Услаўляю цябе, край родны, любімы!

Гімнам працоўнай доблесці тым, кім па праву ганарыцца Клічаўшчына, чые «залатыя» рукі ўпэўнена будуюць дабрабыт нашай краіны, стаў раённы сход перадавікоў народнай гаспадаркі, які адбыўся ў мінулую суботу ў актавай зале гарадской СШ № 1.
У рабоце сходу прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Г. Ф. Шпакоўскі, дэлегацыі Бабруйскага, Быхаўскага, Кіраўскага , Асіповіцкага раёнаў, а таксама госці з Расійскай Федэрацыі – дэлегацыя аддзела па культуры і спорту адміністрацыі муніцыпальнай адукацыі Шумячскага раёна Смаленскай вобласці.
Урачыстасці адкрывае народны аркестр народных інструментаў Клічаўскай ДШМ. Дзяўчаты ў беларускіх нацыянальных строях выносяць на сцэну каравай, а «хлеб – людское багацце, дар зямлі і прыроды, у бацькоўскай у хаце ён жаданы заўсёды». Каравай зямлі клічаўскай уручаецца старшыні раённага выканаўчага камітэта Ф. В. Вашчылу.
У сваім выступленні ён адзначыў станоўчую дынаміку развіцця ўсіх галін народнай гаспадаркі раёна і выказаў падзяку ўсім, хто робіць высокім наш дабрабыт, а жыццё больш якасным.
У цэлым праграма развіцця раёна за 2006-2010 выканана. Вядучае месца належыць аграрнаму сектару. І сёння па праву ўшаноўваюцца флагманы вытворчасці.
За лепшыя вынікі ў вытворча-фінансавай дзейнасці пераможцам спаборніцтваў сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна прызнаны працоўны калектыў УКСП “Саўгас “Дабраволец”. Яму ўручаны Ганаровы пераходны сцяг райвыканкама, калектыў занесены на раённую Дошку гонару, узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама і грашовай прэміяй.
Новыя працоўныя рубяжы з поспехам узяў летась працоўны калектыў КСВК “Калгас “Радзіма”. Ён лідыруе па надоях малака ад фуражнай каровы, трэцяе месца займае па вытворчасці мяса і стаў пераможцам у спаборніцтве на лепшую пастаноўку работы па ўзнаўленні статка і племянной рабоце. Калектыву гэтага сельгаскааператыву ўручаецца Ганаровы пераходны сцяг райвыканкама, ён заносіцца на раённую Дошку гонару, узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама і грашовымі прэміямі за кожную намінацыю.
Сярод правафланговых сельгасвытворцаў па выніках дзейнасці за мінулы год таксама калектывы КСВК “Калгас імя Леніна”, СВУ “Зарэчны” ДЛГУ “Клічаўскі лясгас”, КСВК “Калгас імя Тэльмана” (па вытворчасці малака); УКСП “Саўгас “Вольса” (па вытворчасці мяса); УКСП “Саўгас “Дабраволец” (па вытворчасці мяса ялавічыны на жывёлагадоўчых фермах), а таксама МТФ “Малая Вольса” СВК “Калгас імя Будзёнага”.
Мінулы год з поспехам завяршылі многія прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Ёсць сярод іх і тыя, хто заняў І месца ў вобласці: інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах РБ па Клічаўскаму раёну заняла І месца сярод інспекцый 2-й групы з уручэннем пераходнага вымпела ІМНС па Магілёўскай вобласці; калектыў раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы па выніках удзелуў конкурсе “Край мой Магілёўшчына” узнагароджаны дыпломам Гран-пры ўпраўлення культуры аблвыканкама; за развіццё фізічнай культуры, спорту і турызму сярод раёнаў Магілёўскай вобласці з насельніцтвам менш 25 тысяч чалавек Клічаўскі раён адзначаны дыпломам І ступені Магілёўскага аблвыканкама.
З працоўнымі здабыткамі лепшых з лепшых прадстаўнікоў народнагаспадарчага комплексу раёна віншуе Г. Ф. Шпакоўскі. Ён уручае Ганаровыя граматы абкама прафсаюза работнікаў АПК Я. А. Дзямчуку, начальніку ААТ «ПМК_89 «Водбуд» і М. В. Падрабінкіну, начальніку ДУК ДБП «ПМК-258»; Дыплом – брыгадзіру А. П. Лук’янаву і яго комплекснай будаўнічай брыгадзе з «ПМК-258», падзяку – А. Р. Шылу, галоўнаму бухгалтару УКСП «Саўгас «Дабраволец». Як мера матэрыяльнага стымулявання за поспех у працы прызначаюцца ім і грашовыя прэміі.
Шчырыя віншаванні, кветкі і падарункі раённаму выканаўчаму камітэту, удзельнікам сходу адрасуюць госці – кіраўнікі дэлегацый.
Слова прадастаўляецца С. П. Грашылаву, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК. Ён абвяшчае рашэнне раённага выканаўчага камітэта «Аб выніках раённага спаборніцтва за 2010 год». Узнагароды іх пераможцам сярод калектываў, Ганаровыя граматы, прэміі райвыканкама лепшым работнікам раёна, у тым ліку і тым, хто будзе занесены на раённую Дошку гонару, уручае Ф. В. Вашчыла.
Яшчэ адзін хвалюючы прыемны момант. Зала стоячы вітае новую змену – пад гукі марша на сцэну падымаюцца піянеры. У вершаванай форме, узнёсла і ўрачыста яны вітаюць удзельнікаў сходу.
Уручэнне ўзнагарод пераможцам раённага спаборніцтва, грашовых прэмій работнікам сельскай гаспадаркі, прамысловасці, будаўніцтва, гандлю, адукацыі, культуры, медыцыны і іншых галін народнай гаспадаркі працягваюць намеснік старшыні райвыканкама У. Д. Шыбека і старшыня раённага Савета дэпутатаў М. М. Гарбуненка.
Яркі, відовішчны заключны аккорд свята – выступленне народнага ансамбля народнай песні «Бяседа» Шумячскага раённага Дома культуры Смаленскай вобласці і заслужанага аматарскага калектыву РБ, народнага ансамбля народнай песні і музыкі «Жытніца» Арэхаўскага СДК. Іх сумеснае выкананне песні «Пад небам агульным» стала яскравым сімвалам славянскага братэрства.

Ніна ІЗОХ.

One Reply to “Услаўляю цябе, край родны, любімы!”

  1. Так, ода ўсхвалення самага адстаючага раёна вобласці. Дзіву даешся і толькі.А дзе ж вашы прадпрымальнікі? Паважаная Ніна Ізох, мне здаецца вы крочыце не ў нагу з часам. Такія оды пісалі у часы Сталіна.

Добавить комментарий