Праз тысячагоддзі бібліятэкі з’яўляюцца скарбніцамі культурных каштоўнасцей, дзе кніга – крыніца духоўнасці, асветы, інфармацыі. Сучасныя бібліятэкі – цэнтры асве ты насельніцтва і чытачоў, а яшчэ месца культурнага ад пачынку людзей, арганізацыі іх вольнага часу.
2012 – Год кнігі і таму асаблівы для кожнай бібліятэкі нашай краіны. Супрацоўнікі Клічаўскай ЦБС робяць усё, каб ён запоўніўся чытачам змястоўнымі, яркімі мерапрыемствамі. Адно з іх – творчая сустрэча “У прыгожай клічаўскай зямлі натхненне чэрпаюць паэты”, якая адбылася ў раённай бібліятэцы ў рамках мультымедыйнай прэзентацыі, прысвечанай 420-годдзю Клічава. Перад аматарамі вобразнага паэтычнага слова выступілі паэты-землякі Валянціна Арцёмаўна Мацюшонак, Аляксандр Пятровіч Краўцоў, якія не раз на старонках раённай газеты радавалі чытачоў сваімі літаратурнымі і паэтычнымі творамі.
Сапраўдным адкрыццём стала творчасць маладой паэтэсы Марыны Анатольеўны Гушчы, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Клічаўскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.
Удзельнікаў сустрэчы яна пазнаёміла са зборнікам «Давайте говорить стихами. Поэзия любви” – кнігай з серыі “Литературная библиотечка газеты “Знамя юности” (2010 год), у якую ў ліку твораў іншых маладых паэтаў увайшлі і яе вершы. Аб чым яны? Тэматыка разнастайная, як само жыццё: чалавек і сучаснасць, чалавек і прырода, лірыка. Друкуецца аўтар на старонках розных перыядычных выданняў.
У мерапрыемстве ўдзельнічалі таксама клічаўлянка Валянціна Міхайлаўна Нікіціна, сёстры Зінаіда Іванаўна Гулева і Валянціна Іванаўна Паўлоўская, для якіх бібліятэка – справа ўсяго жыцця. Яны таксама пішуць вершы, прасякнутыя любоўю і павагай да роднага краю, да сваіх продкаў, сяброў і ўвогуле да ўсіх людзей. У бібліятэчнай зале гучала шмат вершаваных твораў у выкананні саміх аўтараў, яны расказвалі аб сабе і сваім захапленні паэзіяй, адказвалі на пытанні прысутных. Слухачы не хацелі разыходзіцца, і гэта было самай лепшай узнагародай для паэтаў.
Такія сустрэчы заўсёды дораць паэтычны настрой, сваёй узнёсласцю, эмацыянальнасцю пакідаюць добры след у душы. І сапраўды, не хлебам адзіным жывы чалавек…
Ларыса АНДРЫЕЎСКАЯ,
загадчыцца аддзела
абслугоўвання ЦБ.