Давайце часцей размаўляць на родный мове

Навучыць дзяцей любіць Радзіму, прывіць ім пачуццё павагі і пашаны да роднай мовы, спадчыны, гісторыі, культуры, паспрыяць, каб дзеці нашы ўмелі шанаваць людзей, якія цярпліва выводзяць іх на жыццёвыя пуцявіны, — усё гэта і ёсць тая нацыянальная ідэя, увасабленне якой робіць дзяцей сапраўднымі патрыётамі.
А каб хутчэй дасягнуць мэты, пачынаць трэба з самага ранняга ўзросту, як робяць гэта ў сярэдняй школе № 2 г. Клічава. З новага навучальнага года тут пачаў працаваць факультатыў “Спадчына”. За короткі час кіраўнік Вера Аляксандраўна Кушнер змагла аб’яднаць другакласнікаў і зацікавіць іх беларускімі традыцыямі. І вось нядаўна адбылося першае выступленне дзіцячага гуртка. Асаблівы каларыт святу прыдавалі беларускія касцюмы, якія Вера Аляксандраўна старанна падабрала для кожнага юнага артыста ў цэнтры пазашкольнай работы.
… У фае школы сабраліся дзеці, настаўнікі і бацькі. Для ўсіх гэта маленькае свята нагадала сапраўдную беларускую старонку, у якую, на жаль, мы не часта наведваемся.
Вершы, загадкі, песні гучалі на мілагучнай роднай мове. У дзяцей ад задавальнення іскрыліся вочкі, высока цягнуліся ручкі, каб першым адгадаць загадку. І ў гэтыя хвіліны кожны з іх адчуваў вялікі гонар за сваю мову, культуру і Радзіму. І няпраўда, што мы забываем беларускую мову, не ведаем яе і саромеемся. Трэба проста часцей на ёй размаўляць. І не толькі на факультатыве.

Людміла МАРЧАНКА.

 

Добавить комментарий