыў  Клічаўскай  МТФ.  Тут   утрымліваецца  503  галавы буйной  рагатай жывёлы,  з  іх  222 – дойны  статак.  Са  студзеня  па  сакавік  валавая  вытворчасць  малака  склала  амаль  289  тон.  Лідарства  па  надоях  малака трымаюць  даяркі  Таццяна  Уладзіміраўна  Вароніч,  Таццяна  Ягораўна  Бондар  і  Ірына  Уладзіміраўна  Салановіч.  Дарэчы,  Ірына  Уладзіміраўна  лепшая  даярка  не  толькі   па  гэтай  ферме,  але   і  па  гаспадарцы.  За  2012  год  яна  надаіла  5830  кіла-грамаў  малака,  а  за  студзень-сакавік  гэтага  года – 1532  кіла-грамы.  Трымаць  першынство  даволі  складана,  бо  калегі  імкнуцца  шчыраваць  не  горш.  Напрыклад,   даярка  Дзмітраўскай  МТФ  Галіна  Васільеўна  Арэф’ева  летась у  спаборніцтве   па  гаспадарцы  займала  другое  месца. Ад  кароў  сваёй  групы  яна  мела  надоі ў  5635  кілаграмаў  малака, а  за  першыя  тры  месяцы  гэтага  года  – ужо 1382  кілаграмы.
Ёсць  у  гаспадарцы  свае   правафланговыя  і  на  вытворчасці  мяса.  У  іх  ліку  аператар  на  дарошчванні  маладняку  Андрэй  Мікалаевіч  Зямцоў,  які  працуе  на  Стаяльскай  МТФ.  За  2012  год  яго  падапечныя – цёлачкі  ад  2 месяцаў  да  1 года – мелі па 657 грамаў  сярэднесутачных  прываг.  За  тры  месяцы  гэтага  года  маладняк   набіраў за  суткі  па  754  грамы,  а  ў  красавіку – па  852  грамы!
Працавітасць,  адданасць  гэтай  справе   характэрныя   і   для  Таццяны  Іванаўны  Коўрык  і  Раісы  Віктараўны  Каралёк,  жывёлаводаў  Дзмітраўскай  МТФ.  За  мінулы  год  гэтыя  аператары  на  дарошчванні  маладняку  мелі ад  іх  па   678 грамаў  сярэднесутачных  прываг,  са  студзеня  па  сакавік  гэтага  года  –  па  621  граму.
Ёсць  малако,  мяса,  родзіць  хлебная  ніва – не  пустуе  казна  гаспадаркі,  мацуецца  дабрабыт  сем’яў  хлебаробаў,  а  значыць,  ёсць  настрой  жыць  і  працаваць.

На  здымку:  даяркі  Клічаўскай  МТФ:  І. У. САЛАНОВІЧ,  Т. Я. БОНДАР,  загадчыца  МТФ  Т. У. ЮРКАВЕЦ  і  Т. У. ВАРОНІЧ.

Ніна  Ізох.

Добавить комментарий