Славы гэтыя працавітыя людзі не шукалі, яна іх знаходзіла сама
Сонца, падобнае на вялізны пунсовы паветраны шар, павольна кацілася па небе. Нібы пасыпанае брыльянтавым пылам, зіхацела, пералівалася, аж рэзала вочы, заснежанае наваколле. Мароз трашчаў, забіраўся за каўнер, шчыпаў за шчокі, халадзіў вусны, а ім было весела, душа спявала.
Такім запомніўся Галіне Іванаўне і Уладзіміру Фёдаравічу Новікам той лютаўскі дзень 1962 года, калі ў Ганчанскім сельскім Савеце зарэгістравалі іх шлюб і ўпершыню назвалі мужам і жонкай. Нявесце было 20, жаніху – 22 гады. Праляцеў, прамільгнуў незаўважна час. Люты зноў выдаўся такі ж снежны і марозны.
У светлай і прасторнай хаце Новікаў цёпла і ўтульна. Мы сядзім на канапе, разглядаем сямейны альбом, узнагароды і сямейныя рэліквіі.
– Дзе і як вы пазнаёміліся? – цікаўлюся ў гаспадара.
– Я родам з Тачышча, а яна – з Бабруйскага раёна. Пасля службы ў арміі вярнуўся да бацькоў. Працаваў трактарыстам. Аднойчы на танцах у клубе запрыкмеціў прыгожую дзяўчыну, запрасіў на вальс, які так закружыў галаву, што не адпускае і па сёння, –прызнаецца сціплы і стрыманы Уладзімір Фёдаравіч, пяшчотна паглядаючы на жонку.
– Па праўдзе сказаць, я не збіралася за Валодзю замуж. Мела намер паехаць у Мінск на працу, ужо і выклік атрымала. Але ён так настойліва прапаноўваў руку і сэрца, што вымушана была скарыцца і даць згоду. Потым ніколькі не шкадавала, – дзеліцца Галіна Іванаўна. – Жылі мы заўсёды дружна, не сварыліся, гады не лічылі, таму і не прыкмецілі, як праляцелі яны.
За такі доўгі час Галіна Іванаўна і Уладзімір Фёдаравіч настолькі зблізіліся, што не ўяўляюць сябе паасобку. Канечне, як і ў любой сям’і, здараліся спрэчкі, непаразуменні, але вырашалі іх спакойна, без ляманту. Гаспадарлівыя, працавітыя Новікі да ўсяго ставяцца памяркоўна, па-сялянску мудра. Стараюцца, каб у хаце быў дастатак, апрацоўваюць кавалак зямлі, шануюць свой род і радуюцца яго прадаўжэнню.
Дочкі Наталля, Алена і Людміла маюць свае сем’і. Пяцёра ўнукаў і праўнук – асаблівая радасць дзядулі і бабулі . Так што знамянальную ў жыцці падзею ёсць з кім адзначыць. Залатым ланцужком любові, цяпла і даверу звязаны бацькі і дзеці.
Падзяліліся «залатыя» юбіляры сакрэтам доўгага і шчаслівага жыцця: галоўнае – быць цярплівымі, саступаць адно аднаму, згладжваць вострыя вуглы, а праблемы вырашаць сумесна, падтрымліваць адзін аднаго, давяраць і, канечне, кахаць усім сэрцам і душой, заўсёды быць разам.
Юбіляры перакананыя ў тым, што каханне праз гады не старэе, а толькі мацуецца, становіцца сапраўднай каштоўнасцю, як сталі залатым скарбам 50 гадоў, якія яны душа ў душу пражылі разам. Іх сямейная ідылія – лепшы доказ таго, што сям’я, дзеці і родныя людзі – сапраўднае шчасце, на якім грунтуецца і з чаго складаецца жыццё.
Расказ пра гэтых цудоўных людзей будзе няпоўным, калі не ўзгадаць іх працоўныя здабыткі.
Новікі жыццё пражылі не дарэмна. Шчырай працай заслужылі павагу і аўтарытэт у калектывах, дзе давялося працаваць, сярод суседзяў, знаёмых.
Славы гэтыя працавітыя людзі не шукалі, яна іх знаходзіла сама.
Заўважу: каб уважліва разгледзець і перачытаць усе граматы, падзякі, лісты, якія дастала гаспадыня з куфэрка, спатрэбіцца не адна гадзіна. Беражліва захоўваюць значкі, медалі, нагрудныя знакі. Самыя каштоўныя з узнагарод – ордэн “ Знак пашаны” і Грамата Вярхоўнага Савета БССР, якімі ў свой час была адзначана праца Уладзіміра Фёдаравіча.
Не адставала ад мужа і Галіна Іванаўна. Мела рэдкую для жанчыны прафесію механізатара.
Увесь час была ў самай гушчы падзей, спраў, мерапрыемстваў.
Актыўная жыццёвая пазіцыя не дазваляе ёй і цяпер сядзець без справы. Галіна Іванаўна – сястра міласэрнасці пры мясцовым храме.
Добразычлівыя і хлебасольныя гаспадары былі рады няпрошанай госці. Напаілі чаем, падзяліліся сваімі разважаннямі, прыадчынілі скарбонку жыццёвай мудрасці, дазволілі пераканацца ў тым, што сакрэт дружнай сям’і, дзе пануе мір і згода, не ў тым, каб не сварыцца, а ў тым, каб не крыўдзіць любімага чалавека. За гэта вам, шаноўныя юбіляры, вялікі дзякуй. З залатым вяселлем вас!
Аліна СУДНІК.