На сцягсаветаўскіх старонках

Гісторыя перыядычнага друку ў Клічаўскім раёне пачалася ў першыя гады савецкай улады. Пры даследаванні дакументаў удалося высветліць, што першыя малатыражныя газеты з’явіліся ў перыяд арганізацыі калгасаў, саўгасаў, прадпрыемстваў і арганізацый. Працавалі селькоры і карэспандэнцкія гурткі. Газеты выдаваліся ў ручным варыянце па некалькі экземпляраў і мелі форму лістовак, інфармацыйных бюлетэняў або насценных газет. Выходзілі яны не рэгулярна, таму лічыць іх правобразам шматтыражнай раённай газеты было б няправільна, але асноўную інфармацыйна-прапагандысцкую накіраванасць яны выконвалі.
2 красавіка 1931 года Сакратарыят ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне аб стварэнні раённых газет. На падставе гэтага дакумента 11 красавіка 1931 года на пасяджэнні бюро Клічаўскага райкама КПБ(б)Б было разгледжана пытанне аб выданні раённай газеты. Рэдактарам быў назначаны 30-гадовы Маісей Абрамавіч Бірг. Ён меў пачатковую адукацыю і раней працаваў старшынёй райкалгаса. Рэдактару даручылі забяспечыць выпуск першага нумара ў тэрмін да 1 мая 1931 года, але працы па арганізацыі газеты было шмат і першы нумар выйшаў толькі 28 лістапада 1931 г. Газета тады мела назву “Сталінскі шлях”. Фінансаванне шматтыражкі здзяйсняў раённы выканаўчы камітэт.
Якой яна была, клічаўская раённая газета, на першым этапе свайго існавання? З абсталявання была друкарская машына “Бастонка”. Наборы тэкстаў праводзіліся ўручную, пры святле газавай лямпы. Сялянства ў гэты перыяд станавілася на ленінскі шлях сацыялістычнага пераўтварэння вёскі. Газета вяла актыўную агітацыю сярод сялян за ўступленне ў калгасы, расказвала аб перавагах калектыўнай гаспадаркі перад аднаасобнымі, паведамляла аб першых поспехах сельгасарцелей. Пісала газета і пра ворагаў народа, да якіх, як зараз стала вядома, адносілі і значную частку добрасумленных людзей.
У 1939 годзе газету рэдагуе А.А. Юшкевіч, а перад самым пачаткам Вялікай Айчыннай вайны рэдактарам стаў Іван Паўлавіч Крыскавец. Вядома, што апошні нумар “Сталінскага шляху” выйшаў 3 ліпеня 1941 года. У гэты ж дзень супрацоўнікі газеты пакінулі рэдакцыю. І надоўга. Калі ў клічаўскіх лясах разгарнулася падпольная дзейнасць, Крыскавец зразумеў, што дапусціў памылку, калі ў спешцы не вывез друкарскія шрыфты і параўнаўча лёгкую друкарскую машыну. Таму паліграфічную базу стваралі ўжо ва ўмовах панавання фашысцкага рэжыму.
Але як бы цяжка ні было, 27 верасня 1942 г. рашэннем Клічаўскага падпольнага райкама партыі выданне раённай газеты было адноўлена і менавіта ў гэты дзень выйшаў чарговы нумар. Назву змянілі на “Голас партызана”, а рэдактарам застаўся І.П. Крыскавец. Супрацоўнікамі партызанскай газеты сталі Мікалай Сідаровіч, Алаіз Тарнецкі, Міхаіл Мацюшонак, Міхаіл Белабароды і інш. Паліграфістамі працавалі Панкрат Зайцаў, Савелій Вяршук, Аркадзь Манькоў і Хайм Эпштэйн. Панкрат Зайцаў яшчэ да вайны працаваў загадчыкам раённай друкарні. За перыяд з 27 верасня 1942 г. па 24 чэрвеня 1944 г. выйшла 24 нумары газеты.
Адгрымелі залпы над Клічавам. Працоўныя прыступілі да аднаўлення народнай гаспадаркі. Назва газеты “Голас партызана” ужо не адпавядала духу часу, і раённая газета стала называцца “Сталінская праўда”. Першы пасляваенны нумар выйшаў 15 ліпеня 1944 года. Адказным рэдактарам стаў Алаіз Францавіч Тарнецкі. Газета выходзіла невялікім тыражом у фармаце А4. Хоць назва крыху і адрознівалася ад даваеннай, але таксама ў немалой ступені спрыяла ўмацаванню аўтарытэта кіраўніка вялікай дзяржавы, асабліва яго поспехаў у вайне супраць фашызму. Фотаапарата ў рэдакцыі не было, таму газета змяшчала малюнкі партызанскага мастака З. Шкляра, які пасля стаў знакамітым мастаком Беларусі. З 1945 года адказным рэдактарам раённай газеты прызначылі Міхаіла Паўлавіча Мацюшонка. Да канца вайны заставаўся яшчэ амаль год, таму змест газеты абумоўліваўся ваенным часам і ў ёй друкаваліся зводкі Саўінфармбюро, загады Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Іосіфа Сталіна, іншыя афіцыйныя матэрыялы. Мясцовая інфармацыя была невялікай па аб’ёме. Заметкі ў асноўным расказвалі аб аднаўленчых работах, паведамлялі аб партыйных мерапрыемствах. Рэдакцыя ў той час размяшчалася ў в. Стаялава ў непрыстасаваным памяшканні. Умовы пра-цы былі цяжкія. Шрыфтоў не хапала.
Адну паласу набіралі і друкавалі на друкарскай машыне, а затым разбіралі шрыфт і набіралі другую паласу. “Партызанку” прыводзілі ў рух уручную. Аўтамабіля ў рэдакцыі не было, і за матэрыяламі для газеты хадзілі пехатою. Шанцавала, калі падвозілі на спадарожным гужавым транспарце. Тэлефон таксама адсутнічаў, пішучая машынка з’явілася значна пазней. Але, як бы там ні было, газета выконвала сваю задачу і яе з нецярпеннем чакалі людзі, бо не было ў той час большай пашаны за цяжкую пасляваенную працу, як добрае слова раённага журналіста. Гэта не толькі ўзнімала настрой, але і прыдавала сілы. На руінах і папялішчах хутка аднаўлялася новае жыццё. Вясной 1945 года «раёнка» шмат пісала аб падрыхтоўцы да сяўбы. Зразумела, тэхнікі не было, і таму шмат увагі ўдзялялася зберажэнню коней як галоўнай цяглавай сілы. У 1946 годзе адбыліся першыя пасляваенныя выбары ў Вярхоўны Савет СССР. У лютым гэтага года раённая газета поўнасцю надрукавала прамову Сталіна на перадвыбарчым сходзе ў Маскве. У 1947 годзе газета працягвае выходзіць на дзвюх старонках у фармаце А4. Тыраж – 1000 экз.
У 1950 годзе галоўным рэдактарам газеты быў прызначаны Хатчык Шлёмавіч Ліўшыц, які да гэтага працаваў у райкаме партыі. У лютым 1956 года адбыўся гістарычны ХХ з’езд КПСС, на якім выкрылі культ асобы Сталіна, і з 1957 года раённая газета змяніла назву. Яна стала называцца “Зара”. Рэдакцыя і тыпаграфія пераехалі ў Клічаў. У гэтыя гады ў Беларусі пачалося адраджэнне нацыянальнай навукі і культуры. На газетных старонках змяшчаецца шмат матэрыялаў аб будаўніцтве школ, клубаў, бібліятэк, асвятляецца развіццё мастацкай самадзейнасці раёна. У 1959 годзе на старонцы газеты змясцілі матэрыял аб сустрэчы жыхароў райцэнтра з дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР пісьменнікам Кандратам Кандратавічам Крапівой. Жыхары далі наказ дэпутату аб уключэнні ў планавае заданне будаўніцтва раённага Дома культуры і папрасілі яго паспрыяць гэтаму. З газеты стала вядома, што Дом культуры быў пабудаваны ў жніўні 1961 года. Пад кіраўніцтвам вопытнага і адукаванага рэдактара Х. Ш. Ліўшыца ў газеце працуюць літаратурныя супрацоўнікі Міхаіл Счыслёнак, Анатоль Манькоў, Аляксандр Ачыновіч, Эдуард Юркавец, Уладзімір Назараў, Міхаіл Галагуцкі, Ніна Кляўко. Тыраж газеты ўзрос да 2500 тысяч. Напрыканцы 50-х гадоў рэдакцыя размясцілася на першым паверсе будынка райкама партыі.
У снежні 1962 года адбылося тэрытарыяльнае аб’яднанне Клічаўскага і Кіраўскага раёнаў. Рэарганізацыю церпяць і раённыя газеты. Нялёгка прыйшлося і новаму рэдактару аб’яднанай газеты “Зара” Зінаідзе Мікалаеўне Грыбко. Шматтыражка стала органам Магілёўскага абкама партыі і выканкама абласнога Савета дэпутатаў працоўных пры Клічаўскім тэрытарыяльным вытворчым калгасна-саўгасным упраўленні. На старонках газеты, аб’ём якой не павялічыўся, значна скарацілася колькасць інфармацыі аб раёне. Між тым яе тыраж дасягнуў 7100 экз.
З 1965 года Клічаўскі раён устаноўлены ў былых межах, і газета зноў пачала выходзіць на тэрыторыі Клічаўскага раёна, але ўжо пад назвай “Сцяг Саветаў”. Галоўным рэдактарам працуе Віктар Нікіфаравіч Іваноў. Праз год яго змяняе Віктар Аўрамавіч Кавалёў. Па святах газета пачала выходзіць у каляровай выяве. У газеце працуе творчы і таленавіты калектыў: Валянціна Мацюшонак, Леанід Пэтэрсон, Яўген Лявінскі, Анатоль Сяргейчык, Мікола Языкоў. Крыху пазней у рэдакцыю прыйшлі Эдуард Савіцкі, Іван Балтушка, Іван Сцяпура, Галіна Ісакава.
З 1971 года рэдактарам газеты працуе Віктар Ціханавіч Лепікаў, а з 1986 года – Святлана Васільеўна Мароз. З 1989 года рэдакцыя займела ўласны будынак, які і сёння размяшчаецца па завулку Пугачова, 5. З 2009 года калектыў рэдакцыі ўзначальвае Людміла Васільеўна Пракаповіч.
Час уносіць свае карэктывы. Змяніўся калектыў супрацоўнікаў, мяняюцца тэхнічныя магчымасці, але нязменным застаецца адно – «раёнка» была, ёсць і будзе носьбітам культуры, духоўнасці, верным сябрам і дарадчыкам для сваіх чытачоў.

Людміла МАРЧАНКА.

Добавить комментарий