Рубцы на сэрцы
І
Ах, вайна… Што нарабіла ты, праклятая?! Пкалечыла лёсы, зруйнавала вёскі і гарады, цэлыя дзяржавы. І сёння на шматпакутнай зямлі Беларусі, у душах людзей некалькіх пакаленняў незагойныя раны, рубцы на сэрцы…
Шумяць дубы-волаты над вуліцай Асінавай у Бацэвічах, цяперашнім аграгарадку, паселішчы з 500-гадовай гісторыяй. Дрэвы тыя яшчэ з парка маёнтка мясцовага памешчыка. Велічна раскінулі яны свае магутныя кроны і, здаецца, непадуладны ніякім бурам-вятрам і часу. Так і людзі з незгібаемай воляй, загартаваныя выпрабаваннямі, моцныя сваёй еднасцю з роднай зямлёй і сваім народам.
ІІ
Пяцісценка Міхаіла Мікітавіча і Ніны Маркаўны Варонічаў ад суседскіх нічым не адрозніваецца. Хіба што пабудова старая, а дах яе на сонцы здалёк блішчыць новай белай жэсцю.
— Відаць, дзеці даглядаюць бацькоў? – цікаўлюся ў адной з суседак у размове.
— Ды што вы? Наш Мікітавіч яшчэ малайчына. Усё сам! Хоць вайну прайшоў, узрост шаноўны. Яшчэ ў магазін, на крынічку па ваду на мапедзе ездзіць! – з вялікай павагай і цеплынёй адгукнулася яна.
І вось сустрэча. Перада мной нібы волат, казачны герой незвычайнай сілы, удаласці і мужнасці. Рослы, мо каля двух метраў у вышыню. Статны, касая сажань у плячах.
— Колькі ж вам гадоў? – цікаўлюся.
— Па пашпарту 89, але я старэй. На самой справе 91.
А яшчэ падкуплівае яго адкрытая, шчырая ўсмешка. І прамяністыя вочы, у якіх дабрыня.
— Я ж у маладосці кавалём быў, з молатам упраўляюся, — расказвае гаспадар. – Коней падкоўваў, розныя прылады працы майстраваў. У армію на тэрміновую службу прызываўся ў 1940 годзе. Служыў марскім пехацінцам у г. Венеспісле (Латвія). Пасля быў пераведзены ў 114 тсралковы полк, стаў вадзіцелем зенітнай устаноўкі. Я быў трапным стралком, таму камандзір роты назначыў яшчэ прыстрэльваць зброю: кулямёты, аўтаматы і вінтоўкі…
Вайна абрушылася як смерч. Масіраванай бамбардзіроўкай нямецкіх “Місершмітаў”. У небе над іх часцю працавалі адначасова, нібы ў пякельнай каруселі, адразу каля дзесятка варожых самалётаў. Зямля ўздыблівалася, стагнала ад выбухаў… Чырвонаармейцы далі рашучы адпор. У гэтым баі свой першы самалёт збіў і Міхаіл Вароніч.
Пасля іх полк накіраваўся ў Рыгу. Пакуль дайшлі, яе ўжо занялі фашысты. Завязаўся жаркі бой. Умацаваны вораг быў узброены да зубоў, паліваў бесперапынным агнём з кожнага будынка. Яны адчайна супраціўляліся, але сілы былі няроўныя. Там, на вуліцах сталіцы Латвіі, паляглі амаль усе яго баявыя сябры. Жывымі засталіся рэштка. Стаялі да апошняга. Камандзір загадаў: “Адступаць. Ратуйцеся, хлопцы, хто як зможа”.
Яны адступалі па дробналессю, тарфяніках. Нямецкі самалёт-разведчык кружыў у небе, таму мінамёты білі па акружэнцах здалёк прыцэльным агнём. Выжыць практычна было немагчыма. Фашыстам дапамагалі іх прыспешнікі, мясцовыя паліцаі-латышы. Яны праследвалі як ?, дабівалі параненых.
Міхаілу варонічу, як і некаторым яго таварышам, наканавана было прайсці праз канцэнтрацыйныя лаегры ваеннапалонных. Дзе чалавечае жыццё нічога не каштавала, дзе забівалі, палілі, дзе панавалі здзекі, голад, сцюжа, хваробы. Ім забаранялі нават гаварыць. І яны нямелі, бо хацелі жыць і помсціць ненавіснаму ворагу… Аб гэтым згадваць Міхаіл Мікітавіч не можа. Тольбкі губы дрыжаць, слёзы, мука ў вачах.
Некалькі разоў ён спрабаваў уцячы. Лавілі, Білі. Здзекваліся. І новыя пакуты. Ён не скарыўся…
Аднойчы была моцная бамбардзіроўка лагера ваеннапалонных. У тым сапараўдным пекле гінулді і фашысты, і вязні. Ён скарыстаў сітуацыю і зноў спрабаваў шчасце. Удалося. Доўгі час прабіраўся да лініі фронта. Дайшоў! Свае! Збылося!…
Яго хацелі расстраляць. Ужо няма белых плям у гісторыі, і нам, сённяшнім пакаленням, ужо вядома праўда аб вайне без усялякіх прыкрасаў. Яму паверылі, пакінулі жыць, каб справай даказаў сваю адднасць Радзіме. І ён даказаў! У складзе 3-га разведвацельнага артылерыйскага батальёна, 999 асобнага батальёна сувязі прайшоў з баямі Польшчу і ўсю Германію. Мужнасць і стойкасць М. М. Вароніча Радзіма адзначыла ў гады Вялікай Айчыннай вайны высокімі ўзнагародамі: ордэнам “Чырвонай Зоркі” і медалём “За баявыя заслугі”.
ІІІ
Вось і зноў па зямлі Беларусі крочыць вясна, мірная, 65-я! У бяздонная сіні нябёс, гуле трактароў у полі – сяўба ж, квецені першацветаў, з якіх руплівыя пчолы збіраюць нектар. Гэтак жа ў сялянскіх клопатах (узрост не перашкода!) Міхаіл Мікітавіч. Ён з сям’і патомных пчаляроў. Каб не пахадзіць каля пчол, ні дня пражыць не можа.
— Шкада, што сёлета загінула большасць пчоласямей. Але нічога, развяду, — з аптымізмам гаворыць ён. – Што ад сваіх аддзялю, што новы рой злаўлю.
— Мёд прадаеце?
— Ніколі! Хіба што частую людзей, гэта ж лекі для здароўя. Як і праполіс, перга, пыльца і іншыя пчолапрадукты.
Аб пчолах ён можа распавядаць гадзінамі, бо вопыту, сакрэтаў розных хапіла б на дзесятак пчаляроў. А занятак гэты надзвычай крапатлівы, патрабуе і ўмення, і часу, і сілы. Усё гэта , дзякуй Богу, у Міхаіла Мікітавіча ёсць. Ён і сам, такі ж руплівы, што тая пчала. Агульнага працоўнага стажу, улічваючы перыяд вялікай айчыннай вайны, 48 гадоў. З іх тры дзесяцігоддзі адпрацаваў у Бацэвіцкай райсельгасхіміі, райсельгастэхніцы, у большасці шафёрам. І сёння беражліва захоўвае шматлікія падзячныя лісты і ганаровыя граматы за бездакорную працу. Адна з іх датуецца 1968 годам – ад магілёўскага абкама прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі і абласнога аб’яднання сельгастэхнікі.
У чым сэнс жыцця? Над гэтым пытаннем людзі б’юцца даўно. Міхаіл Мікітавіч ведае адказ, з вышыні свайго жыццёвага вопыту і ўзросту ён сцвярджае:
— У тым, каб рабіць дабро. Людзям, блізкім, сваёй сям’і. Інакш марна жыў.
Ён пасадзіў сад, збудаваў хату, выгадаваў дзяцей. Так, яны з Нінай Маркаўнай узгадавалі двух сыноў і дачку, маюць чатырох унукаў і чатырох праўнукаў. А крочаць па жыцці яны разам ужо 63 гады. І да гэтага часу, у 90 гадоў, ён для жонкі надзейнае плячо. Капусту заквасіць, бліноў напячэ, прадукты закупіць і за здароўем любай сочыць, крывяны ціск змерае, лекі даставіць.
— Ён у мяне выдатны! – сцвярджае жанчына.
Жывіце ў радасці, шаноўныя. Доўгага веку вам разам! Побач з вамі і святлей, і надзейней. Бо з вамі праўда, соль жыцця.
Ніна ІЗОХ