Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа – адна з самых шматлікіх добраахвотных арганізацый у рэспубліцы. Амаль 80% з ліку працуючых у нашым раёне з’яўляюцца яе членамі. Больш за 40 пярвічных арганізацый і валанцёры дапамагаюць у рабоце з насельніцтвам. Сродкі, сабраныя членамі «пярвічак» Таварыства Чырвонага Крыжа, ідуць на фінансаванне розных праграм і праектаў, для дапамогі людзям, якім гэта вельмі неабходна (хворым на СНІД, пацярпелым ад аварый і катасроф, маламаёмным і шматдзетным сем’ям, адзінокім састарэлым, сіротам і інш.).
Актыўныя ўдзельнікі ўсіх праграм і накірункаў дзейнасці Чырвонага Крыжа – райкам ГА БРСМ, раённая ветэранская арганізацыя. Амаль усе яны – валанцёры Чырвонага Крыжа.
Адна з найбольш вядомых праграм – «Чарнобыльская праграма гуманітарнай дапамогі і падтрымкі насельніцтву, якое пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС». У яе рамках праводзіцца медыцынскае абследаванне. У красавіку ў раёне працавала брыгада медыкаў перасовачнай дыягнастычнай лабараторыі абласнога Таварыства Чырвонага Крыжа. Урачы абследавалі 1839 жыхароў горада і вёсак. У некаторых людзей выяўлена тая або іншая паталогія, і яны накіраваны на далейшае абследаванне ў медустановы вобласці.
Дарэчы, амаль 5 мільёнаў рублёў ахвяравалі клічаўляне, якія прайшлі абследаванне за час работы лабараторыі ў нашым раёне. Усе гэтыя грошы пералічаны ў фонд праграмы «Дзеці, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС». Хачу падзякаваць усім, хто своечасова здае членскія ўзносы. Тым самым вы падтрымліваеце наш рух. Па добрай традыцыі з 8 мая па 1 чэрвеня ў раёне праходзіць месячнік БТЧК пад дэвізам «Міласэрнасць без межаў». Запланаваныя намі дабрачынныя акцыі і мерапрыемствы накіраваны на падтрымку адзінокіх і адзінокапражываючых, інвалідаў, тых, хто дажывае свой век у казённых установах.
Ганна ГАЛАГУЦКАЯ,
старшыня раённага Таварыства
Чырвонага Крыжа.