Вандроўка па родным краі: горад Горкі

размещено в: Наши новости | 0

Акурат у канцы жніўня група актывістаў раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства ветэранаў вайны і працы» з мэтай абмену вопытам і знаёмства з нашай малой радзімай наведала Горацкі раён.

З раніцы стаяў густы туман, аднак ён хутка асеў, і мы любаваліся краявідамі, што праносіліся за акном аўтобуса: шырокімі дагледжанымі палямі, пералескамі, ветракамі, узгоркамі. На- двор’е спрыяла падарожнікам, дазволіла ўсім пераканацца ў праўдзівасці прагнозу сіноптыкаў: пераменная воблачнасць, кароткачасовы дождж, месцамі дождж моцны.

Хлеб-соль і шчырыя ўсмешкі

На трасе, перад уязной брамай у Горкі, хлебам-соллю, прывітальнай песняй нас сустрэлі гаспадары Сяргей Іванавіч Шынялёў, старшыня, і Святлана Іванаўна Паўлоўская, адказны сакратар Горацкай раённай арганізацыі «Беларускага таварыства ветэранаў вайны і працы», самадзейныя артысты, актыўныя ўдзельніцы клуба па інтарэсах раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Лядовы палац і прагулка па батанічным садзе

Як вядома, райцэнтр Горкі ў 2012 годзе стаў сталіцай рэспубліканскага кірмашу «Дажынкі». Населены пункт вельмі папрыгажэў і займеў вялікія сацыяльныя і культурныя аб’екты: лядовы палац і амфітэатр. Утульны і чысты горад нават у пахмурны дзень выглядае ярка. Тут шмат кветкавых кампазіцый і арыгінальных клумбаў.

Мы наведалі лядовы палац і амфітэатр, прагуляліся па цэнтральнай пло-шчы і Алеі герояў, усклалі кветкі да помніка двойчы Герою Савецкага Саюза маршалу Якубоўскаму, да мемарыялаў «Журботная маці» і ахвярам вайны.

Уразіла ўсіх і захапіла прагулка па батанічным садзе і аранжарэі на тэрыторыі сельгасакадэміі. Экзатычныя дрэвы і хвойнікі, безліч колераў, кветкі і зялёныя насаджэнні, якімі немагчыма не любавацца. Пакрытыя буйнымі кроплямі расы духмяныя травы, дрэвы і кусты выклікалі пачуццё задавальнення і наталялі душу тым непадробным таямніцтвам, на якое здольная толькі прырода.

Мемарыяльны комплекс

У Горацкім раёне ў пасёлку Леніна знаходзіцца мемарыяльны комплекс, які аднолькава дарагі беларусам і палякам і з’яўляецца сімвалам беларуска-польскай баявой садружнасці.

12 кастрычніка 1943 года першая польская пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі пад камандаваннем генерала Зігмунда Берлінга, сфарміраваная на тэрыторыі СССР з польскіх патрыётаў і ўзброеная савецкай тэхнікай, уступіла ў свой першы бой з гітлераўскімі захопнікамі.

За мужнасць і гераізм 239 польскіх воінаў, якія змагаліся разам з савецкімі салдатамі, прарвалі варожую абарону і захапілі вышыню, былі ўзнагароджаны 239 савецкімі і 247 польскімі ордэнамі і медалямі. А капітану Уладзіславу Высоцкаму і аўтаматчыцы Анэлі Кжывань прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Ад пасёлка Леніна пачаўся пераможны шлях польскіх воінаў да Варшавы, а потым і да Берліна.

У брацкіх магілах пад Леніна спачываюць 1711 савецкіх салдат і 502 польскія воіны. На гераічнай вышыні цяпер размешчаны музей савецка-польскай баявой садружнасці. Тут у 1968 годзе быў адкрыты мемарыяльны комплекс, які ўключае Абеліск памяці загінуўшым і будынак музея ў выглядзе вялізнай салдацкай каскі. Цэнтральнае месца ў музеі займае дыярама «Бой пад Леніна». На вялікіх мармуровых плітах увекавечаны імёны ўсіх загінуўшых у гэтым баі. Сярод экспанатаў – сцягі савецкіх і польскіх частак, якія прымалі ўдзел у баях, зброя, узнагароды, матэрыялы пра ўдзельнікаў і іх асабістыя рэчы.

Аліна СУДНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.