Жывыя галасы гісторыі

Галоўнымі  рысамі  многіх  пакаленняў  беларусаў  з’яўляюцца  пачуццё  гонару  за  сваю  краіну, свой  народ,  мінулае  і  сучаснасць,  вялікі  патрыятызм,  які  выхоўваецца  і  перадаецца  з  пакалення  ў  пакаленне.  Патрыятычнае  выхаванне  падрастаючага  пакалення – адна  з  важнейшых  задач  у  рабоце  педкалектываў школ  раёна,  устаноў  культуры,  ідэалагічнай  вертыкалі. Яна  ўключае  ў  сябе  сустрэчы,  гутаркі  ветэранаў  вайны  з  навучэнцамі,  іх  удзел  у  патрыятычных  акцыях  і  г. д.

Так,  нядаўна  адбылася  сустрэча старшакласнікаў  СШ  № 2  з  ветэранамі Вялікай  Айчыннай  вайны  Яўгенам  Георгіевічам  Гурбо  і  Міхаілам  Сцяпанавічам  Ступенем,  якія  былі  не  проста  сведкамі,  але  і  ўдзельнікамі  ваенных  падзей.  Я. Г. Гурбо  ваяваў  на  першым  Беларускім  фронце,  удзельнічаў  у  вызваленні  Беларусі  і  Польшчы  ад  нямецка-фашысцкіх  акупантаў.  Узнагароджаны  ордэнам  Вялікай  Айчыннай  вайны  ІІ  ступені,  медалямі.  А  складзе  трэцяга  Беларускага  фронту  дайшоў  да  Берліна  радавы  М. С. Ступень,  быў  паранены.  Сярод  баявых  узнагарод – ордэн  Вялікай  Айчыннай  вайны  І  ступені, медалі.  З  цікавасцю  слухалі  школьнікі  расказы  відавочцаў  аб  падзеях  той  далёкай, вогненнай  пары,  задавалі  пытанні.

Супрацоўнікі  бібліятэкі,  вядучыя  І. А. Станкевіч  і  В. Н. Фясько  чыталі  вершы беларускіх  паэтаў,  прысвечаныя  тым,  хто, не  шкадуючы  свайго  жыцця,  змагаўся  на  франтах,  у  партызанскіх  атрадах,  праявілі  мужнасць,  стойкасць  і  гераізм  у  барацьбе  з  ворагам.

Настаўніца  СШ  № 2  С. А. Маркава  шчыра  падзякавала  ветэранам  Вялікай  Айчыннай  вайны  за  мужнасць, гераізм,  за  наша  светлае  сёння.  «Мы  не  маем  права  забываць  пра  тых  салдат  вайны,  якія  загінулі  за  мір  і  спакой», — падкрэсліла  Святлана  Аляксандраўна.

У  завяршэнні  сустрэчы  ветэранам  былі  ўручаны  памятныя  падарункі.

І. Станкевіч, бібліятэкар  аддзела

абслугоўвання  ЦРБ.

Добавить комментарий