Спецыяльнасть тэхнік-механік з 1 верасня можна атрымаць у Клічаўскім каледжы

Як паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марына Анатольеўна Гушча, на гэта ўжо
атрыманы дазвол Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Мінсельгасхарчу. Новая спецыяльнасць – роднасная наяўнай спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”, таму ёсць і кадры выкладчыкаў, і вучэбная база. А адкрываецца яна па прапанове Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, бо гаспадаркі ўсіх рэгіёнаў Магілёўшчыны маюць патрэбу ў такіх спецыялістах.

На новую спецыяльнасць прымаюцца абітурыенты з базавай адукацыяй (9 класаў). Яны будуць здаваць адпаведныя ўступныя экзамены. Пасля заканчэння навучання прысвойваецца кваліфікацыя “Тэхнік-механік”.
Сёлета на гэту спецыяльнасць набіраецца 25 чалавек – адна вучэбная група (бюджэтная форма навучання).
У гэтым годзе каледж дае сваім абітурыентам новыя магчымасці, каб патрапіць у лік студэнтаў. У прыватнасці, на спецыяльнасці “Энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці” і “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” набор будзе праводзіцца па сярэднім бале атэстата.

Ніна ІЗОХ.

Добавить комментарий