Каля 90% усіх стыхійных бедстваў на Зямлі звязаны з надвор’ем, кліматам і вадой
Кожны год 23 сакавіка Сусветная Метэаралагічная Арганізацыя, яе 189 краін-членаў і сусветнае метэаралагічнае згуртаванне святкуюць Сусветны метэаралагічны дзень, прысвечаны абранай тэме. У гэты дзень адзначаецца ўступленне ў сілу ў 1950 годзе Канвенцыі СМА, у адпаведнасці з якой і створана гэта арганізацыя. Пасля, а менавіта ў 1951 годзе, СМА атрымала статус спецыялізаванай установы ААН.
Каля 90% усіх стыхійных бедстваў на Зямлі звязаны з надвор’ем, кліматам і вадой. Інфармацыя Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі ўключае зробленыя загадзя папярэджванні, прызначаныя ў роўнай ступені для ўсіх дзяржаў, эканамічных структур і асобных людзей, з мэтай папярэджвання стыхійных бедстваў, захавання
жыцця людзей і скарачэння маштабаў урону маёмасці і навакольнаму асяроддзю.
ПА ГРЫНВІЧУ І ФАРЭНГЕЙТУ
У любы час сутак яны ведаюць аб надвор’і на ўсім зямным шары ўсё: тэмпературу паверхні глебы, напрамак ветру, яго сярэднюю хуткасць, парывы, усе параметры паветра: вільготнасць, тэмпературу і г. д. Гэта метэаролагі, у руках якіх ключы ад эфектыўнасці гаспадарання, бяспекі людзей, будучага Зямлі.
А атрымліваюць яны даныя больш як з 15 спадарожнікаў, 100 заякараных буёў і 600 дрэйфуючых буёў, 3 000 самалётаў, 7 300 суднаў і амаль 10 000 наземных станцый з усяго свету.
Да інфармацыі асаблівыя патрабаванні: адзінства, своечасовасць, сістэмнасць, бесперапыннасць, комплекснасць, супастаўнасць вымярэнняў.
Толькі ўявіце: у любой кропцы Зямлі, хоць на Паўночным полюсе, у Афрыцы альбо Беларусі, на той жа метэастанцыі Клічаў, літаральна ў адзін і той жа час (па Грынвічу) кожныя тры гадзіны робяцца аднолькавыя метэаназіранні. Напрыклад, дакладна ў 14 гадзін 46 хвілін вызначаецца метэаралагічная дальнасць бачнасці, у 14.48 – тэмпература і вільготнасць паветра і г. д. На працягу 5 хвілін (!) гэтыя даныя апрацоўваюцца, зашыфроўваюцца (код метэаралагічны літарна!лічбавы) і перадаюцца па электроннай пошце ў рэгіянальныя, сусветныя глабальныя цэнтры. Не паспеў перадаць – надзвычайнае здарэнне, бо даныя не ўвайшлі ў сусветную зводку . Адказнасць работнікаў не толькі адміністрацыйная, нават крымінальная. Вось дзе патрэбна аператыўнасць мыслення, уменне хутка прыняць правільнае рашэнне, скрупулёзнасць і адказнасць.
У такім рэжыме дзейнічаюць і 7 метэастанцый Магілёўшчыны, у тым ліку адна з іх у нас, у Клічаве. Усе яны падраздзяленні Дэпартамента па гідраметэаралогіі Мінпрыроды. А дзяржаўная метэаралагічная служба нашай краіны ўваходзіць у сусветную метэаралагічную службу.
Клічаўскія метэаролагі вядуць прыземныя метэаралагічныя і аграметэаралагічныя назіранні, маніторынг радыяцыйнага фону, бо дзейнічае тут і дазіметрычны пост. На Клічаўшчыне функцыяніруюць і 2 гідралагічныя пасты «Красный Берег» і «Суша», дзе гідролагі!назіральнікі Андрэй Кунцэвіч і Аляксандр Кудзін. Ужо каля сямі гадоў калектыў метэастанцыі ўзначальвае Дзяніс Уладзіслававіч Бондараў. Няпростую і надзвычай адказную службу нясуць тут у кругласутачным рэжыме тэхнікі-метэаролагі Галіна Пятроўна Коўрык, настаўнік калег з 37-гадовым вопытам работы, Раіса Аляксандраўна Шалай, Надзея Аляксандраўна Міхалап, Ала Пятроўна Міхнёнак. Асаблівыя задачы дзейнасці ў аграметэаролага Міхаіла Міхайлавіча Міхалапа, які назірае за аграметэастанам сельгаскультур ў перыяд спакою і вегетацыйны перыяд аж да жніва.
Калектыў невялічкі, але надзвычай зладжаны і згуртаваны, са спрыяльным псіхалагічным мікракліматам, што і дазваляе вырашаць пастаўленыя задачы.
Даволі часта даныя мясцовых метэаролагаў вырашаюць многія праблемы жыцця не толькі насельніцтва раёна, але і «замацаванай» за метэастанцыяй Асіпоўшчыны.
Якім чынам? Тут можна атрымаць даведку аб тым, ці была навальніца, маланка, якая спаліла вашы бытавыя электрапрыборы. Або якой сілы бушаваў вецер, які пазрываў шыфер з дахаў. Прадаставіце іх у адпаведныя інстанцыі – атрымаеце грашовую кампенсацыю.
Даведкі метэаролагаў часам уплываюць на лёс людзей, тых жа ўдзельнікаў дарожна-транспартнага здарэння. Такая акалічнасць, як, напрыклад, моцны туман або галалёд у той мясцовасці, мяняюць нярэдка справу.
Звяртаюцца ў метэастанцыю людзі штодня, у кожнага свае планы: адны збіраюцца дах у хаце перакрыць, другія адпраўляюцца ў турпаход і г. д, таму кожнаму важна ведаць аб надвор’і.
Але ж галоўнае ў дзейнасці метэаролагаў – забеспячэнне органаў дзяржаўнага ўпраўлення, розных галін эканомікі і насельніцтва рознымі відамі фактычнай і прагнознай інфармацыі аб стане навакольнага асяроддзя і яго забруджанасці. І з гэтым яны спраўляюцца годна.
Ніна ІЗОХ.