У вёсцы Заполле бабулю Анастасію Макараўну Завалей людзі добра ведаюць і паважаюць за партызанскае мінулае. Жыве Анастасія Макараўна разам з дачкой Нінай Пятроўнай, малажавай, прыгожай жанчынай. Нягледзячы на ўзрост, а былой партызанцы ўжо далёка за 80, мае светлы розум, жвавая і гаваркая. Аднак здароўе ўжо слабае. Вось і нядаўна нейкі час ляжала ў бальніцы пад наглядам дактароў. Вельмі баляць ногі з тае самае пары, калі яна ў складзе партызанскага атрада ўдзельнічала ў спецаперацыі ў вёсцы Казулічы. Было гэта на Тройцу. Партызаны назначылі аперацыю на вечар, немцы ўжо ўклаліся спаць і таму, калі пачаліся стрэлы, многія выскоквалі з ложкаў і ў ісподняй бялізне выпрамеццю беглі, куды вочы бачаць. Добра дасталося ім ад партызан у той вечар. Насценька, так часцей за ўсё называлі яе хлопцы-партызаны, вярталася ў распалажэнне атрада, а на шляху ёй трапілася траншэя. Каб пераадолець яе, давялося прыгаць. Перапрыгнуць то перапрыгнула, ды ногі сур’ёзна пашкодзіла. Так і баляць ужо больш за 60 гадоў.
Макараўна ахвотна і нетаропка распавядае аб падзеях тых страшных дзён, калі часта ўчынялася страляніна, узрываліся міны, снарады, а то і бомбы, калі наляталі самалёты і ўчынялі аблавы і блакады варожыя салдаты.
Успамінала імёны і прозвішчы родных і блізкіх людзей, нанава перажывала даўно перажытыя, але не забытыя гады ваеннага ліхалецця.
Найбольш ярка ў гэтых успамінах паўстаў вобраз яе бацькі, Макара Ільінчыка, які працаваў старшынёй калгаса, а калі напалі немцы, запісаўся ў партызанскі атрад.
Жыццё не балавала Макараўну, а хутчэй выпрабоўвала. Яшчэ перад вайной заўчасна памерла маці, пакінуўшы дзяцей. Бацька большасць часу праводзіў на рабоце, а вяла гаспадарку і даглядала дзетак 17-гадовая Анастасія.
Калі скончылася вайна, выйшла замуж за Пятра Яўхімавіча Завалея, адчайнага, шмат разоў параненага партызана. З ім нажылі пяцера дзяцей. У жывых засталіся Анатоль, Валянціна, Ніна і Таісія. Не доўга пражыў Пятро Яўхімавіч, памёр маладым. І Макараўна была сваім дзецям за тату і за маму. Добрымі людзьмі сталі яе дзеці, яны падаравалі ёй 11 унукаў, а тыя ўжо 10 праўнукаў. Так што не дарэмна змагалася Анастасія Макараўна з праклятым ворагам. Яе дзеці, унукі і праўнукі, ды і мы ўсе шчыра ўдзячны ёй за мір і спакой на зямлі.
А. СУДНІК