Афганістан: выпрабаванне мужнасцю
Наша даведка
Афіцыйна афганская вайна працягвалася з 25 снежня 1979 года да 15 лютага 1989 года, больш дакладна – 2 тысячы 238 дзён. 14 красавіка 1988 былі падпісаны Жэнеўскія пагадненні аб палітычным урэгуляванні становішча вакол сітуацыі ў Афганістане. Савецкі Саюз абавязаўся вывесці свой абмежаваны кантынгент войск у 9-месячны тэрмін, пачынаючы з 15 мая. ЗША і Пакістан, са свайго боку, павінны былі спыніць падтрымку маджахедаў. 15 лютага 1989 года тэрыторыю Афганістана пакінулі апошнія калоны часцей 40-й арміі і ўсе спецыяльныя падраздзяленні пагранічных войскаў.
У час баявых дзеянняў у Афганістане загінула больш за 15 тысяч савецкіх грамадзян. Паранена, кантужана і траўміравана было больш за 53 тысячы чалавек. Страты ў тэхніцы, па афіцыйных даных, склалі 147 танкаў, 433 артсістэмы, 118 самалётаў і 333 верталёты.
На падтрымку кабульскага рэжыму з бюджэту СССР штогод расходавалася каля 800 мільёнаў долараў, на ўтрыманне 40-й арміі і вядзенне баявых дзеянняў – каля 3 мільярдаў долараў.
Па матэрыялах друку.
Кандагар, Кундуз, Файзабад, Парван, Кунар… Для большасці з нас гэта ўсяго толькі малавядомыя геагра-фічныя назвы правінцый далёкай ісламскай краіны Афганістан. Для воінаў-інтэрнацыяналістаў, удзельнікаў афганскай вайны, – горкая метка, цяжкі ўспамін. Але ці толькі ўспамін? Гэта сённяшнія іх балючыя, незагойныя раны: псіхічныя, фізічныя, душэўныя… Раны тых, хто мае адносіны да той трагічнай і гераічнай афганскай вайны, хто прайшоў яе дарогамі. Аб іх доўга маўчалі. Дазіравалі праўду аб героях і стратах. Скупіліся на ўзнагароды. Але «Афган» прарваўся вершамі, прозай, песнямі, успамінамі воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ім няма ў чым сябе папракнуць – свой доўг яны выканалі годна!
Кажуць, час лечыць. Але…
Вайна ад першай асобы
Уладзімір Сцяпанавіч Прымак, старшы сяржант (удзел у ваенных аперацыях – снежань 1979 – кастрычнік 1980 года):
– У 1978 годзе на тэрміновую службу ў армію ў адзін прызыў праз райваенкамат толькі з нашага Пярэкаля ішло 11 юнакоў. Я быў старэйшы за іх, мне прадастаўлялі адтэрміноўку, бо з’яўляўся кармільцам адзінокай маці. Службу праходзіў ва Украіне ў Прыкарпацкай ваеннай акрузе. Быў сувязістам, аператарам-наводчыкам баявой машыны пяхоты, тады яе камандзірам… Аднойчы ноччу нас паднялі па трывозе. Сказалі, што ляцім у горад Кушку, высадзіліся – аказваецца, Тэрмез – граніца з Афганістанам. Праз двое сутак па пантонах ужо перапраўляліся праз Амудар’ю ў складзе 40-й арміі. Гэта быў увод абмежаванага кантынгенту Савецкіх войскаў у Дэмакратычную Рэспубліку Афганістан.
Наш батальён дыслацыраваўся ў горадзе Кундузе. Як і раней, я служыў камандзірам БМП і адначасова яе аператарам-наводчыкам. Гэта тэхніка, у якую ўмяшчалася, акрамя экіпажа, 7 чалавек, як мага лепш па сваёй манеўранасці разам з БПМ і БМД, “шылкамі” – зенітнымі самаходнымі ўстаноўкамі, вёрталётамі падыходзіла для баявых дзеянняў у гарыстай мясцовасці. А на вайне як на вайне… Выручала славянскае братэрства, плячо ў плячо ваявалі там у большасці беларусы, украінцы, рускія. Мы выконвалі інтэрнацыянальны доўг, падтрымлівалі дэмакратычныя сілы ДРА, якая папрасіла пасля сваёй Красавіцкай рэвалюцыі ў магутнага СССР дапамогі. Было, што і міліцыя Афганістана ўдзельнічала з намі ў баявых аперацыях па ліквідацыі бандаў маджахедаў, якіх у большасці рыхтавалі ў школах наёмнікаў у Пакістане. Узбраенне, як кажуць, да зубоў, самае сучаснае, палявыя камандзіры – з вялікім вопытам вядзення вайны, у тым ліку і ў мясцовых умовах.
Як ставілася да нас афганскае насельніцтва? Гэта народ незвычайны. У кожнага селяніна побач з рыдлёўкай – карабін. У вочы – усміхаюцца, размаўляюць з табой на ломаным рускім, а адвернешся – выстраляць, бо ты ў першую чаргу – іншаверац, чужы на іх зямлі. А наша ж армія і прадуктамі іх забяспечвала, не толькі іх жыццё ратавала ад бандытаў…
А ў Беларусі цвілі сады…
Першае раненне Уладзімір Прымак атрымаў упачатку вясны 1980 года. У Саюз не адправілі, бо толькі цяжкапараненых вывозілі туды на самалётах. Месяц у медсанбаце, пякучы пакутлівы боль у назе і думкі, дум-кі, ад якіх няма паратунку. А дома маладога салдата чакалі маці Надзея Сцяпанаўна, любая жонка Таццяна і іх нованароджаная дачушка Наталля. Што ён на вайне, яны не ведалі. Аб гэтым пісаць салдатам тады не дазвалялася. Нават на ма-гілах загінуўшых не ўказвалася ніякіх звестак аб тым. Усё замоўчвалася. Інфармацыя стала адкрытай толькі праз колькі гадоў з пачатку той вайны. А тады для яго вялікім святам была кожная вестачка ад родных, размаўляў з імі ў думках, бачыў у снах. «Эх, хоць разок бы ўзяць малую на рукі, прытуліць…»
Узнагарода пасля ранення – водпуск на Радзіму! На цэлыя 45 сутак! Збыліся мары. І вось ён дома, у бацькоўскай хаце. Убіраюцца ў белы вэлюм квецені сады, уладарыць жыццё і цішыня! Незвычайная, без стрэлаў, бамбёжкі, залпаў гармат, страт сяброў, людской крыві і болю, снайпераў-душманаў…
Прайсці праз агонь і ваду…
Воінскі доўг і абавязак патрабаваў зноў прыбыць у Афганістан для праходжання далейшай службы…
Чэрвень, ліпень. Самыя спякотныя месяцы і ў Беларусі, а ў гэтай горнай краіне тэмпература часам даходзіць да 60 градусаў у цені, толькі з-за нізкай вільготнасці такое пекла і вытрымліваеш. Небяспека была паўсюдна і днём, і ноччу. Існаваў толькі загад камандзіра. Чалавек прывыкае да ўсяго, і жыццё наша, жыццё “шураві” (так называлі савецкіх салдат мясцовыя жыхары), таксама ішло сваім парадкам. Мы сябравалі, жартавалі, радаваліся, гаравалі, ненавідзелі…
За час ваенных аперацый добра вывучыў нямала правінцый Афганістана і сёння памятаю многія з іх, кожную па-свойму. Падрабязнасці тыя наўрад ці калі забудуцца. Ды і не только ў мяне… Незвычайныя ландшафты там: горы, цясніны, сопкі, раўніны, паўпустыні, бурлівыя рэкі, лясы (больш хвойныя) ды кустоўе густое (мы яго называлі “зялёнкай”). Чужая, непрыветлівая зямля…
20 чэрвеня 1980 года. Кундузская правінцыя. Нашы верталёты выявілі вялізную банду маджахедаў (у іх часам было па 300-600 добра падрыхтаваных байцоў), правялі яе абстрэл з паветра. Цяпер мы цэлыя суткі выбіваем яе з шахтаў у гарах, дзе некалі вялі распрацоўку выкапняў англічане. Гэта выдатнае ўкрыцце для праціўніка, значная перавага ў пазіцыі, тым больш што там сканцэнтраваны і запасы яго ўзбраення. Але мы яго “дасталі”. Загад камандавання выкананы. У гэтым баі я атрымаў раненне ў бядро, правы бок грудной клеткі, левае плячо, зачапіла і твар. Пасля былі некалькі месяцаў шпіталя…
Ордэн Чырвонай Зоркі… і сямёра ўнучак!
Высокая ўзнагарода Радзімы – ордэн Чырвонай Зоркі – знайшла Уладзіміра Сцяпанавіча Прымака толькі ў 1984 годзе. Ён сціпла расказвае:
– Вызвалі ў райваенкамат і ўручылі. Відаць, дзесьці ў архівах дакументы знайшліся. Мы ж ваявалі не за ўзнагароды, а выконвалі свой воінскі доўг там, куды паслала Радзіма… Нас, воінаў-афганцаў, толькі ў саўгасе “Дабраволец” было 11. Цяпер тут жывуць Уладзімір Клімавіч Палуйка, Яўген Аляксадравіч Міхнёнак, Васіль Васільевіч Дзмітрыюк, Віктар Фёдаравіч Чайка.
Нам пашчасціла – засталіся жыць. Балюча, што абарвалася тады жыццё многіх нашых таварышаў і сяброў. Памяць аб іх жыве ў нашых сэрцах, а значыць – яны жывыя!
Маруднай хадой прыбліжаецца восень жыцця. Які ўраджай збірае з яго нівы Уладзімір Сцяпанавіч Прымак? Важкі. За плячамі – 37 гадоў працы, большасць з іх – трактарыстам ва УКСП “Саўгас “Дабраволец”. Ёсць дом больш за сотню квадратаў, саўгасны, а прыбудову да яго напалову плошчы сам некалі паставіў. Навошта такі вя-лізны? Дык разам з жонкай Таццянай Віктараўнай яны нарадзілі і ўзгадавалі пяцёра дзяцей, усе ўжо дарослыя. Збяруцца цяпер разам са сваімі сем’ямі ў бацькоўскай хаце – усім месца хапае. Асаблівае багацце дзядулі Ула-дзіміра Сцяпанавіча – сямёра ўнучак! Вось такі кветнік міру і радасці!
Ніна Ізох.