“Імянныя” раны дрэў
Нядаўна майскія святы доўга будзе памятаць хваёвы лес, што ўздоўж аўтамабільнай дарогі непадалёк ад вёскі Гонча, на, так званым, сёмым кіламетры. Бо стаў ён ахвярай дзікунства людзей. У цудоўную зону адпачынку прыехала кампанія моладзі. Раздолле. Лес у маладой зеляніне, гаючае свежае паветра, водар траў дурманіць. Побач гладзь возера, альтанка, парадак, чысціня. А што пакінулі пасля сябе гжтыя ўладары прыроды? Вынік на гэтых фотаздымках. Раны на ствалах дзесятка соснаў, з якіх знята кара. Плачуць дрэвы смалковымі слязамі. Завошта? Колькі ж гадзін патрэбна было карпатліва “працаваць”, каб так пакалечыць добры ўчастак лесу. На кожным ствале выразаны вялізныя надпісы “Лёха”, “Маша”, “Таня” і г. д. Гэта, мусіць, каб кожны, хто прыйдзе сюды адпачываць або па лясныя дары, ведаў, як завуць гэтых варвараў або іх дзяўчат. Толькі ці будуць радыя таму апошнія “Аўтографы” ж лес будзе загойваць доўга. Можа пабачыўшы гэтыя фотаздымкі ў газеце, “аўтары” хоць са спазненнем, але ж адчуюць мукі сумлення.
У непрыгодны стан адпачываючыя прывялі і саму альтанку. Таму лясгас вымушаны закрыць гэту раней найпрыгажэйшую зону адпачынку.
На сённяшні дзень ДЛГУ “Клічаўскі лясгас” мае ўздоўж аўтамабільных дарог раёна 7 зон адпачынку, на якіх устаноўлена 26 альтанак, кожная з іх малая архітэктурная форма – упрыгожванне дзіўных куткоў прыроды. Каб стварыць усе ўмовы для адпачынку падарожнікаў і насельніцтва, пастаянна падтрымліваць іх у належным стане, робіцца нямала. Штодня леснікі наводзяць тут парадак, чысцяць, прыбіраюць, рамантуюць паламанае, ўзнаўляюць тое, што руйнуюць адпачываючыя. А гэта, у першую чаргу, паказчык агульнай нізкай культуры людзей.
Адзначу, што толькі за сёлетні красавік на рамонт і добраўпарадкаванне зон адпачынку наша прадпрыемства зрасходвала больш за 2 мільёны рублёў.
Але ж як ацаніць урон прыродзе? Сёння да парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства існуюць розныя меры спагнання, у асноўным штрафныя санкцыі. Але ці ўратуе гэта лес, ён жа – лёгкія зямлі, наш зялёны сябар. Будзем жа разумнымі і міласэрнымі.
Алена ПОРСІК,
інжынер па лесааднаўленню
ДЛГУ “Клічаўскі лясгас”