Дарогай мужнасці і доблесці

Шматлікія  баявыя  ўзнагароды ўпрыгожваюць  пінжак  86-гадовага  ветэрана  Вялікай  Айчыннай  вайны,  былога  станкавага  кулямётчыка  Аляксея  Фёдаравіча  Шаўчонка  з  вёскі  Новы  Востраў.  Яшчэ  раз  тым  сцвярджаюць,  што  жыццё  сваё  ён  пражыў  не  марна.  Узнагароды – ордэн  Вялікай  айчыннай  вайны,  медалі  «За  адвагу» «За  вызваленне  Прагі» «За  перамогу  над  германіяй»,  «За  перамону  над  Японіяй» і  іншыя.

Вайна  для  Аляксея  Шаўчонка  пачалася  на  акупіраванай  тэрыторыі  роднай  Клічаўшчыны.  Яму  і  17  тады  яшчэ  не  споўнілася.  Мужчыны  былі  на  фронце,  у  вёсках  засталіся  старыя  і  малыя,  падлеткі.  Давялося  зведаць  усю  «ласку»  фашыстаў  і  іх  прыхвасняў  паліцаяў,  голад  і  холад,  хавацца  ў  лесе, каб  не  трапіць  у  лік  тых  многіх  маладых,  якія  насільна  былі  вывезены  ў  германію,  не  зведаць  лёс  раба.

А  завяршылася  Вялікая  Айчынная  для  Аляксея  Фёдаравіча  ў  Празе.  Франтавымі  дарогамі,  пасля  вызвалення  раёна  Чырвонай  Арміяй  у  ліпені  1942  года,  ён  прайшоў  у  складзе  787-га  стралковага  і  63-га  механізаваных  палкоў.  У  адным  з  жорсткіх  баёў  пры  вызваленні  Польшчы  быў  цяжка  паранены.  Пасля  лячэння  ў  шпіталі – зноў  у  строй,  хоць  урачы  хацелі  камісаваць.  Ён  быў  катэгарычна  не  згодны.  Запісаўся  добраахвотнікам  у  маршавую  роту  еханізаванага  корпуса.  Баявыя  шляхі-дарогі  ўжо  пасля  Вялікай  Перамогі  над  карычневай  чумой  прывялі  яго  на  Квентунскі  паўвостраў, порт  Артур,  што  на  ўзбярэжжы  Жоўтага  мора.  Тут  савецкія  войскі  дапамагалі  Кітаю  адстойваць  сваю  незалежнасць  ад  мелітарысцкай  Японіі.

Прапахлы  порахам  баёў,  загартаваны  выпрабаваннямі  і  нягодамі  ў  родную  Беларусь  Аляксей  Шаўчонак  вярнуўся  толькі  ў  1949  годзе.

Вось  ужо  65  гадоў  па  зямлі  Беларусі  крочыць  мірная  вясна.  Ёй  радуюцца  сёння  ўжо  нашчадкі  А. Ф. Шаўчонка.  Разам  з  вернай  сяброўкай  жыцця  Зінаідай  Фёдараўнай  яны  ўзгадавалі  чацвёра  дзяцей,  разам  перажываюць  чорнае  гора,  дзеляць  радасці,  маюць  9  унукаў  і  шасцёра  праўнукаў.  Усё мірнае  жыццё  было  напоўнена  стваральнай  працай.

У  светлы  Дзень  Перамогі  за  сямейным  святочным  сталом  узгадае  ветэран  сваіх  баявых  сяброў.  Тых,  хто  застаўся  маладым  назаўсёды  і  тых,  хто  жывы.  Іх  подзвіг  быў  у  імя  Радзімы,  у  імя  жыцця,  міру  і  свабоды.

Н. ІЗОХ

Добавить комментарий