Дзіўны свет Анатоля Юркаўца
Клічаўлянін Анатоль Юркавец у лясной ахове лясгаса служыць амаль 15 гадоў, увесь час егерам. Ён з кагорты тых шчасліўцаў, для якіх работа – прызванне душы. Большую частку сутак знаходзіцца ў лесе – значна больш, чым дома жыве. Сям’я за столькі часу да гэтага прызвычаілася, усе разумеюць: інакш іх Анатоль Антонавіч не можа.
Да лесу адносіцца як да жывой істоты, зялёнаму ж сябру дапамога, ахова патрэбны, і прычым круглы год. На давераным абходзе і ноччу арыентуецца, што ўдзень. Дастаткова яму вокам кінуць у лесе – і сітуацыя ў любым лясным куточку для яго зразумелая. Ён тут гаспадар: паклапоціцца, каб не галадала ў гэтыя зімовыя дні дзікая жывёла, таму падкормачныя пляцоўкі ніколі не пустуюць.
Анатоль Антонавіч – паважаны чалавек і ў працоўным калектыве, і сярод паляўнічых, а гэта свайго роду таварыства. Тут, каб мець вагу, трэба не толькі ведаць усе павадкі звера, быць трапным стралком, але і мець цвёрды характар, умець ладзіць з людзьмі. Як егер, Анатоль Юркавец з’яўляецца арганізатарам палявання на сваім абходзе. Літары закона прытрымліваецца сам і ад іншых таго ж патрабуе. А вопыт, тонкае веданне справы сталі ўжо прафесійным здабыткам.
Ёсць у Анатоля Юркаўца на прадпрыемстве і яшчэ адна пасада. Каля дзясятка гадоў ён пчаляр лясгаса, і да гэтай справы ставіцца з такой жа зацікаўленасцю. На пасецы 48 пчоласямей, атрымаць ад іх духмяны мядок Анатоль Антонавіч умее. А папрацаваць яму колькі тут прыходзіцца! Як вынік – трымае месца ў тройцы лепшых пчаляроў Магілёўскага ДВЛГА па аб’ёме вытворчасці таварнага мёду на 1 пчоласям’ю.
Добрасумленная праца старшага егера А.А.Юркаўца не па-кінута без увагі кіраўніцтва. Вось і не так даўно ён узнагароджаны Ганаровай граматай Магілёўскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання. А ў добрай славы шырокія крылы.