Каб трава – у пояс, і збажына – залатая!
Яшчэ крыху – і вясна поўнаўладна ўступіць у свае правы. І зноў зямля запатрабуе клапатлівых рук. Выведуць на палі сваю тэхніку і меліяратары, каб даць другое жыццё адваяваным у балот тарфянікам.
Усю зіму ў майстэрнях ААТ «ПМК-89 «Водбуд», як і ва ўсіх сельгасарганізацыях раёна, кіпелі рамонтныя работы – тэхніку рыхтавалі да новага сезона. Цяпер этап завяршальны. А даводзілі тут да ладу некаторыя бульдозеры на балотным ходзе, экскаватары, трактары і тэхніку, якая патрабуе планавага тэхабслугоўвання.
На магутным энерганасычаным трактары К-701 працуе Мікалай Фёдаравіч Маркаў. За плячамі ў яго ўжо 38 гадоў працы на прадпрыемстве, таму іх лёсы цесна пераплецены.
Прыродная гаспадарлівасць і надзвычайная адказнасць у спалучэнні з багатым вопытам даюць свой плён.
Штогод на працягу сезона Мікалай Фёдаравіч на ўзорванні, дыскаванні глебы на тых участках, дзе вядзецца рэканструкцыя раней асушаных зямель. Шчыруе ад усходу да змяркання. Часам супыніцца, паглядзіць з вышыні свайго магутнага трактара ў далеч на чорную рыхлую зямлю, што млее пад гарачым сонцам, і сэрца замрэ. Тут бушаваць сеяным травам, радзіць хлебу. Важкая ўзнагарода за нястомную працу.
Ніна ІЗОХ.